Камандуючым Адзінай рэгіянальнай сістэмай супрацьпаветранай абароны (АРС СПА) Беларусі і Расіі прызначаны камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Алег Двігалёў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 28 жніўня ў Мінску паведаміў міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін.

Паводле яго слоў, рашэнне аб прызначэнні камандуючага прынята прэзідэнтамі дзвюх краін.

Пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб сумеснай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні АРС СПА было падпісана 3 лютага 2009 года міністрамі абароны дзвюх краін. 28 снежня таго ж года прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў федэральны закон аб ратыфікацыі гэтага міжнароднага акта, пасля таго як адпаведныя рашэнні былі прыняты Дзяржаўнай думай і Саветам Федэрацыі Федэральнага сходу РФ.

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў пагадненне 13 лютага 2012 года ўказам № 65.

Аснову АРС СПА складаюць органы ваеннага кіравання, пункты кіравання (камандныя пункты), аб’яднанні, злучэнні і вайсковыя часці бакоў, якія прыцягваюцца да вырашэння задач супрацьпаветранай абароны ў рэгіёне згодна з пералікам, што зацвярджаецца міністрамі абароны дзвюх краін у трохмесячны тэрмін з дня ўваходжання ў сілу пагаднення.

Галоўнымі задачамі АРС СПА з’яўляюцца разведка, ахова і абарона знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы, кантроль за выкананнем правілаў выкарыстання паветранай прасторы ў рэгіёне. Яна павінна прымушаць паветраныя судны, якія выконваюць палёты з парушэннямі, спыніць парушэнні або перарываць такія палёты, а таксама павінна прыкрываць зенітнымі ракетамі найбольш важныя аб’екты ў рэгіёне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?