Тайная гісторыя мінскага праспекта 6

Горадабудаўнічая рэальнасць сталінскага свету — гэта парадаксальнае спалучэнне раскошы і ўбоства. Дваровыя сцены «палацаў» на галоўных праспектах дзеля эканоміі найчасцей нават не тынкавалі. У задуме савецкіх уладаў Мінск павінен быў стаць горадам для стварэння ўражання на замежнікаў, якія праязджаюць галоўным праспектам з Брэста ў Маскву. Пры гэтым веліч павінна была стварацца мінімальнымі сродкамі. Аднак архітэктары хітрасцямі выціскалі з мінімумаў максімум. Так нараджаўся стыль мінскага цэнтра. Французскі прафесар Фаб’ен Бела напісаў захапляльную кнігу пра архітэктуру Мінска 1920—1950-х гадоў, у якой расшыфроўвае задумы архітэктараў. Мінск — гэта не толькі і не столькі сталінскі ампір. Карані пасляваеннай архітэктуры Мінска сягаюць і ў Старажытныя Рым ды Грэцыю, і ў Венецыю і Фларэнцыю часоў Рэнесансу, і ў Францыю Людовіка XIV, і ў нямецкае барока, і ў класічную англійскую культуру, і ў Пецярбург часоў Пятра І, і ў Маскву пасля 1812 года.

Фрагмент дома на праспекце Незалежнасці. 

Фаб'ен Бела. «Минск. Архитектура столицы 1917—1956». 

Кніга, пераклад якой выйшаў у маскоўскім выдавецтве «Кучково поле», — гэта погляд на Мінск чалавека з вялізнай архітэктурнай эрудыцыяй. Аўтар аналізуе кожны элемент знакавых мінскіх будынкаў і паказвае, чым натхняліся архітэктары, калі яго стваралі.

Пры гэтым чакаць аповеду пра ўнутраную кухню архітэктараў і спрэчкі вакол праектаў не выпадае. Лёсы дойлідаў пададзеныя вельмі сцісла.

Плюс кнігі — рэдкія ілюстрацыі. Гэта і архіўныя матэрыялы (напрыклад, праекты), і аўтарскія фота сучаснага горада з неймаверна цікавых ракурсаў. На здымках Бела Мінск зусім незнаёмы і такі жывы (хоць бязлюдны)! Калоны Акадэміі навук быццам танцуюць, а вазы на праспекце выпраменьваюць цяпло.

Яшчэ адзін плюс — метафарычная мова («Галоўпаштамт у пачатку праспекта — як уверцюра ў оперы»), арыгінальныя разважанні. Але прадзерціся да іх сэнсу праз пераклад бывае няпроста. 

Мінск як лабараторыя сучаснасці XX стагоддзя

У 1926-м у Мінску абвясцілі першы вялікі архітэктурны конкурс — на комплекс будынкаў БДУ. Чаго толькі не прапаноўвалі архітэктары! Нават праект галоўнага корпуса на пáлях. Усе праекты былі ў стылі функцыяналізму: архітэктары бачылі новы ўніверсітэт як вытворчы цэх, які выпускае не цвікі і машыны, а дыпламаваных спецыялістаў. Адсюль амаль у кожным праекце — адсылкі да нямецкіх заводаў.

Нягледзячы на разнастайнасць прапаноў, праз тры гады ўніверсітэт узвялі па досыць простым, строгім праекце Івана Запарожца ды Георгія Лаўрова, вучня Эль Лісіцкага і прыхільніка ідэй Казіміра Малевіча. Уплыў яго супрэматызму можна ўбачыць у строгіх формах універсітэцкага гарадка.

Геаметрычныя формы, шкляныя фасады, уласцівыя канструктывізму, сёння можна ўбачыць на геафаку ці Інстытуце ядзерных праблем, якія засталіся ад старога ўніверсітэцкага гарадка. WIKIMEDIA COMMONS, VLADMIHAILOVSK

Пасля БДУ Лаўроў адразу ўзяўся праектаваць Бібліятэку БССР (цяпер будынак Савета Рэспублікі на Чырвонаармейскай, 9). Сплаўленне геаметрычных фігур (куба, паралелепіпеда, цыліндра), строгія сцены, доўгія плоскасці фасадаў і доўгія аконныя пераплёты — гэта ўплыў выкладчыкаў Лаўрова братоў Весніных і маскоўскага канструктывіста Ільі Голасава ды яго інавацыйных будынкаў, у прыватнасці, Дома Саветаў у Хабараўску і Дома культуры імя Зуева ў Маскве. Голасаў стварыў стыль, які так пасаваў СССР: з энтузіязмам імкнуўся дэманстраваць сучаснасць, але быў скаваны пастаянным дэфіцытам матэрыялаў. Крохкая раўнавага між сціплымі магчымасцямі і недасяжнымі мэтамі, іранізуе Бела. Бібліятэка таксама пабудаваная вельмі сціпла, мінімальнымі сродкамі.

