На раптоўнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў першых шэрагах знаходзілася сям’я Лукашэнкі, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі: міністры і сілавікі, напрыклад, дзяржсакратар Рады бясьпекі і генпракурор, некаторыя дэпутаты парлямэнту.

Былі на цырымоніі спартоўцы, працаўнікі дзяржаўных СМІ і артысты. Сярод апошніх быў і сьпявак Аляксандар Саладуха. Ён быў выканаўцам хіту «Здравствуй, чужая мілая». Нядаўна ён разам зь іншымі беларускімі і расейскімі музыкамі зьняўся ў кліпе на песьню «Любімую не аддаюць». Песьня гэтая была напісана ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў разгар пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

У інтэрвію журналісту «Настоящего времени» Цімуру Алеўскаму, запісанаму 24 верасьня, Аляксандар Саладуха расказаў пра тое, чаму ён падтрымлівае дзейную ўладу, як прайшла цырымонія інаўгурацыі і ў якім настроі прысутнічаў на ёй сам Лукашэнка.

— Як вам здалося ўчора на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён настроі?

— У добрым настроі, у гуморы.

— Як вы даведаліся пра тое, што інаўгурацыя адбудзецца ўчора?

— Мяне пазаўчора запрасілі ў Міністэрства культуры, адна з супрацоўніц дала мне званочак вечарам, сказала, што «вас запрашаюць».

— Вас клікалі да гэтага калі-небудзь на інаўгурацыю?

— Не, я ўпершыню ў жыцьці быў.

— Не растлумачылі, чаму вас на гэты раз вырашылі паклікаць? Я разумею, што вам гэта прыемна, мяркуючы па тым, як вы пра гэта расказваеце, але цікава, чаму?

— Я думаю, таму, што я мэдыйная пэрсона ў краіне, вядомая асоба.

— Ці абмяркоўвалася ўчора сярод гасьцей інаўгурацыі (можа быць, тымі, хто сядзеў справа, зьлева ад вас — я ведаю, сёстры Грузьдзевы сядзелі непадалёк ад вас), чаму гэтую інаўгурацыю не паказваюць па тэлевізары ў момант, калі яна адбывалася?

— Трэба, напэўна, спытаць у супрацоўнікаў тэлеканалу.

— А вы як думаеце?

— Я ня ў курсе

— Ці здаецца вам добрай навіной тое, што інаўгурацыю не паказвалі ў момант, калі яна адбывалася, хоць мінулы раз яе паказвалі ў жывым эфіры?

— Я так думаю, напэўна, гэта права тых людзей, хто гэта праводзіць, так зрабіць.

— Вы ніколі ня ўтойвалі, што галасавалі за Аляксандра Лукашэнку, вы ўзялі ўдзел у кліпе, які нядаўна запісвалі разам з расейскімі зоркамі. Можаце расказаць, як вы фармулюеце свой пункт гледжаньня — чаму вы галасавалі за Аляксандра Лукашэнку?

— Таму што я жыву ў гэтай краіне, ён наш прэзыдэнт, я працую ў гэтай краіне. Я на прафэсійнай сцэне ўжо 33 гады, мяне ўсё задавальняе. Я шыкоўна працую, шыкоўна зарабляю, мне ніхто не перашкаджае, у нас сваё ІП з Наташай ўжо 14 гадоў — індывідуальны прадпрымальнік Саладуха Аляксандар Антонавіч. Я ўсяго дасягаю сваёй працай, сумленна плачу падаткі дзяржаве, мы пабудавалі дом, у нас нарадзілася дачушка. У нас з Наташай чацьвёра дзяцей на дваіх, пяцёра ўнукаў. Чым я магу быць незадаволены, скажыце, калі ласка? Я сам сабе раблю ўсе свае гастрольныя касавыя канцэрты. За 33 гады працы на сцэне я правёў больш за тысячу касавых канцэртаў па Беларусі. Наўрад ці ёсьць яшчэ артыст у нашай краіне, хто даў такую колькасьць касавых канцэртаў. Заказных мерапрыемстваў у мяне столькі, што проста абрываецца тэлефон. Заўважце, не я прашу на заказныя — мяне клічуць людзі: арганізацыі, прадпрыемствы, прыватныя, дзяржаўныя і гэтак далей. Як я магу быць не задаволены?

