Не ведаю, ці будзе гэты фільм, пра які цяпер так шмат спрачаюцца ў Польшчы, паказаны ў Беларусі. Нарад ці… Тут і грошы, як заўсёды… І іншыя меркаванні магчымыя. Але я б хацеў, каб у нас фільм, які па-польску называецца Pokłosie (у перакладзе — «Наступствы»), калі яго ўсё-ткі пакажуць, ішоў пад назвай «Нязжатае». Таксама, прызнаю, варыянт не найлепшы. Але

ў слове pokłosie каранёвая частка — «kłos», што ў перакладзе азначае «колас». А pokłosie гэта тое, што засталося на полі пасля ўборкі калосся, пасля жніва. У фільме Пасікоўскага гэта метафара, якая ўзыходзіць да самых балючых праблемаў польскай нацыянальнай памяці.

Аўтар такіх знакамітых трылераў, як «Дэманы вайны» і «Псы», Пасікоўскі не здрадзіў сваёй жорсткай манеры і ў новым фільме. Пра сюжэт.

Самы пачатак трэцяга тысячагоддзя. Пасля дваццацігадовай адсутнасці з Амерыкі прыязджае ў Польшчу, у родную вёску Францішак Каліна. Ён быў вымушаны пакінуць краіну незадоўга да ўвядзення надзвычайнага становішча з-за сваёй блізкасці да дысідэнцкіх колаў.
Цалкам паспяховы амерыканскі грамадзянін, Францішак пасяляецца ў свайго брата Юзафа і хутка даведваецца, што ў таго складаныя адносіны з аднавяскоўцамі.
Аказваецца, Юзаф заняты дзіўнай справай, якую асуджаюць землякі — ён выкопвае габрэйскія надгробныя пліты, якімі ў час вайны немцы масцілі дарогі, і ўсталёўвае іх у сваім полі.
Іх ужо некалькі сотняў, гэтых мацэйваў з надпісамі на ідышы і на іўрыце. Францішак не ўхваляе гэтага занятку брата, але вельмі хутка пачынае дапамагаць яму. Больш за тое, у мясцовым архіве ён даведваецца пра тое, што многія добрыя дамы ў іх вёсцы і ладныя зямельныя надзелы, якімі валодаюць цяперашнія жыхары, раней належалі габрэям.
І, урэшце, перад братамі раскрываецца жудасная таямніца, найстражэйшае табу ў іх вёсцы: аказваецца, габрэі, што тут жылі, не былі знішчаныя немцамі — іх масавае забойства было справай рук аднавяскоўцаў-палякаў.
І самае горкае і цяжкае адкрыццё:
у гэтых забойствах актыўны ўдзел браў іх памерлы бацька.
Паміж братамі адносіны і без таго былі напружаныя, але гэтая вестка справакавала жорсткую бойку паміж імі.
Францішак вырашае вярнуцца ў Амерыку. У аўтобусе, які вязе яго з вёскі, ён даведваецца пра тое, што нешта страшнае здарылася з Юзафам. Вяртаецца і знаходзіць яго распятым у стадоле.

Не дарма Мацей Стухр, выканаўца ролі Юзафа Каліны, у адным з інтэрв’ю сказаў, што перад праглядам гэтага фільма не лішняе — выпіць чарку гарэлкі. Апошнія кадры сціскаюць горла. Хаця разумееш, што аднавяскоўцы Юзафа не маглі здзейсніць такое. Забіць — цалкам магчыма, асабліва па п’янай справе. Але распяцце (ukrzyżowanie) чалавека ў сучаснай польскай вёсцы — рэч фантастычная. Тады што ж гэта?

Не ведаю, як іншыя гледачы, а я ўспрыняў заканчэнне фільма як метафару: Юзаф стаў збавіцельнай ахвярай за жудасныя грахі аднавяскоўцаў, падобна да той, якую прынёс Ісус Хрыстос. Вы, што лічыце сябе каталікамі, вінаваціце габрэяў у распяцці Хрыста? І вось я, паляк, каталік, іду на крыж за вашыя грахі.