Праектуючы бібліятэку, Лаўроў запазычыў асноўныя прыёмы ў маскоўскага мэтра Ільі Голасава, найбольш натхняўся Домам Саветаў у Хабараўску і Клубам імя Зуева ў Маскве (у гэтым будынку цяпер тэатры, у прыватнасці, студыя «Квартета И»). WIKIMEDIA COMMONS, АНДРЭЙ ДЗМІТРЫЕЎ

Клуб імя Зуева ў Маскве. WIKIMEDIA COMMONS

У 1930-я Аляксандр Воінаў будуе Дом піянераў з Тэатрам юнага гледача і гасцініцу «Беларусь» (цяпер Crowne Plaza) на рагу Кірава і Валадарскага. Гэта ўжо новы савецкі стыль: улады патрабуюць болей пышнасці і менш эксцэнтрычнасці. Але каб выглядала па-сучаснаму! Архітэктары адчайна спрабуюць знайсці баланс. 

Спроба падарыць Мінску ўласны стыль

Чалавек, якому знайсці баланс удаецца ідэальна, — Іосіф Лангбард. Нібы прадбачыўшы будучыя патрабаванні ўладаў, ён стварае мікс новай і класічнай архітэктуры, велічы і мадэрнізму. Толькі ў Мінску раскрываецца геній Лангбарда, яго непаўторны стыль. 

Гэты будынак праектавалі як Клуб будаўнікоў. З невядомых прычын клуб так і не збудавалі, а праект перапрацавалі ў Дом піянераў. След канструктывізму ў ім — рог у форме паўцыліндра. Яго нівеліруе пампезны шасцікалонны порцік (у савецкі час на ім былі статуі піянераў) і пілястры — імітацыі калон. Гэта ўжо рысы класікі. WIKIMEDIA COMMONS, ЧАХОВІЧ УЛАДЗІСЛАЎ

На Дом урада Лангбарда натхніла цыгарэтная фабрыка

Іосіф Лангбард з Бельска-Падляскага ў 1907 годзе паступіў у Імператарскую акадэмію мастацтваў і яўна ўразіў камісію талентам — яўрэяў у Акадэмію набіралі вобмаль. У 1920-я ён браў удзел у многіх праектах, але ўсе яго ідэі адхілялі, аж пакуль Лангбард не ўзяўся за Мінск. Тут ён спраектаваў чатыры культавыя будынкі. Вялікая заслуга архітэктара — спроба падарыць Мінску ўласны архітэктурны стыль. І небезвыніковая.

Дазвол на ўзвядзенне Дома ўрада даваў кіраўнік Савецкай Беларусі Аляксандр Чарвякоў. У гэтым жа будынку падчас з’езда КП(б) Б ён у 1937 годзе здзейсніў самагубства. DEPOSITPHOTOS.COM, BY SWISSHIPPO

Дом урада, яго першая мінская работа, ужо напоўніцу паказвае геній архітэктара. У ім у абсалютнай гармоніі суіснуюць і класічная манументальнасць, і маніфест сучаснасці. Пярэдні двор у форме П, як у багатых арыстакратычных сядзібах. Будынак выглядае строга, але ў ім няма ніякай гістарычнасці — чыста геаметрычныя формы без дэкору. Бакавыя крылы ствараюць хвалепадобны фасад. На гэты праект Лангбарда натхніла цыгарэтная фабрыка Neuerburg у Гамбургу і будынкі сталеліцейнага завода ў Дзюсельдорфе.

Цыгарэтная фабрыка ў Гамбургу і сталеліцейная — у Дзюсельдорфе натхнілі Лангбарда на праект Дома ўрада. WIKIMEDIA COMMONS

Кампазіцыю Дома ўрада завяршае помнік Леніну аўтарства Мацвея Манізера. Гэта адзін з першых Ленінаў у СССР, таму ён яшчэ не штампаваны, а даволі незвычайны. Напэўна, вы не звярталі ўвагі на незвычайны фундамент помніка: ён зроблены ў духу абстракцыянізму, супрэматызму. Гэта не проста падстаўка, а складаная геаметрычная фігура!

Мінская Опера

Другі культавы мінскі будынак Лангбарда — Тэатр оперы і балета. У 1920-я опера яшчэ падавалася непапраўна буржуазным мастацтвам, але ў 1930-я ва ўладаў з’явілася жаданне адрадзіць оперу і балет так, каб яны служылі мэтам пралетарскага мастацтва. За 20 гадоў у СССР з’явілася каля 20 тэатраў оперы і балета, прычым іх імкнуліся рабіць большымі за еўрапейскія.

Нагрувашчванне цыліндраў у праекце Опернага — гэта адсылка да Палаца Саветаў у Маскве, так Лангбард сціпла паказаў на палітычную сувязь Мінска і Масквы. Гэта паўкіламетровая высотка са статуяй Леніна наверсе мусіла з’явіцца на месцы храма Хрыста Збавіцеля (з-за вайны яе не дабудавалі, а ў 1990-я храм узнавілі). DEPOSITPHOTOS.COM, LOBACHAD

Праект Палаца Саветаў у Маскве. 