Што тычыцца касавых канцэртаў, я знайшоў шыкоўную схему: я ўсё раблю сам ад А да Я. Па-першае, у мяне свой гук, сваё сьвятло, свой экран, праектар, гастрольны аўтобус, які стаіць перада мной у двары нашага загараднага дома. Я сам арганізоўваю сабе ўсе гастролі, сам працую наўпрост з кожным дырэктарам кожнага прадпрыемства кожнага гораду, прапаную купіць квіткі на свае канцэрты. Я ня маю права прымусіць некага, я маю права прапанаваць купіць квіткі на свае канцэрты, і яны маюць калясальны посьпех.

— Аляксандар, а калі не сакрэт, калі вы кіраўнікам прадпрыемстваў прапануеце купіць квіткі на вашы канцэрты, мяркуецца, што частку выручкі з гэтага канцэрту вы вернеце яму ў якасьці падзякі?

— Ніколі гэтага не было і ня будзе. Ніколі. Мяне бацька выхаваў быць сумленным і прыстойным чалавекам. Бацька ў мяне маёр Узброеных сіл Савецкага Саюзу, Уладарства яму нябеснае, 23 гады таму ён пайшоў з жыцьця, адслужыўшы 26 гадоў у шэрагах Узброеных сіл Савецкага Саюзу ў Падмаскоўі, дзе я нарадзіўся, потым далёкі Казахстан — возера Балхаш, вайсковы гарадок ля Прыазёрскага, потым ужо на пэнсіі — Беларусь. Я сумленны.

Па гэтай схеме я працаваў з 2010 году, калі вырашыў заваяваць усе стадыёны і лядовыя палацы нашай краіны, задаўшы сабе ўсяго толькі адно простае пытаньне: «Чаму расейскія і сусьветныя зоркі могуць прыяжджаць зьбіраць стадыёны і лядовыя палацы спорту, а беларускія — не?» Я сказаў, што я буду першым, я гэта зраблю. Я знайшоў схему, як сабраць дзьве-тры тысячы гледачоў. Ніхто табе не дапаможа: ні прэзыдэнт, ні губэрнатар, ні мэр гораду, ні дырэктар лядовага палацу, ні стадыёну. Уключай галаву, Саша Саладуха. Я пачаў браць сьпісы — гэта не забаронена — у выканкамах, у гарвыканкамах, у аблвыканкамах і наўпрост працаваць з кожным дырэктарам кожнага прадпрыемства кожнага гораду. І я ўбачыў: схема працуе.

Паўтараю, я нікога ня маю права прымушаць. Я прыдумаў такую схему, і яна пачала прыносіць калясальны посьпех. Я працаваў па гэтай схеме касавыя канцэрты з 2010-га па восень 2018 году. Зь лістапада 2018-га касавыя канцэрты пакуль у краіне не працуюць, таму што ў мяне мора заказных мерапрыемстваў. Летась у мяне было 187 заказных мерапрыемстваў за год. Навагодніх заказаў у мяне было 55 — гэта рэкорд наогул у краіне. З 1 сьнежня 2019-га па 1 лютага 2020 году 55 навагодніх карпаратываў. Зьвярніце ўвагу, ня я прашуся туды — мяне клічуць людзі. Я сёньня ўжо атрымаў заказ ад аднаго з буйных гарадоў на Новы год — ужо сёньня, у верасьні. Заказы ідуць і ідуць, і яны будуць яшчэ больш ісьці дзякуючы вашаму інтэрвію, дзякуючы ўчорашняму на TUT. BY

— А вы думаеце, што ў той сытуацыі, якая цяпер склалася ў краіне, ёсьць людзі, якія ня згодныя з вынікамі выбараў? Вы згодныя з вынікамі выбараў?

— У любой краіне ў любы час ня могуць быць усе стоадсоткава згоднымі. Не маглі людзі Кабзона любіць ці Майкла Джэксана — увесь зямны шар. Абавязкова хтосьці любіў, а хтосьці — не. Так уладкаваны [сьвет].

— Як вам здаецца, выбары прайшлі сумленна ці не?

— Я думаю, што так.

— Тады адкуль узяліся людзі на вуліцах? Чаму яны туды прыйшлі?

— Выходзяць, напэўна, пратэставаць.

— Супраць чаго?

— Трэба спытаць у гэтых людзей, якія выходзяць.

— А як вы думаеце?