Але, можа быць, усе гэтыя думкі і здагадкі — толькі вобразная патэтыка. Таму што

самае галоўнае ў паводзінах Юзафа — гэта тое, што ён у справе збірання габрэйскіх надгроб’яў не кіруецца нейкімі высокімі меркаваннямі. Ён чыста па-чалавечы, на нейкім інстынктыўным узроўні адчувае, што гэта кепска, не па-людску, не па-хрысціянску, калі плітамі з габрэйскіх могілак вымашчаныя дарогі і падворкі,
што трэба належна ставіцца да памяці загінулых людзей. Ён і не думае, што ў вёсцы гэта ўспрымуць з непрыяззю, якая перарасце ў агрэсію, што ягоная дзейнасць не толькі прымусіла спалохацца аднавяскоўцаў з-за таго, што ў іх могуць адняць прыўлашчанае імі ў гады вайны чужое дабро (у камуністычны час гэта было немагчыма, а цяпер, калі Польшча — дэмакратычная дзяржава і сябра Еўрасаюза, разгляд іскаў сапраўдных спадкаемцаў цалкам дапушчальны).
Дзеянні Юзафа не толькі абудзілі старых дэманаў антысемітызму, але і нагадалі пра тое, што здавалася забытым назаўсёды, пра што не хацелася згадваць — пра злачынствы бацькоў і дзядоў, якія забілі сваіх аданавяскоўцаў-габрэяў. Але недзе ў глыбінях сумлення жыла і катавала нераскаянасць у самым страшным граху.

Фільм Пасікоўскага, канечне ж, прымусіў згадаць пра надзвычайна вострую і шырокую палеміку, якая распачалася ў Польшчы больш за дзесяць гадоў таму, калі выйшла кніга амерыканскага гісторыка Яна Томаша Гроса «Суседзі» пра падрабязнасці знішчэння (спалення жыўцом) жыхарамі размешчанага паміж Ломжай і Беластокам мястэчка Ядвабнэ больш за тысячу сваіх аднавяскоўцаў-габрэяў у ліпені 1941 года. І вось, як і дзесяць гадоў таму,

Польшча кіпіць. Адзін бок дакарае (гэта мяккі выраз) стваральнікаў фільма Pokłosie за антыпольскасць, вінаваціць у паклёпе на польскі народ, на польскую вёску, заклікае прыгадаць пра віну перад палякамі габрэяў, якія радасна сустракалі Чырвоную Армію ў верасні 1939 года, а ў паваенныя гады служылі ў органах бяспекі Народнай Польшчы, былі суддзямі і пракурорамі, што асуджалі польскіх патрыётаў, у тым ліку салдат і афіцэраў Арміі Краёвай. Нагадваюць і пра тое, што былі палякі, якія з рызыкай для ўласнага жыцця ратавалі габрэяў. Іх апаненты гавораць і пішуць пра неабходнасць усведамлення поўнай праўды польскай гісторыі з як гераічнымі, так і чорнымі старонкамі, пра тое, што без такога усведамлення немагчыма вырваць джала антысемітызму, якое труціць розум і сёння.

Ксёндз-дамініканец Томаш Дастатні піша, што фільм Pokłosie — «гэтая нашая размова польска-польская. Добра, што на ўзроўні масавай культуры мы вядзем разлік з нашай цяжкой гісторыяй… Гэты фільм падобны катарсісу… Прашу тых, хто лічыць сябе хрысціянамі, у сваіх выступах не забываць пра неабходнасць рэлігійнага ачышчэння і яднання… Шкада, што да гэтага часу не чутно галасоў кіраўнікоў нашага Касцёла, як гэта было ў 2001 г. (калі разгарэлася палеміка пра Ядвабнэ і Касцёл выступіў з заклікам да пакаяння і просьбай аб дараванні віны палякаў перад габрэямі. — СБ). У многіх каталікоў склалася ўражанне, што пасля смерці Яна Паўла II і архіепіскапа Жыцінскага (якія выступалі за асуджэнне антысемітызму. — СБ) склалася нейкая сітуацыя паліткарэктнасці, якая бярэ верх над сумленнем. Як людзі Касцёла, мы не можам займацца падлікамі таго, што нам выгадна і нявыгадна, каго мы пакрыўдзім і хто глядзіць на нас нядобрым позіркам…