У 1934-м савецкія архітэктары мелі складаны выбар: рабіць праект для сталіцы Туркменістана Ашхабада ці для Беларусі. У выніку Мінску было з чаго выбіраць: антычны амфітэатр з залай-калізеем, спалучэнне канструктывізму з элементамі рымскага Пантэона (храма ўсіх багоў II стагоддзя н. э.) і базілік (купал, аркі)…

Патрэбен быў праект, які пакажа сувязь рэвалюцыі з класічнай культурай. Гэта змог Лангбард. Цікава, што мінскі тэатр — адаптаваны праект, зроблены для Харкава. Тонкі сінтэз мадэрнізму (геаметрычнасць формаў) і неаакадэмізму (масіўнасць, манументальнасць, скульптуры, пілястры, гірлянды — хоць і спрошчаныя). Мінскі тэатр стаў адным з апошніх, у якім удалося паяднаць авангарднае і класічнае. У працэсе будоўлі Лангбард адмовіўся ад барэльефаў і скульптур (апошнія з’явіліся ўжо ў наш час). Ён максімальна ўціскаўся ў сродках і лішні раз нічога не прасіў, каб яго не абвінавацілі як сабатажніка і растратчыка.

Акадэмія навук

Акадэмія навук праектавалася тады, калі ўлады ўжо патрабавалі ад будынкаў велічнасці, апоры на класіку. Але ўдалося захаваць і вернасць канструктывізму. Будынак акадэміі інтрыгуе: ён нечакана разрывае лінейнасць праспекта, стаіць нібы ў паўабарота.

Узорам для чароўнай закругленай каланады Акадэміі навук паслужыў класіцыстычны Страннапрыімны дом Шарамецева ў Маскве (1807 год). Лангбард пабачыў, наколькі такі просты і бюджэтны прыём — каланада пад адкрытым небам — дадае велічнасці і манументальнасці. DEPOSITPHOTOS.COM, BY INGAN77

Страннапрыімны дом Шарамецева ў Маскве. DEPOSITPHOTOS.COM, BY OLFINKA-2008

Будынак акадэміі пазначае важны паварот: гісторыя архітэктуры становіцца на службу СССР. Хаця зварот да гістарычнасці быў агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй. Такія ж калоны ў выглядзе простых цыліндраў без капітэляў — як кампраміс між сучаснасцю і гісторыяй — з’явіліся на знакавых еўрапейскіх будынках таго часу: Такійскім палацы ў Парыжы, Музеі рымскай цывілізацыі ў Рыме.

Копія Дома ўрада ў Магілёве

У 1935-м Лангбарду замовілі копію Дома ўрада ў Магілёве — далей ад граніцы і бліжэй да Масквы. Цікава параўнаць, наколькі ж гэта «копія» адрозніваецца ад арыгіналу — выгнуты фасад у стылі барока робіць яго больш вытанчаным. WIKIMEDIA COMMONS, SVETLOVARTEM

Дом афіцэраў у Мінску

Лангбард стварае будынкі для чынавенства, балерын, навукоўцаў, бярэцца і за вайсковую тэму. У праекце Дома афіцэраў ён працягвае распрацоўваць асучаснены класіцызм, ад канструктывізму тут амаль нічога.

За суровым фасадам — утульнае кафэ, элегантны тэатр, светлыя інтэр’еры. Яны стваралі атмасферу амаль англійскай вытанчанасці, паказваючы, што і ў СССР ёсць месцы, якія ў сваёй арыстакратычнасці могуць супернічаць з англійскімі прыватнымі клубамі. Усё гэта — каб задобрыць вайсковую эліту і чыноўнікаў. Да пачатку масавых рэпрэсій. 

Цэнтральная частка Дома афіцэраў схаваная ўглыб, бакавыя часткі выступаюць — гэта надае дынамікі. Будынак вянчае цяжкі антаблемент як сімвал надзейнасці. Нягледзячы на сярэднія памеры пабудовы, такое вырашэнне падкрэслівае яе выключную важнасць і нібы дадае аб’ёму. Эфект велічнасці дасягаецца за кошт напышлівых паўкалон без капітэляў. Вокны між імі нібы ўразаюцца ў фасад і прыўносяць ажыўленасць. 

Пасляваенныя рэкамендацыі Лангбарда

Пасля вайны роля Лангбарда звузілася да таго, каб даваць парады масквічам і ленінградцам, якім даставаліся асноўныя замовы ў Мінску. Кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка адхіліў яго праект Кастрычніцкай плошчы (тады яна звалася Цэнтральнай), не захацеўшы працаваць са сведкам рэпрэсій 1930-х, чые замоўцы ўжо не жылі.

У 1950-м Лангбард піша рэзкі ліст Міхаілу Асмалоўскаму, які кіраваў адбудовай Мінска: «Мая 20-гадовая дзейнасць у Беларусі, відаць, павінна прыпыніцца. Вы добра ведаеце, што я раблю гэта не па сваёй, а па вашай волі».

Ён высмейвае адбудову Мінска ў духу гістарызму, рамантызму і «старых як свет традыцыйных канонаў». Заклікае імкнуцца да праўды і строгай ды натхняльнай прастаты, якая ляжыць у аснове найлепшых помнікаў старажытнасці і пазнейшых стыляў, уключна з расійскім класіцызмам.

