Прынцып моўнай эканоміі заўсёды праточыць сабе дарогу. Калі беларускай мове словы накшталт «ветурач» ці «тэхумовы» традыцыйна не ўласьцівыя, то імкненьне ашчаджаць моўныя намаганьні выявіцца інакш.

Цяпер пісаць сьцісла нас вымушаюць інфармацыйныя тэхналёгіі. СМС-весткі абмежаваныя 160 знакамі лацінкай без дадатковых (дыякрытычных) знакаў ці 70 сымбалямі кірыліцай. Паведамленьне ў Twitter не даўжэйшае за 140 знакаў (таму гэтая сетка найбольш прымальная для мяне — не патонеш у доўгіх тэкстах. І выйгрышная для японскай і кітайскай, якія карыстаюцца ерогліфамі, бо ў іх кожны знак перадае ня гук, а слова ці яго частку).

Інтэрфэйс Tвітэру на розных мовах

На мапе колерамі пазначаныя твітэрныя конты на розных мовах. Добра відаць, скажам, Каталёнію — жоўтую пляму паміж франкамоўным і гішпанамоўным абшарамі. А вось Менск і Беларусь (зрэшты, як і Ўкраіна) — такога самага колеру, як і Расея. У выніку глядач вырашае, што тут суцэльная расейскамоўная прастора, хаця пры ўкладаньні мапы ўлічвалася мова інтэрфэйсу, выбраная карыстальнікам, — а сярод іх пакуль няма беларускае мовы. Аднак у твітэрным жанры яна пачуваецца камфортна: даволі эканомная.

Рэсурсы эканоміі беларускай мове дае граматыка. Прыкладам, параўнальна з расейскаю, у нас карацейшыя канчаткі прыметнікаў мужчынскага роду назоўнага склону: белый — белы, дзеясловаў адзіночнага ліку 3-й асобы 1 скланеньня: пишет — піша. Хаця бывае і наадварот. Гэта асобныя словы. Але беларускія тэксты (сказы) і сапраўды часьцей карацейшыя за расейскія (гэта ведаюць рэдактары й выдаўцы) і нават за ангельскія:

 

To be continued
Продолжение следует

Працяг будзе

Ангельская мова выпрацавала шматлікія скароты словаў для кампактных тэкставых жанраў:

Стыхійна ўзьнікаюць і беларускія СМС-скароты накшталт

Дз. ’дзякуй’

КЛ ’калі ласка’

Гэта графічныя (пісьмовыя) скароты. Чытаюць іх у «расшыфраваным» выглядзе.

Але ў жывой народнай і ў традыцыйнай літаратурнай беларускай мове ёсьць варыянты часта ўжываных словаў, якія і каротка вымаўляюцца, і адпаведна пішуцца.

До спаць! Паўстаньце грамадою
I йдзіце ім там памагаць,

Паўстаньце крэпасьцю такою,
Каб вораг вас ня мог зламаць.

Янка Купала. «Там». 1906

До — гэта досыць.

Мандравала двох братоў і змэнчыліся надта. Ажно пад вечар прыйшлі на могілкі, так старшы кажа: «Пераначуйма тудакава!» Паклаліся яны спаць, малодшы заснуў, а старшага сон ніяк не бярэ. Апоўначы чуе: трашчыць нештась. Сьпёрся на локці і слухае. Ажно выходзіць труна, а з тае труны вылез чалавек і пайшоў. Ён што робячы ўлез у труну і ляжыць. Нібавам прыходзіць той мрэц і як угледзеў его, так пытае: — Хто тут? — А ён ка’: — Я! — Вылазь! — Не — ка’, — ня вылезу! Скажы, дзе быў? — Мрэц ка’: — Вылазь! — Не, скажы, дзе быў? — Так ён ка’: — На вясельлі. Вылазь! — Не, скажы, што ты там рабіў? — Вылазь! — Не, пакуль ня скажаш, што ты там рабіў, то ня вылезу. — Мрэц его прасіў, маліў, нарэшце мусіў прызнацца: — Маладых, — ка’, — вужамі парабіў.

Фальклярыст Міхал Федароўскі у канцы XIX ст. запісаў гэты сюжэт у в. Шандры ля Мсьцібава, цяпер Ваўкавыскі раён.

Міхал Федароўскі. «Lud Białoruski na Rusi Litewskiej» у 7 тамах, 1897–1969.

Міхал Федароўскі. «Lud Białoruski na Rusi Litewskiej» у 7 тамах, 1897–1969.

Маеце сцэнар фільму жахаў, ня горшы за Гогалевага Вія. А слова ка’, як лёгка здагадацца, — абсечаная форма ад кажа. Фіксуецца такая форма ў многіх рэгіёнах (на паўночным усходзе адпаведна дыялектнай граматыцы дзеяслова — каэць ад кажэць).

