Станіслава Гліннік, асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва, 30 студзеня 2024 года. Фота:»Зеркало»

Станіслава Гліннік, асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва, 30 студзеня 2024 года. Фота:»Зеркало»

29-гадовая Станіслава Гліннік да нядаўняга часу была супрацоўніцай Сакратарыята Каардынацыйнай рады. З канца 2023 года яна асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай.

«Я займаюся камунікацыяй з людзьмі, з якімі яна сустракаецца. Дапамагаю ёй дамаўляцца аб сустрэчах, узаемадзейнічаць з партнёрамі, у тым ліку падчас міжнародных візітаў», — расказвае дзяўчына.

Даручэнні тычацца толькі працы — схадзіць у краму ці забраць дзяцей са школы Ціханоўская сваю памочніцу не просіць.

Станіслава кажа, што, прыслухоўваючыся да парады дзеда не лезці ў палітыку, пазбягала палітычных колаў, пакуль жыла ў Беларусі, да 18 гадоў.

«Але ўсё роўна ўляпалася, яшчэ ў Мінску. Нават нягледзячы на тое, што не была ні ў якіх моладзевых арганізацыях, не была актывісткай нейкіх рухаў, усё роўна прымудрылася быць чатыры разы затрыманай яшчэ да паўналецця.

Я зразумела, што, можа быць, дзед і не хоча, каб я танула ў нашых беларускіх апазіцыйных колах, але гэта ўсё роўна адбудзецца, таму што я хачу зменаў для сваёй краіны. Ён хацеў для мяне лепшай будучыні. Не хацеў, напэўна, каб паўтарала яго лёс або лёс тых, з кім ён працаваў. Думаю, што я гэтага і не раблю. У мяне свой лёс. Я дарослы чалавек, які можа сам прымаць рашэнні ў сваім жыцці».

Рашэнне далучыцца да каманды Ціханоўскай яна прыняла лёгка.

«Я дзесяць гадоў пражыла ў Польшчы, і пасля дзвюх размоў з [дыпламатычным дарадцам Ціханоўскай] Дзянісам Кучынскім, які, уласна, і прапанаваў мне пераехаць у Літву і паспрабаваць свае сілы ў офісе, пагадзілася. І за месяц пераехала».

«Не было адкрытай вакансіі, на якую я б магла падаць сваё рэзюмэ. На гэтую пасаду прэтэндавалі яшчэ некалькі кандыдатаў. Але выбралі мяне», — дзеліцца дзяўчына.

Станіслава кажа, што яе ўяўленні пра Святлану Ціханоўскую з тым, якая яна насамрэч, не супалі.

«Мне здаецца, у публічнай прасторы Святлану вельмі часта недаацэньваюць. Я была пад вялікім уражаннем, калі мы пачалі працаваць разам, таму што зразумела, што за тры гады Святлана сфармавалася як самы падрыхтаваны і навучаны палітык. Як чалавек з самым багатым досведам міжнароднай камунікацыі, які ёсць цяпер у Беларусі. Як абсалютны стоік. Як чалавек, які дзеля агульнага дабра можа кругласутачна працаваць без выхадных. Яна ўвесь час адклікаецца на ўсе прапановы аб сустрэчах, дапамогі і гэтак далей.

Святлана праз сябе прапускае ўсе гісторыі і асабіста чытае ўсё, што ёй пішуць беларусы. Я не ўяўляла сабе, што ў нас праз тры гады засталіся людзі, у якіх яшчэ захавалася такая працаздольнасць».

Дзяўчына заўважае, што Ціханоўская бывае строгай начальніцай, але заўсёды па справе.

«Яна патрабавальная, аднак адзінае яе патрабаванне — каб людзі выконвалі тыя абавязкі, якія на сябе бяруць. Яна добры менеджар».

Станіслава вучылася ў Ліцэі БДУ, Варшаўскім універсітэце, цяпер працягвае вучобу ў Варшаўскім універсітэце прыродазнаўчых навук. Працавала ў няўрадавых арганізацыях.

Клас
35
Панылы сорам
5
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2