Час дапаможа аддзяліць зерне ад мякіны і пакажа, хто меў рацыю, піша ён Асмалоўскаму, адзначаючы: «Мяне заўжды бянтэжыць тая самаўпэўненасць, з якой вы выступаеце», — і прыгадвае выступ на канферэнцыі маладых архітэктараў, дзе Асмалоўскі крытыкаваў Дом урада ў прысутнасці самога Лангбарда. «Цяжка сказаць, у якой ступені вам удалося пераканаць аўдыторыю. Але мне ваш выступ паказаў іншае. Не назавеш вялікім ваш гонар за радзіму на яе шляху да працвітання. Але гэта справа вашага грамадзянскага сумлення».

Відаць, Лангбард не меў ілюзій наконт сваёй будучыні, таму быў настолькі рэзкі. Неўзабаве ён выехаў у Ленінград і праз год памёр. 

Канструктывісцкая любоў да круглых формаў пакінула адбітак і ў будынку гасцініцы «Беларусь» (цяпер Crowne Plaza). Архітэктар яўна натхняўся парыжскай манументальнасцю эпохі Асмана. Барон Жорж Асман здзейсніў перапланіроўку Парыжа, пашырыў вуліцы і запоўніў іх характэрнымі шасціпавярховымі дамамі са скошанымі дахамі. А парыжскія гатэлі атрымалі гуллівыя купалы. І на «Беларусь» так прасіўся гэткі купал! Але архітэктар не рашыўся: гэты буржуазны элемент разбурыў бы ўсю строгую веліч. Замест купала ён зрабіў атык (дэкаратыўную сценку над карнізам) — сімвал суровай велічы, каб пастаяльцы не забываліся, чаго прыехалі.

Сучасныя рэстаўратары ўсё ж зрабілі купал. Паглядзіце, як адзін элемент мяняе ўвесь настрой будынка. WIKIMEDIA COMMONS, HOMOATROX

Пры гэтым ніхто не ведаў, як быць з рэшткамі барочных храмаў

Мінск яшчэ толькі вызвалілі — і ўжо абвясцілі ўсесаюзны конкурс праектаў Кастрычніцкай плошчы. Архітэктары кінуліся праектаваць. Прапановы былі самыя неймаверныя. Лангбард прапанаваў стварыць алею-праспект ад Дома афіцэраў да Опернага тэатра. Барыс Мезенцаў пераносіў у Мінск архітэктуру Неапаля і каралеўскага палаца Мадрыда. Сяргей Сперанскі спраектаваў гіпертрафіраваную версію пецярбургскага класіцызму — манументальнасць з лёгкім патрыятычным акцэнтам. Невядомы архітэктар прапанаваў праект, натхнёны праваслаўем і гісторыяй Старажытнай Русі. Была і прапанова высоткі са шпілем, як у Маскве, але для Мінска гэта было задорага.

Адзін з праектаў Кастрычніцкай плошчы (аўтар невядомы). Цэнтральны будынак — адсылка ці то да Пецярбурга, ці то да Вашынгтона. А на плошчы Свабоды — помнік ахвярам вайны. «МИНСК. АРХИТЕКТУРА СТОЛИЦЫ 1917—1956»

Маскоўскі архітэктар Іван Собалеў стварыў для Кастрычніцкай адаптацыю старажытнагрэчаскага акропаля (умацаванага верхняга горада), у якую дадаў абстрактнай геаметрыі канструктывізму, класіцызму XVIII — XIX стагоддзяў і вежы расійскіх крамлёў у неарускім стылі.

Пры гэтым ніхто не ведаў, як быць з рэшткамі барочных храмаў. Нішчыць іх у большасці не падымалася рука.

Урэшце кіраўніцтва БССР спыніліся на праекце беларуска-расійскага трыа: Міхаіла Асмалоўскага, Уладзіміра Караля і Міхаіла Паруснікава. Паруснікаў быў адным з 12-ці вучняў Івана Жаўтоўскага, якога называлі «чырвоным Паладыа» за любоў да венецыянскага стылю. Жаўтоўскі быў родам з Пінска. Ён адаптаваў дух Рэнесансу да маштабаў СССР.

Праект Кастрычніцкай плошчы аўтарства Асмалоўскага, Караля і Паруснікава. Від ад цырка. Для ажыўлення архітэктары прапаноўвалі вежу, што нагадвала венецыянскую Кампанілу (званіцу) Святога Марка і гадзіннікавую вежу брытанскага парламента. «МИНСК. АРХИТЕКТУРА СТОЛИЦЫ 1917—1956»

Трыа прапанавала для Кастрычніцкай паладыянскі стыль. Кульмінацыйным пунктам праспекта мусіў быць будынак, падобны да Калізея. Зацвердзіць такую бескарысную прыгажосць у Мінску аказалася цяжка, таму замест яго для ажыўлення прасторы прапанавалі вежу. Яна нагадвала венецыянскую Кампанілу (званіцу) Святога Марка і гадзіннікавую вежу брытанскага парламента. Побач будынак з каланадай, натхнёнай Версалем, і барочны палац з карынфскімі капітэлямі (правобразам якога стаў храм Венеры ў ліванскім Баальбеку III стагоддзя). На фоне гэтага помнік Іосіфу Сталіну на плошчы глядзеўся як намёк на Нерона, на яго нездаровае самаўзвелічэнне і на крывавыя ўчынкі рымскіх імператараў.