Ян Павел II казаў, «што народ, які губляе памяць, перастае быць народам».

Важнейшая думка, якая выводзіць фільм Pokłosie па-за рамкі ўласна польска-габрэйскіх адносін.

Сапраўды, ці не тады мы перастаем быць людзьмі, калі губляем памяць пра тых, з кім жылі побач?
Знамянальная ў гэтым плане сцэна на могілках, дзе ля магілы бацькоў Юзэф кідае Франаку папрок: ты з’ехаў у Амерыку, пакінуў тут маці… І калі Франак кажа, што гэта цяпер не мае значэння, бацькі памерлі, Юзэф ускідваецца: «Можа быць, для цябе!»

Нельга не пагадзіцца з кінакрытыкам Тадэвушам Сабалеўскім, які напісаў, што тут «ключ да драмы», у гэтых балючых і вечных па сутнасці пытаннях: ці жывыя мёртвыя ў нашай памяці? Што мы можам для іх зрабіць? І калі аказваецца, што бацькі ў нечым вінаватыя, то ці пераходзіць гэтая віна на нас? Тэмы, між іншым, перагукаюцца з паэмай Адама Міцкевіча «Дзяды».

У адным з інтэрв’ю Уладзіслаў Пасікоўскі сказаў, што яму блізкі сінтаізм, у якім вяршэнствуе старажытны японскі культ продкаў. Не ведаю, наколькі сінтаісцкія матывы натхнялі рэжысёра. Але самае неверагоднае ў фільме — адчуванне, што габрэйскія мацэйвы цалкам натуральна, без усялякай сімволікі становяцца свайго роду сямейнай памяццю для звычайнага паляка, нармальнага каталіка.

Сапраўды, цені сваіх і чужых продкаў сустрэліся, перапляліся і цяпер жывуць, існуюць у прасторы агульнага сумлення і памяці.

Так, засталося pokłosie, то самае нязжатае ў польскай гісторыі, у польскім жыцці. Цяжкае, трагічнае. Але палякі мужны народ. Яны імкнуцца глядзець праўдзе ў вочы.

* * *

Разважаючы пра Pokłosie, пра грамадскія буры і палемікі, якія суправаджаюць гэты фільм, у каторы раз дзіўлюся і захапляюся нацыянальным тэмпераментам палякаў, іх неабыякавасцю да ўласнай гісторыі, як даўняй, так і самой што ні на ёсць сучаснай. Вось нацыя, у якой спрэчкі ў крыві! Не заўсёды, вядома, яны ішлі на карысць. Я маю на ўвазе, кажучы па-польску, тыя bałagany, якія судзейнічалі нацыянальным катастрофам. Але калі казаць пра пошукі шляхоў, пра неверагодную шчырасці і адкрытасць у спрэчках аб нацыянальнай гісторыі, аб сучасным стане грамадства, то тут, здаецца, палякам няма роўных.

Вось і сучаснае польскае кіно настойліва ўрываецца ў самую надзённую праблематыку грамадства. Дваццаць гадоў таму, калі Польшча стала незалежнай дэмакратычнай дзяржавай, для палякаў вельмі важна было аднавіць старонкі сваёй гераічнай гісторыі, прыпасці да жыватворных крыніц нацыянальнай класікі. З’явіліся фільмы, у аснове якіх былі раманы Генрыка Сянкевіча, паэзія Міцкевіча. А вось зараз прыйшло тое, што ў крытыцы называюць «кіно палітычных турботаў», па аналогіі з «кіно маральных турботаў» 1960–1970-х гадоў, сімваламі якога былі Кшыштаф Кясьлеўскі і Кшыштаф Занусі.

