У розных гарадах Беларусі маладыя людзі былі затрыманыя спэцназам.

У Гомелі супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі праявілі павышаную ўвагу да «падазроных элемэнтаў», што сабраліся ля помніка Кірылу Тураўскаму. Як паведамляе «Радыё Свабода», «вартаўнікі парадку» затрымалі каля 15 чалавек «для высьвятленьня асобы».

Пяцёра актывістаў дэмакратычнага руху – Ільля й Іван Шылы, Аляксей Валабуеў, Дзяніс Карноў і Аліна Таранік – па той жа зачэпцы былі схопленыя ў Салігорску. Там некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на цэнтральнай плошчы гораду.

А ў Менску, аказваецца, да парушэньня закону прыраўноўваецца запальваньне сьвечак у месцы масавай гібелі людзей – ля памятнага знаку ля ўваходу на станцыю мэтро «Няміга». Там спэцназ затрымаў каля 10 чалавек.

Апроч таго, як паведамляе «Хартыя-97», каля пад’езду свайго дому была затрыманая моладзевая актывістка Анастасія Палажэнка. Непаўналетнюю дзяўчыну схапілі супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжурылі побач у аўтамабілі. Пры затрыманьні яны ўжылі фізычную сілу – дзяўчыне вывернулі рукі, а таксама разьбілі мабільны тэлефон. У Першамайскім РАУСе ад Анастасіі Палажэнкі патрабавалі сазнацца ў вывешваньні ў цэнтры Менску расьцяжкі «Свабоду Зьмітру Дашкевічу!». Празь дзьве гадзіны дзяўчына была вызваленая без складаньня пратаколу.

Адносна спакойна Дзень салідарнасьці прайшоў у Магілёўскай вобласьці. У Бабруйску каля капліцы побач з могілкамі актывісты грамадзкага руху запалілі сьвечкі. А ў самім абласным цэнтры, як паведамляе «Радыё Свабода», прайшло адразу некалькі акцый. Група актывістаў з партрэтамі палітвязьняў і зьніклых палітыкаў у руках у суправаджэньні міліцыянтаў некалькі разоў прайшла па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Тым часам сябры незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» пакінулі патрэты сваіх арыштаваных паплечнікаў каля помніка Леніну. А ўвечары апазыцыянэры раскідалі з дахаў дамоў улёткі, традыцыйна запалілі сьвечкі памяці і вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг перад будынкам абласнога КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?