Дзівоснаму калажу архітэктурных стыляў так і не суджана было з’явіцца. У апошнім варыянце плошчы (1950 год) амбіцыі архітэктараў згаслі.

На месцы галоўнага будынка спраектавалі палац з каланадай (на ўзор Аляксандраўскага палаца ў Царскім Сяле), па цэнтры яго квадратная вежа — адсылка да мінскай ратушы. Так архітэктары нагадвалі пра гарадскія свабоды і пра рэпрэсіўнае мінулае.

З нейкіх прычын праект Кастрычніцкай так і не быў увасоблены. Можа, пустка ў цэнтры горада вакол помніка Сталіну стварала неабходную атмасферу сімвалічнага падпарадкавання? І ўсё ж на плошчы трэба было пабудаваць хоць нешта. Веліч месца падкрэсліў Палац культуры прафсаюзаў, які нагадвае антычны храм. Будынак натхнёны пецярбургскай Біржай (1805 год).

Галоўнага будынка з ратушнай вежай плошча так і не атрымала. У 1984-м на яго месцы спраектавалі безаблічны Палац Рэспублікі, які скончылі будаваць аж у 2001-м.

Веліч плошчы падкрэсліў Палац культуры прафсаюзаў, які нагадвае антычны храм. Будынак натхнёны пецярбургскай Біржай (1805 год). WIKIMEDIA COMMONS

 

Біржа ў Санкт-Пецярбургу (1805). WIKIMEDIA COMMONS, GALEXANDROVA

«Праспект паставіць Мінск на ўзбочыне дарогі Брэст-Масква»

Яшчэ да поўнага размініравання ў Мінск на вайсковым цягніку прыехала брыгада вядомых архітэктараў — рыхтаваць першы пасляваенны генплан. Іх нефармальны кіраўнік Аляксей Шчусеў да рэвалюцыі быў таленавітым стваральнікам праваслаўных храмаў, а пазней выкарыстаў рэлігійныя матывы і ў архітэктуры Маўзалея Леніна. Ён жа стаў аўтарам першага савецкага плана рэканструкцыі Масквы.

У Мінску спраектавалі шырокі праспект — аналаг парыжскіх Елісейскіх палёў: 50 метраў ушыркі, 15 км удоўжкі (парыжская вуліца карацейшая на 2 км, але ўшыркі мае 70 м).

Супраць ідэі праспекта паўстала грамадскасць. Скульптар і партызан Андрэй Бембель прарочыў, што «праспект пераўтворыцца ў сегмент вялікай дарогі, якая вядзе ў нікуды, зробіць горад пустынным без канца і краю, паставіць Мінск на ўзбочыне трасы Масква — Брэст».

Але ўладам праспект быў неабходны: ён мусіў паказваць імперскі размах супердзяржавы. Усходнія вароты СССР павінны былі адлюстроўваць трыумфальную веліч савецкай імперыі. Каб выразіць яе, выкарыстоўваліся найлепшыя ўзоры антычнага Рыма, Рэнесансу, класічнай англійскай культуры, Расійскай імперыі… Так горад ператвараўся ў калекцыю палацаў.

Пры гэтым горадабудаўнічая рэальнасць сталінскага свету — гэта парадаксальнае спалучэнне раскошы і ўбоства. Дваровыя сцены «палацаў» дзеля эканоміі найчасцей нават не тынкавалі. Гэта быў горад для стварэння ўражання на замежнікаў, якія праязджаюць праз горад галоўным праспектам з Брэста ў Маскву. Веліч стваралі мінімальнымі сродкамі. Так нараджаўся стыль мінскага цэнтра. 

Жылая трыумфальная арка

Для раёна вакзала ленінградскі архітэктар Барыс Рубаненка пазычыў схему парыжскай плошчы Згоды: цэнтральны праспект у абрамленні двух аднолькавых будынкаў. Два магутныя данжоны надаюць дынамікі гарызантальным пабудовам. Іх пірамідальная форма дазволіла размясціць на адной вежы гадзіннік, як у Сярэднявеччы, а на другой — герб СССР.

Байніцы, скульптуры, гірлянды, шары, васьміканцовыя зоркі пад шарамі, пінаклі (вежачкі-шпілі) ствараюць пераклічку рысаў Сярэднявечча і барока. Такі мікс зусім не характэрны для савецкай архітэктуры. Вароты Мінска выклікаюць асацыяцыі з гатычнымі замкамі, барочнымі саборамі. Вежы прыўнеслі ў горад адначасова замкавыя і рэлігійныя матывы, яны мусілі выклікаць абарончыя інстынкты разам з амаль рэлігійным пачуццём. Звярніце ўвагу і на суседні будынак: дзеля эканоміі з боку двара мінскія «палацы» не тынкавалі. WIKIMEDIA COMMONS, TATIANA MALTINA

У 1948 годзе Рубаненку рэпрэсавалі ў час кампаніі супраць «бязродных касмапалітаў». Ён перадаў праект Асмалоўскаму і камандзе, якія скончылі ўсё адзін у адзін з праектам і гэтым выказалі сваю падтрымку і павагу калегу. 