Вось толькі назвы фільмаў, якія яшчэ не выйшлі на экран, але пра якія ўжо спрачаюцца.

«Валенса» — фільм Анджэя Вайды, ужо зняты. Цяпер ідзе мантаж, карціна з’явіцца на экранах вясной будучага года.
Стаўленне да былога лідара «Салідарнасці», які змяніў на прэзідэнцкім пасту Войцаха Ярузельскага, у польскім грамадстве далёка не адназначнае. Яшчэ знакаміты драматург і пісьменнік, вядомы ў нас галоўным чынам як аўтар п’есы «Антыгона ў Нью-Ёрку»,
Януш Главацкі не напісаў сцэнару, як на Вайду ўжо абрынуліся папрокі ў тым, што ён хоча зрабіць фільм, які праслаўляе Валенсу, нешта кшталту прыхарошанага помніка яму.
Рэжысёр ведаў, што падобныя абвінавачванні будуць, і годна адказаў на іх: яму не падабаюцца спробы зменшыць ролю Валенсы ў гісторыі сучаснай Польшчы, яго крытыкаў не было відаць, калі той ўздымаў людзей на Гданьскай верфі. Разам з тым
Вайда свядома абмежаваў дзеянне фільма 1989 годам, калі «Салідарнасць» прывяла Польшчу да першых дэмакратычных выбараў, пасля якіх пачалася новая гісторыя польскай дзяржавы.
Далейшае — гісторыя няўдачы Валенсы, якая, магчыма, заслугоўвае асобнай гутаркі.
Другі фільм, пра які ідзе шум у Польшчы, называецца «Смаленск».
Я думаю, не трэба тлумачыць чытачу, пра што ён. Вядома, пра катастрофу самалёта, якім ляцеў два гады таму прэзідэнт Лех Качыньскі з вялікай групай польскіх палітыкаў і чыноўнікаў вышэйшага ўзроўню. Рэжысёр Антоні Краўзе яшчэ і здымаць не пачаў, а жарсці ўжо раскаліліся. Знакаміты акцёр Марыян Апаня, якога прадказвалі ў выканаўцы галоўнай ролі — прэзідэнта Леха Качыньскага, адмовіўся ад удзелу ў фільме. Вонкава вельмі падобнаму на загінулага прэзідэнта,
Апаню прадказвалі ў выпадку згоды на ролю ператварэнне ў жывы абраз для часткі польскага грамадства, якая актыўна магла падтрымаць яго кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. І гэта быў бы ўжо не Марыян Апаня, а ўваскрэслы Лех Качыньскі.
Але адмова акцёра была вельмі рашучай. Ён заявіў, што не жадае ўдзельнічаць у палітычных спекуляцыях, маючы на ўвазе, што ў сцэнары вядзецца пра арганізаваны замах. А між тым атмасферу чакання фільма падаграюць і звесткі, што трапілі ў друк, пра кадры, якімі ён павінен пачацца: густая імгла, туман, з якога паступова выступаюць часткі разбітага самалёта…
Палякі з нецярпеннем чакаюць і іншыя хвалюючыя іх фільмы — пра Ядвабнэ, пра варшаўскае паўстанні 1944 г., пра Вэстэрплятэ,
дзе польская армія ўпершыню счапілася з гітлераўскім нашэсцем, пра палкоўніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Народнай Польшчы Рышарда Куклінскага, які стаў супрацоўнікам амерыканскай выведкі, а ў дэмакратычнай Польшчы абвешчаны героем (у Варшаве ёсць яго музей). Можна ўявіць сабе, якія вакол іх распачнуцца палемікі.

