Фота: Valeriy Voennyy / vecteezy.com

Фота: Valeriy Voennyy / vecteezy.com

У новы пакет санкцый, якія плануе ўвесці Еўрасаюз супраць Расіі і Беларусі, могуць увайсці 11 прадстаўнікоў абароннай сферы Беларусі. Іх абмяжуюць у магчымасці атрымаць візы і замарозяць актывы.

Як стала вядома «Радыё Свабода», сярод іх:

  • першы намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Алег Мішчанка, за павелічэнне паставак узбраення і вайсковай тэхнікі ў Расію;

  • намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Аляксандр Рахманаў (за прасоўванне вайскова-тэхнічнай супрацы з Расіяй);

  • начальнік 230-га агульнавайсковага палігона ў Баранавіцкім раёне Аляксей Лабко (за падрыхтоўку на палігоне мабілізаваных расіян);

  • першы намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Павел Муравейка (за забеспячэнне развіцця рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі);

  • начальнік Дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валерый Равенка (за арганізацыю і рэалізацыю вайсковай супрацы з Расіяй);

  • старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў;

  • начальнік 174-га навучальнага палігона вайскова-паветраных сіл і войскаў СПА Віталь Яфанаў (адказваў за падрыхтоўку расійскіх мабілізаваных);

  • камандзір 61-й авіябазы ў Баранавічах Леанід Давідовіч (базу выкарыстоўвалі для запуску ракет па Украіне);

  • намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Сяргей Лагадзюк;

  • начальнік Гомельскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Уладзімір Чаравухін (адказны за выкарыстанне гомельскага аэрапорту для самалётаў паветрана-касмічных сіл Расіі);

  • намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі Вячаслаў Расалай (адказны за перадачу Расіі ўзбраення і вайсковай тэхнікі для вайны ва Украіне).

Чакаецца, што галоўным у 12-м санкцыйным пакеце Еўрасаюза стане забарона гандлю расійскімі алмазамі і звадкаваным газам, а таксама імавернае ўзмацненне ліміту цэнаў на продаж расійскай нафты.

Апроч таго, плануюць забараніць пастаўкі ў Расію хімічных рэчываў, літыевых батарэй, тэрмастатаў, рухавікоў пастаяннага току, матораў для беспілотнікаў, станкі і дэталі абсталявання, якія можна выкарыстоўваць у ваеннай прамысловасці.

Еўракамісія таксама разглядае магчымасць, каб еўрапейскія кампаніі, якія кантралююць грамадзяне Расіі або расійскія юрыдычныя асобы, атрымлівалі дазвол на перавод грошай за межы Еўрасаюза.

Абмеркаванне гэтых прапаноў адбудзецца ў Бруселі на гэтым тыдні.

Чытайце таксама:

Беларусь і яшчэ тры краіны сарвалі міжнародныя перамовы аб «крывавых алмазах»

«Ні сыру няма, ні да сыру няма». Беларусы расказалі, як змяніла іх жыццё ўвядзенне эмбарга на тавары з «недружалюбных» краін

«Беларуськалій» хоча адсудзіць у Літвы мільярд даляраў за забарону перавозкі калійных угнаенняў

Клас
24
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
5