Паштамт у форме царквы Санта-Стэфана

Паштамт. Будынак з карынфскімі калонамі строга сіметрычны

Уваход паштамта нагадвае Залатыя вароты ў Пуле, Харватыя (І стагоддзе да н. э.). WIKIMADIA COMMONS, ERZY STRZELECKI

Галоўпаштамт праектаваў беларус Уладзімір Кароль. У студэнцтве ён любіў канструктывізм, затым зацікавіўся паладыянствам.

Знешняя грувасткасць кампенсуецца празрыстасцю інтэр’ераў. Двухузроўневае фае ў англійскім стылі пераходзіць у ратонду, дзе здзяйсняюцца паштовыя аперацыі. Арганізацыя прасторы ўзятая з Антычнасці, яна адсылае да Храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме (IV стагоддзе), а ўнутранае аздабленне галерэй, калон і купала вельмі нагадвае царкву Санта-Стэфана ў Рыме V стагоддзя (на фота).

Інтэр'ер паштамта быў натхнёны храмам Санта-Стэфана ў Рыме, збудаваным у V стагоддзі

 

Інтэр'ер храма Санта-Стэфана ў Рыме. WIKIMEDIA COMMONS, KETARI

Ідэалагічная правакацыя ў форме будынка КГБ

Чакана першым на праспекце быў завершаны будынак КГБ. Выконваць замову выпала Міхаілу Паруснікаву. Пры падборы каманды ён нейкім чынам змог уключыць у яе свайго вучня Льва Рымінскага. Той правёў пяць гадоў у ГУЛАГу за анекдот, расказаны ў курылцы архітэктурнага інстытута.

Фота WIKIMEDIA COMMONS, BLADYNIEC

Строгая цэнтральная частка натхнёная расійскім класіцызмам (Адміралцейства ў Санкт-Пецярбурзе). Гладкі фасад падкрэслівае манументальнасць бакавых крылаў і порціка, які капіруе порцік храма Аўгуста ў харвацкай Пуле (І стагоддзе н. э.).

Храм у Пуле быў прысвечаны першаму рымскаму імператару Актавіяну Аўгусту і пабудаваны пры яго жыцці. (У 1935-м Жаўтоўскі звярнуўся да гэтага ўзору для Дома Саветаў у Сочы, таму Паруснікаў яшчэ і ў нейкай ступені аддаў даніну павагі свайму настаўніку.) 

Храм Аўгуста ў Пуле (Харватыя). WIKIMEDIA.COMMONS, BERTHOLD WERNER

Спалучэнне высокіх пілястраў і вузкіх вокнаў з сандрыкамі адсылаюць да фантана Трэві ў Рыме — найбуйнейшага фантана Еўропы, пабудаванага па рашэнні папы рымскага і пад яго кантролем. WIKIMEDIA COMMONS, LIVIOANDRONICO2013

Уся праектная дзейнасць была засакрэчаная. Акрамя Паруснікава і Рымінскага, ніхто не мог бачыць эскізы. Не праводзілася і ніякіх узгадненняў. Рымінскі заканчваў вывучэнне эскізаў Паруснікава пад аховай на дачы КГБ.

На думку Бела, Паруснікаў свядома імкнуўся стварыць будынак — зашыфраванае пасланне, які будзе ўвасабляць неадназначнасць савецкай улады. Калі ўвесь ансамбль стварае ўражанне спакойнай і суровай велічы, то дэталі кажуць пра іншае.

Першая цікавостка — у левай частцы будынка. Для гарманічнага пераходу да жылых дамоў зроблена двухкалонная арка, увянчаная разарваным лучковым франтонам. Калоны з разарваным франтонам — характэрная рыса дынастыі архітэктараў Дынцэнхофераў (XVIII стагоддзе, Каралеўства Багемія): капліца замка Сміржыцэ, абацтва Банц, царква Яна Непамука ў Празе, царква Святой Ядвігі ў Легніцке-Поле… Чаму выбар выпаў менавіта на нямецкіх архітэктараў, калі Беларусь толькі вызвалілася з-пад гнёту нацыстаў?.. Акрамя таго, гэтай барочнай рысай Паруснікаў разбурае амаль літургічную велічнасць будынка КГБ, пабудаванага ў строгім класіцызме.

Барочная двухкалонная арка, увянчаная разарваным лучковым франтонам, пазычаная ў нямецкіх архітэктараў. Яна разбурае класічную строгасць будынка. На фота пражскі касцёл Святога Яна Непамука на Скалцы. WIKIMEDIA COMMONS, VITVIT

У будынку з’явіліся і іншыя анамаліі, а менавіта запазычанні дэталяў з эксцэнтрычных крыніц. У выніку атрымліваецца, што будынкі, узятыя за ўзор для мінскага КГБ, узводзіліся для рымскага імператара, каталіцкага пантыфіка, венецыянскіх арыстакратаў і гандляроў, епіскапаў, манаскіх ордэнаў, брытанскіх манархаў… Вось такая ідэалагічная правакацыя Паруснікава і Рымінскага. Гэты архітэктурны монстр знешне задавальняў імкненне СССР да велічы, але пры гэтым дзёрзка гуляў з узорамі рэлігійнага і манархісцкага мінулага. Будынак мінскага КГБ — ілюстрацыя ўсёй супярэчнасці сталінскай архітэктуры ў яе апагеі.