* * *

І як на гэтым фоне паныла і баязліва выглядае наша Беларусь.

Хто паверыць у тое, што беларусы не хочуць бачыць сваю сучасную гісторыю на кінаэкранах? Тым больш што сюжэтаў, якія глыбока хвалююць, сюжэтаў сапраўды драматычных у нас не менш, чым у палякаў.
Чаму жывы Лех Валенса (дай Бог яму яшчэ доўгіх гадоў жыцця) можа прыйсці ў кінатэатр і паглядзець фільм пра сябе?
І чаму ў нас не можа быць зняты фільм «Пазьняк»?
Фільм, у якім была б адлюстраваная драма шырокага і згаслага народнага руху да свабоды, драма ягонага лідара.
А трылер «Эскадрон смерці» па сваёй напружанасці, цалкам верагодна, мог бы перасягнуць смаленскую драму.
З якім затоеным дыханнем гледачы ўзіраліся бы ў вобразы людзей, якіх бачылі жывымі, — прэм’ер-міністра Ганчара, міністра ўнутраных спраў Захаранкі, журналіста Завадскага, імкнуліся б зразумець, чаму менавіта так — трагічна — склаліся іх лёсы.
А якімі аншлагамі, безумоўна, суправаджаўся б мастацкі фільм «Плошча»?
Хіба не героі і ахвяры самай сапраўднай драмы Саннікаў, Някляеў, Статкевіч, іншыя грамадскія дзеячы, нарэшце, хіба не гераічныя і адначасова ахвярная звычайныя мінчукі — рабочыя, студэнты, лекары, настаўнікі, навуковыя работнікі, якія прыйшлі на плошчу Незалежнасці 19 снежня 2010?
Мы маглі б убачыць і пралікі апазіцыі, і барацьбу самалюбства, любоў і нянавісць, і, вядома, страх і жорсткасць улады, яе, спадзяюся на дыхтоўны сцэнар, неадназначныя вобразы — ад міністра МУС і камандзіра спецназа да Самога, непасрэднага кіраўніка «аперацыі».
Чаму палякі могуць глядзець фільмы пра сябе, сваё цяперашняе жыццё і нядаўнюю гісторыю, а мы пазбаўленыя гэтага? Ці прадстаўленае жыццё цяперашняй Беларусі, яе сапраўдныя праблемы на кінаэкранах?
«Наіўныя пытанні, — чую ў адказ. — У нас сёння дыктатура. Хто ж дазволіць здымаць такія фільмы?»

У мяне ёсць стрэчныя пытанні. Можа быць, заўтра мы будзем пытацца дазволу хадзіць па вуліцах, любіць сваіх дзяцей і дыхаць?

Зрэшты, народ, якому па барабане забарона на звальненні з прадпрыемстваў, які азначае вяртанне да рабства на пачатку XXI стагоддзя, можа пагадзіцца і з гэтым. І сапраўды, навошта нам фільмы пра цяперашнюю Беларусь, калі па краіне ідуць Радзівілы?

Сапегі і Радзівілы, бляск старога магнацтва і шляхецкія традыцыі закліканыя сёння дэкараваць аўтарытарны рэжым. Радзівілы — пра гэта можна колькі заўгодна.
Грошы знойдуцца і на фільмы, і на дарагія альбомы, і нават на нязграбную рэстаўрацыю замкаў, у якіх на VIP-прыёмах танчаць і п’юць тонкія віны высокапастаўленыя чыноўнікі ў кампаніі з нуварышамі, ловячы кайф ад запанібрацтва з уладай.
Нясвіж-life — вось сусальная візітоўка цяперашняй Беларусі, вось кіно, якое нам прапануюць глядзець без канца.

А вы ж, мусіць, хочаце пайсці на фільм пра суд над двума віцебскімі хлопцамі і іх страту? Але такія фільмы здымаюць сёння ў Польшчы.

Мінск — Варшава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?