Скрыншот відэа ў тыктоку

Скрыншот відэа ў тыктоку

Таксіст расказаў, як адпрацаваў змену ў «Яндэкс.таксі», на якую прыйшлася ноч з пятніцы на суботу — гэта быў якраз пачатак доўгіх лістападаўскіх выходных. Хлопец адзначыў, што нецвярозых кліентаў было шмат. Таму калі ён прыехаў па чарговым адрасе і пабачыў добра апранутага маладога чалавека, то быў вельмі рады — нарэшце нармальная замова. Але радасць была нядоўгай: кліент літаральна лёг у аўто, а ў салоне з’явіўся ўстойлівы пах алкаголю. 

— Раптам я ў люстэрка бачу, што ззаду ззяюць вочы, у якіх няма жыцця. Кліент кажа: «Мы ж на Сельмаш едзем?». Я адказваю: «Здаецца, не». «У цябе адрас — Якуба Коласа?» — «Так». — «Ну значыць на Сельмаш» — «Няма там аніякага Сельмашу, аб чым ты гаворыш увогуле?!»

Кліент шчыра абурыўся тым, што таксіст працуе ў Гомелі, але нічога не ведае пра горад. Але быў нюанс: гісторыя адбывалася зусім у іншым месцы — у Полацку. Гэта інфармацыя дапамагла пасажыру раптам стаць цвярозым. Згадаць, як жа яго занесла так далёка ад дому, хлопец не мог.

Таксіст патлумачыў:

— Ты ў Полацку, табе да дома 440 кіламетраў, пяць з паловай гадзін язды. Да Гомеля 600 рублёў — і мы там, няма пытанняў.

Пасажыр вырашыў, што гэта занадта дорага, і таксіст адвёз яго на вакзал. Цяпер таксіст спадзяваецца, што хлопец дабраўся да дому і з ім усё добра.

Відэа завірусілася ў тыктоку — яно сабрала амаль 665 тысяч праглядаў. Сярод каментатараў знайшліся і тыя, хто трапляў у аналагічныя сітуацыі:

«Я так аднойчы ў Мазыры апынуўся. Добра, што сам я са Жлобіна», «Я аднойчы выйшаў з дому за цыгарэтамі ў Гродне… Праз двое сутак у Смаленску прачнуўся», «Ён як я пагуляў: я з гомельскага Сельмаша ў Мінску апынуўся».

Па афіцыйнай статыстыцы, спажыванне алкаголю на душу насельніцтва (ва ўзросце 15 гадоў і старэй) у Беларусі складае 10,8 літра. Апошнія гады гэта лічба крыху зніжаецца, але спажыванне алкаголю ў краіне ўсё яшчэ істотна перавышае рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (да 8 літраў на душу насельніцтва за год). Акрамя таго, Беларусь застаецца ў лідарах па спажыванні моцнага алкаголю — 6 літраў на чалавека.

Чытайце таксама:

«Ён проста сіні ўжо». У Віцебску падчас трэш-стрыму памёр чалавек

У Беларусі зробяць вакцыну ад алкагалізму? Спыталі меркаванне нарколага

Пад Стоўбцамі прайшла закрытая рэйв-вечарынка, якая скончылася трагедыяй

Клас
8
Панылы сорам
20
Ха-ха
25
Ого
7
Сумна
11
Абуральна
11