Правая частка будынка ўвянчаная элегантнай васьмікутнай вежай, што нагадвае вежу брытанскай каралеўскай рэзідэнцыі Уайтхол — найбуйнейшага палаца ў свеце, які згарэў у канцы XVII стагоддзя. WIKIMEDIA COMMONS

Фларэнційскі банк у Мінску

У 1927-м Паруснікаў (у суаўтарстве з Георгіем Гольцам) ужо будаваў у Мінску канструктывісцкі банкаўскі будынак, падкрэсліваючы эканамічную празрыстасць маладога СССР шырокімі зашклёнымі фасадамі. Цяпер стаяла задача ўзвесці сталінскі эквівалент храма фінансаў. Будынак мусіў выглядаць трывалым і непрыступным. Архітэктар выкарыстаў італьянскую эстэтыку ды збудаваў вялізны палац для грошай. За эталон ён выбраў фларэнційскі банк эпохі Рэнесансу. Іронія лёсу, што савецкія і амерыканскія банкі маюць шмат супольнага, бо ЗША таксама бралі за ўзор рымскія і фларэнційскія палацы. 

Фота: WIKIMEDIA COMMONS, HOMOATROX

Праектуючы банк, Паруснікаў шукаў натхнення ў культавай архітэктуры. Высозныя пілястры надалі будынку велічы, а яшчэ большы акцэнт на каласальным памеры палаца зрабілі вузкія вокны, размешчаныя паміж пілястрамі. Гэты прыём запазычаны ў Мікеланджэла, з апсіды сабора Святога Пятра ў Рыме.

Тонка прадуманы атык з простымі вокнамі зноў нагадвае пра фантан Трэві ў Рыме (іншая яго дэталь узятая для будынка КГБ). Нечаканы элемент у даволі банальным фасадзе, які змякчае суровасць ансамбля, — познебарочныя пакатыя аркі ў антаблеменце. Яны злучаюць пілястры і ствараюць пераклічку з паўкруглымі вокнамі. Магчыма, элемент узяты з бакавога фасада царквы Сан-Філіпа Неры ў Турыне (1715 год). 

ГУМ — адзіны з жалезабетону

ГУМ — гэта адзіны будынак цэнтра, узведзены з жалезабетону (для іншых выкарыстоўвалі атынкаваную цэглу), гіганцкі згустак з мноства прадуманых формаў, велізарная бетонная скульптура. Загадка, як і чаму ўраджэнцу Тбілісі Льву Мелегі, стваральніку невялічкіх тыпавых крамак 1930-х гадоў, дазволілі рэалізоўваць настолькі дарагі і складаны праект.

Натхненне аўтар мінскага ГУМа чэрпаў у французскім Рэнесансе. Вокны на 4-м паверсе, абрамленыя двума керамічнымі барэльефамі, нагадваюць вокны ў крыле Франсуа І ў Луўры (1550 год, яно яшчэ называецца «крыло Леско», архітэктара). А слупы з вентыляцыйнымі адтулінамі ўнутры будынка капіруюць форму камінаў з арачнымі франтонамі ў замку Ане (1552 год).

Крыло Франсуа І ў Луўры. WIKIMEDIA COMMONS, PEDRO P. PALAZZO

Цэлы арсенал класічных дэталяў: шэрагі антычных гірляндаў, раслінны дэкор з тэракоты, падзел аконных праёмаў на часткі саліднымі паўкалонамі, акратэрыі (навершы) у грэчаскім стылі з сярпом і молатамі — робіць акцэнт на прыземістасць будынка і адначасова падкрэслівае пустэчы ў масе бетону, акцэнтуе гульню формаў. Так класічныя элементы трансфармуюцца ў барочнае прачытанне…

ГУМ: дэталі. Фота: Наша Ніва

Мелегі памёр у час будаўнічых работ, ГУМ стаў яго запаветам. Яго творчасць застаецца ўнікальнай у сваёй неардынарнасці і стылістычным дзівацтве. 

Праспект: буйства пілястраў

Жылыя дамы каля банка, ГУМа і КГБ праектаваліся так, каб адпавядаць велічным суседзям.

Пры атмасферы шпіёнаманіі такія англійскія запазычанні выглядаюць дзіўна. Але яны паказваюць, што архітэктары не сталі закладнікамі прапаганды (больш за тое, Асмалоўскі ўласнаруч збіраў ва ўпраўленні беларускай архітэктуры тэчку дакументаў пра гісторыю Лондана і планы яго рэканструкцыі).

Яны ў роўнай ступені захапляліся італьянскім Рэнесансам і англійскім класіцызмам, адмовіўшыся замыкацца ў паваенным сталінскім ампіры і ствараючы эстэтыку ўніверсалізму.

 

Ансамбль у італьянскім стылі ля Кастрычніцкай плошчы (дом з універсамам «Цэнтральны» і дом насупраць) праектаваў архітэктар Паруснікаў. За ўзор ён узяў палац банкаў у Балоньі (1565 год): запазычыў маштаб, сістэму аркад і пілястраў. Астатняе дарабіў на свой густ, даўшы волю таленту. 