— Я заняты творчасьцю.

— Калі выбары прайшлі сумленна, а вы ўчора ўшаноўвалі пераможцу, то навошта міліцыі спатрэбілася біць людзей на вуліцах?

— А навошта людзі выходзяць, ніяк не магу зразумець, і парушаюць парадак?

— Вы лічыце, што гэта парушэньне парадку?

— Перакрываюць вуліцы. Я паглядзеў вечарам у сацсетках. Навошта?

— А чаму, вы думаеце, людзі думаюць, што выбары прайшлі несумленна — тыя, хто выходзяць на вуліцы? І ці не здаецца вам, што вы як артыст, чалавек, які карыстаецца велізарнай папулярнасьцю ў Беларусі, павінны ўзвысіць свой голас, зацікавіцца гэтым пытаньнем? Бо гэта вашы слухачы.

— Я назіраю менавіта дзяржаўныя каналы, я іх гляджу кожны дзень, як любы жыхар Беларусі. Я веру таму, што гавораць там.

— А калі яны заўтра раптам пачнуць казаць усё інакш або навыварат?

— Я ня думаю, што пачнуць гаварыць інакш, таму што ў нас моцная дзяржава, моцны ўрад і моцны прэзыдэнт. Паглядзіце, што робіцца ва ўсім сьвеце: у Амэрыцы, якая быццам бы самая галоўная дзяржава сьвету; што дзеецца ў Эўропе.

— У Амэрыцы прэзыдэнты мяняюцца. А што дзеецца ў Эўропе?

— Што на вуліцах адбываецца ва ўсіх краінах, паглядзіце, што там робіцца.

— Я жыву ў Чэхіі — тут нічога не робіцца. Справа ня ў гэтым. Справа ў тым, што ў той краіне, дзе я жыву цяпер, людзі мяняюць ўладу на выбарах. Яны ўдзельнічаюць у сумленным палемічным спаборніцтве перад тым, як адбываецца галасаваньне.

— Напэўна, так і павінна быць.

— Вы езьдзіце па Беларусі, бывалі ў многіх гарадах. У Беларусі вельмі шмат лядовых палацаў у кожным горадзе. За той час, што вы езьдзіце, людзі ў гарадах, на ваш погляд, сталі багацейшыя або бяднейшыя?

— У мяне ў асноўным усюды аншлягі. Паўтараю, касавыя канцэрты я даваў па лістапад 2018 году.

— Мяркуючы па вашых канцэртах, людзі — якія?

— Заможныя.

— Я езьдзіў па Беларусі і ў некаторых гарадах сустракаў людзей, якія скардзіліся на тое, што ім не хапае на жыцьцё і ў іх няма магчымасьці зарабіць грошай больш, чым ёсьць, бо эканоміка так пабудавана, прывязаная да дзяржавы, што больш, чым яны зарабляюць цяпер, у іх магчымасьці няма зарабіць. Як вы думаеце, маюць рацыю яны ці не?

— У мяне шмат знаёмых, сваякоў. Той, хто хоча зарабіць, той зарабляе заўсёды. Можна працаваць на дзьвюх, на трох, на чатырох працах. Прасьцей казаць, што цяжка, дрэнна, няма магчымасьці. Магчымасьць ёсьць заўсёды, і ня мне вам, Цімур, расказваць. Любы чалавек, які хоча дасягнуць выніку, вышыні, ён будзе працаваць 24 гадзіны на суткі. Ня скардзіцца.

— Ня скажаш, што людзі, якія зарабляюць менш за нас з вамі, працуюць мала. Ёсьць людзі, якія працуюць у сельскай мясцовасьці, у іх даволі цяжкая праца.

— Я думаю, што ў сельскай мясцовасьці людзі атрымліваюць вельмі добра — камбайнэры, хлебаробы і гэтак далей

— Не шкада вам, што сярод гасьцей інаўгурацыі ўчора не было вашых расейскіх калегаў, якія бралі ўдзел у запісе таго самага роліка?

— Чаму мне павінна быць шкада?

— Мне здаецца, такой радасьцю хочацца падзяліцца са сваімі знаёмымі, зь сябрамі, суседзямі.

— Гэта было мерапрыемства нашай краіны — інаўгурацыя прэзыдэнта, і кіраўніцтва краіны запрасіла тых, каго палічыла патрэбным запрасіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?