Перад намі цэлая моўная зьява:

мо, нат, зара, шчэ, трэ, до, ё, ка

Тут словы розных часьцінаў мовы ды функцыяў.

можа = мо, нават = нат

зараз = зара, яшчэ = шчэ

трэба = трэ, досыць = до

ёсьць = ё; кажа, кажуць = ка

Таксама карацейшыя варыянты маюць прыназоўнікі паміж = між, каля = ля, няхай = хай.

Некаторыя словы (ё = ёсьць) бытуюць як асноўная (звычайная) форма ў гаворках.

— А за Гомлем людзі ё?

— Ё, толькі дробненькіЁ!

Згаданае вышэй ёмістае слова до, і ня менш ёмістае досыць, і сынонім да іх годзе нярэдка забываюць, а ўжываюць слова хопіць, якое выглядае на кальку з расейскага хватит. Добрая гомельская ініцыятыва «Хопіць піць — трэба жыць» магла б звацца лепей: «Годзе піць…» або нават «До піць — трэ жыць!»

Бальшыню гэтых формаў (словаў) у акадэмічных даведніках савецкай пары падавалі, але (ці не з прычыны браку аналягічных у расейскай мове) запісвалі ў «размоўныя». Скажам, мо, нат, трэ ў шасьцітамовым Тлумачальным слоўніку 1970–80-х гадоў. Хаця ў якасьці ілюстрацыі — радкі М. Танка: Дыміць туман. Мо лепш перачакаць, Пакуль зара не прыадчыніць дзьверы? — што ж тут размоўнага?

І сапраўды, словы гэтыя ўвечненыя нашымі клясыкамі ў найбольш узьнёслых творах, зьмест і настрой якіх далёкія ад нефармальна-«размоўнага»:

Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся
Прадалі і аддалі ў палон?

Максім Багдановіч. «Пагоня». 1916

Цікава, што абсячэньне слова крыху мяняе ягоную інтанацыю ды паўзы. Скажам, мадальнае слова можа звычайна вылучаецца коскамі, а слова мо — не вылучаецца.

Расейская мова такой зьявы ня ведае. Мо таму, што ў расейскай моўнай плыні ненаціскныя галосныя могуць зусім прападаць (пжалста, какгрится), і так забясьпечваецца эканомія ў вуснай мове. Лявон Вольскі іранічна малюе вобраз героя, устаўляючы русізм у беларускі моўны рытм:

Адзін зь іх Юзік,
Другі, какгрыцца, Казік…
Казік і Юзік песьня

У беларускай жа мове галосныя не «зьядаюцца» і практычна не мяняюць тэмбру нават не пад націскам. Рытм беларускага маўленьня больш раўнамерны. Кажам выразна: мАлАкО, не [мълъко] (рас.). У нашай мове часта ўжываныя словы скарачаюцца коштам пропуску цэлых складоў у канцы або пачатку слова (акрамя нат), а не асобных галосных.

Для несавецкіх беларускіх мовазнаўцаў і мэтадыстаў гэтыя формы былі важнай катэгорыяй, яны лічылі неабходным уключаць іх асобнай тэмай нават у лемантары. Вось старонка «Скарочаныя словы» з заходнебеларускага лемантара лацінкаю.

Siarhiej Paŭłovič. Zasieŭki. Biełaruski lemantar dla chatniaha navučańnia. Vilnia, 1937. Cana 50 hrošaŭ. Зь бібліятэкі аўтара артыкулу.

Siarhiej Paŭłovič. Zasieŭki. Biełaruski lemantar dla chatniaha navučańnia. Vilnia, 1937. Cana 50 hrošaŭ. Зь бібліятэкі аўтара артыкулу.

Тут абсячэньне пазначана апострафам. У беларускай лацінцы апостраф не ўжываецца так, як у кірыліцы, адзіная функцыя ягоная — паказваць скарот аналягічна як у ангельскай ці францускай: haven’t = have not, d’ = de.

У кірылічным беларускім пісьменстве міжваеннай пары, а таксама і ў пазьнейшыя часы, скажам, у Яна Станкевіча, такія словы таксама пісаліся з апострафам на месцы скароту.

Але ў кірыліцы апостраф найперш мае іншую ролю — паказвае, як чытаецца галосная літара пасьля яго: абед ці аб’едкі. Таму апошнім часам абсечаныя словы, прынамсі, у кірыліцы, абыходзяцца без апострафа. Заадно эканомім знак для Твітэру ці СМС-весткі. Тады месца будзе до.

Як скараціць twitter-паведамленьне:

Як скараціць СМС-паведамленьне:

Дз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?