Медыкі і юрысты арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасць» падрыхтавалі дакумент «Бачанне працы пенітэнцыярнай медыцыны і псіхалогіі ў Беларусі».

«Так здарылася, што сёння ўвага грамадскасці да таго, што адбываецца за турэмнай сцяной, прыцягнутая. Гэта дае ўпэўненасць, што будуць сур’ёзныя змены. Думаю, што тыя цаглінкі, якія мы сёння закладаем, будуць спрыяць рэфармаванню пенітэнцыярнай сістэмы», — лічыць Васіль Завадскі, праваабаронца і былы кіраўнік медслужбы ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС.

Праблем у турэмнай медыцыне багата. Эксперты кажуць пра неабходнасць стварэння адзінай базы медычных даных на волі і за кратамі — каб былы вязень, які трапляе да доктара на волі, мог проста патлумачыць, якія хваробы ў яго з’явіліся за кратамі, і наадварот. Таксама варта прапрацаваць структуру медычнай і псіхалагічнай дапамогі за кратамі, напаўненне яе кваліфікаваным штатам і распрацоўку медычных пратаколаў для выкарыстання ў зняволенні.

Ёсць медычныя галіны, з якімі ў турме зусім блага.

Напрыклад, стаматалогія: былыя вязні сведчаць, што за кратамі складана атрымаць якасную стаматалагічную дапамогу. Васіль Завадскі расказвае, што ў ПК-14 вязні самі рабілі каронкі для зубоў, бо там яны працуюць з каляровымі металамі і могуць гэта рабіць. 

Не распрацаваныя ўмовы, каб зняволеныя маглі атрымаць належную дапамогу псіхолага ці псіхіятра, ладзіць прафілактыку суіцыдаў. Псіхалагічная дапамога трэба і пасля вызвалення. Псіхолаг Вольга Вялічка расказвае пра крыніцы стрэсу для вязня: немагчыма размаўляць спакойна і без турэмных паняццяў, трэба камунікаваць з людзьмі, якіх ты сам не абіраеш, і прыняць негалосныя турэмныя законы, прыняць штодзенныя прыніжэнні ад супрацоўнікаў і зняволеных. Псіхалогія групы прымушае чалавека падпарадкавацца і стаць часткай турэмнай супольнасці.

Юрыст і былы палітвязень Алег Граблеўскі распавёў пра свой досвед карыстання «псіхалагічнай дапамогай» у мінскім СІЗА-1. Паводле Граблеўскага, ён зразумеў, што гутарыў з псіхолагам, толькі калі пачуў адмысловае «псіхалагічнае» пытанне — «ці не збіраешся ты павесіцца». 

Яшчэ адно сведчанне было ад Леаніда Судаленкі, праваабаронцы і былога палітвязня. Леанід мае цукровы дыябет, але цягам 2,5 года зняволення ні разу не меў магчымасці памерыць узровень цукру ў крыві.

Асобная гісторыя — медыцына ў ШІЗА, ПКТ і карцарах. На думку аднаго з экспертаў, такі від зняволення — само па сабе катаванне, і яно не мусіць існаваць нават як «заслужанае» пакаранне за нейкія парушэнні за кратамі.

Эксперты сышліся на тым, што як мінімум пытаннямі здароўя за кратамі мусіць займацца Мінздароўя, а не МУС. 

Завадскі тлумачыць, што аўтары дакумента не ставяць задачу ўсё раскрытыкаваць, стараліся шукаць пазітыў. Напрыклад, для пэўнай катэгорыі вязняў за кратамі медычная дапамога больш даступная, чым на волі, і фармальныя падыходы да меддапамогі не адрозніваюцца ад медыцыны на волі.

Яны прызнаюць: на жаль, нічога не зробіш з турэмнай медыцынай, калі сістэма закрытая. Мусіць быць грамадскі нагляд за пенітэнцыярнай сістэмай, амбудсмены і больш спрошчаны доступ у калоніі. Рэфарміраванне сістэмы медыцыны і псіхалогіі ў зняволенні мусіць быць часткай рэфармавання пенітэнцыярнай сістэмы, а то і больш шырокіх грамадскіх рэформаў у Беларусі.

Адвакатка Людміла Казак тройчы займалася справамі, якія скончыліся вынясеннем смяротнага пакарання. Сутыкалася з пытаннямі і медычнай, і псіхалагічнай дапамогі такім зняволеным. Паводле яе, пасля вынясення прысуду і да яго выканання прысуджаныя да смяротнага пакарання фармальна маюць тыя ж правы, что і іншыя вязні. Адмоваў у медычнай дапамозе ці скарг на адкрыта няякасную дапамогу адвакатка не згадвае, але часта трэба было рабіць такую дапамогу больш хутка.

Неабходную медычную дапамогу такім асуджаным аказвалі, хаця і па мінімальных стандартах, тлумачыць Людміла. Але ж з псіхалагічнай дапамогай было цяжэй. У асуджаных была бяссонніца і шмат стрэсавых перажыванняў, ім прызначалі антыдэпрэсанты, але тыя не дапамагалі, казалі зняволеныя.

«Сказала, што нават год за кратамі можна параўнаць са смяротным прысудам». Як пенсіянерка апынулася за кратамі за палітыку

«Няскораных палітвязняў запісалі ў групу радыкалаў». Вакол платформы «Адно акно» разгарэлася дыскусія — прычынай стала адна з рэкамендацый

«Цэрбер вялікім нажом разразае мне твар». Студэнтка Ася Булыбенка — пра самае цяжкае зняволенне пасля зняволення, спробу суіцыду і вяртанне да жыцця

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?