Мінабароны і БНТУ — рэмінісцэнцыі з 1812-га

Штаб Беларускай вайсковай акругі і галоўны корпус БНТУ спраектаваныя ў «стылі 1812 года»: строгі класіцызм, які набыў патрыятычныя канатацыі ў час адбудовы Масквы пасля вайны з Напалеонам. Такім чынам архітэктары праводзілі паралель між 1812 і 1945 гадамі, нагадвалі пра пераможную барацьбу з заваёўнікамі.

Эталонам для рэканструкцыі галоўнага корпуса Тэхнічнага ўніверсітэта стала адна з ключавых вайсковых пабудоў Расійскай імперыі — Адміралцейства ў Пецярбурзе. Веліч класічнага палаца надаюць будынку порцік увахода і два бакавыя крылы, што абрамляюць доўгі цэнтральны фасад. Сцены БНТУ засталіся з даваенных часоў, а вось фасады прыйшлося ствараць нанова. Рабілі гэта Леў Рымінскі і студэнтка Маскоўскага архітэктурнага інстытута Любоў Усава родам з Сібіры. Архітэктараў не хапала, таму праектаваць палацы часта давяралі студэнтам. 

Штаб Беларускай вайсковай акругі (сучаснае Міністэрства абароны) і галоўны корпус БНТУ праектавалі ў «стылі 1812 года». У ім адбіліся паралелі паміж вайной з Напалеонам і Другой сусветнай. WIKIMEDIA COMMONS

Трохі вар’яцтва на плошчы Перамогі

Многія будынкі цэнтра праектаваў Міхаіл Баршч, колішні мадэрніст, аўтар маніфеста сучаснасці — маскоўскага планетарыя, вучань Жаўтоўскага. Настаўнік уратаваў яго ад рэпрэсій супраць яўрэяў і сасватаў у Мінск.

Баршч кіраваў перапланіроўкай плошчы Перамогі. Яшчэ да вайны ён задумаў ансамбль жылых дамоў, якія падкрэслівалі берагі Свіслачы: дзве сіметрычныя групы па тры будынкі, аб’яднаныя каланадай. Вуглавыя вежы навеяныя фламандскай архітэктурай XVII стагоддзя. Ніз дамоў — буйная рустоўка родам з Фларэнцыі, верх — выкшталцоная тынкоўка ў духу ранняга Рэнесансу.

Архітэктар хоць і прыстасаваўся да сталінскага ампіру, але не падначаліўся яму, імкнучыся прыўнесці элементы сучаснасці ў пацёмкінскія вёскі палацаў на праспекце. З боку двароў Баршч змог усунуць у ансамбль канструктывісцкія элементы: акцэнт на строгай і функцыянальнай вертыкальнасці зашклёных ліфтавых шахтаў. Так нараджалася эклектычная, трохі вар’яцкая архітэктура.

Каб дасягнуць візуальнай сувязі паміж праспектам і зялёнымі насаджэннямі, архітэктары стваралі ўздоўж праспекта порцікі (на ўваходзе ў парк Горкага, парк Чалюскінцаў, Батанічны сад). Для гэтага ж ставілі балюстрады і дэкаратыўныя вазы — набытак французскіх садоў. Раней яны служылі французскаму абсалютызму, цяпер сталінізму.

Баршч таксама спраектаваў порцік мінскага стадыёна «Дынама» — трайную арку з карынфскіх калон. Нібы рымскую археалогію перанеслі ў Мінск. 

Нечаканы канец

У 1950 годзе Масква запатрабавала ад Мінска рэзка скараціць выдаткі на будаўніцтва. Плошча рэканструкцыі скарацілася амаль удвая. У 1954-м увогуле прыйшоў загад спыніцца і пераходзіць да спрашчэння архітэктуры. Наступныя тры гады архітэктары і ўлады БССР яшчэ цягнулі час, спадзяваліся, што чарговы паварот палітыкі дазволіць закончыць задуманае.

У Мінску яшчэ паспелі з’явіцца мікрараёны стандартных дамкоў-палацыкаў. Яны захавалі маштаб, сувымерны чалавеку, таму ў гэтых раёнчыках так утульна.

Асмалоўка — чароўнасць сціпласці, мінімум дэкору: франтоны над дзвярыма, вуглавыя эркеры, драўляныя вуглавыя балконы і рустоўка. Аўтазавод: лоджыі, порцікі з тасканскімі калонамі і франтоны, якія абрамляліся здвоенымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі. А ў раёне Трактарнага з’яўляюцца элементы Версаля…

Усёй кнігай Фаб’ен Бела паказвае, што наш горад — гэта не толькі і не столькі сталінскі ампір. Карані пасляваеннай архітэктуры Мінска сягаюць і ў Старажытныя Рым ды Грэцыю, і ў Венецыю і Фларэнцыю часоў Рэнесансу, і ў Францыю Людовіка XIV, і ў нямецкае барока, і ў класічную англійскую культуру, і ў Пецярбург часоў Пятра І, і ў Маскву пасля 1812 года… Кожны архітэктар звяртаўся да сваёй любімай эпохі, перапрацоўваючы дэталі любімых будынкаў. З улікам гэтага прагулка па праспекце набывае зусім іншае вымярэнне. Сталічныя калоны не становяцца менш велічнымі, але надзіва зусім перастаюць ціснуць.

Клас
60
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
11
Сумна
10
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?