Нёман. Здымак ілюстрацыйны. Фота: nastgaz.by

Нёман. Здымак ілюстрацыйны. Фота: nastgaz.by

«Хтосьці купаўся побач, нават не ведаючы пра цела»

На той вечарынцы былі сябры чытача «Люстэрка» Аляксея. Паводле яго слоў, рэйв называўся «ОМС», квіток каштаваў 30 рублёў. Мужчына сцвярджае, што ўсё было неафіцыйна: чэкаў не давалі, а пазней аказалася, што па паперах ніякага мерапрыемства ў той дзень і не было.

Пры гэтым для ўдзельнікаў арганізавалі шатры, пляцоўку для танцаў і ежу. Інфармацыя пра вечарынку была апублікаваная ў закрытай групе ў Telegram, а месца правядзення паведамілі напярэдадні падзеі. Усім трэба было прыехаць на бераг Нёмана каля вёскі Кругліца Стаўбцоўскага раёна.

«Са слоў сяброў, усяго там знаходзілася чалавек з 50—100, — расказвае Аляксей. — Спачатку ўсё было добра, музыка, танцы. Хоць некаторыя ўдзельнікі рэйва ўжывалі не толькі алкаголь. Але потым арганізатары сталі рэкламаваць купанне і прапаноўваць людзям асвяжыцца, хоць месца там вельмі небяспечнае, з моцнай плынню.

У выніку ноччу хлопец патануў — гэта было пры маіх сябрах. Прычым хтосьці купаўся побач, нават не ведаючы пра цела. Яшчэ танула дзяўчына, але яе паспелі выратаваць».

У выніку арганізатары былі вымушаныя выклікаць МНС, а тыя выклікалі АМАП. Аб прыездзе сілавікоў першымі даведаліся «гаспадары» вечарынкі і похапкам «замяталі сляды».

«Сябры чулі, як хлопец-арганізатар праз тэлефон прасіў кагосьці дапамагчы і як потым ён крычаў сябрам, што едзе не МУС, а АМАП, — кажа суразмоўца. — Потым арганізатары сутаргава пазрывалі бранзалеты-пропускі ў людзей з рук, згарнулі намёт і музыку, усё падчысцілі. І паспяхова звалілі з грашыма і абсталяваннем, як быццам людзі самі сабраліся».

Паведамленне пра патанулага мужчыну паступіла ў МНС у 4:16 раніцы 19 жніўня. Пасля гэтага на месца прыехалі сілавікі. Некалькіх чалавек апыталі, яшчэ некалькіх, магчыма, забралі. Але ў гэтай інфармацыі чытач «Люстэрка» дакладна не ўпэўнены, бо ў мітусні ніхто нічога не разумеў, і з'явілася шмат чутак.

«Але сябры распавядалі, што затрымалі адну дзяўчыну, якую палічылі арганізатарам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Яны пра гэта ведаюць, таму што трохі з ёй пагутарылі там. Яна казала, што прыехала з Польшчы да сяброў пабачыцца, патусавацца, і збіралася потым вярнуцца, — удакладняе Аляксей. —

Каля пятай раніцы сілавікі з'ехалі — і ўсё: не было ні медэкспертаў, ні крыміналістаў, не збіралі доказаў. Проста паставілі там таблічку «Купанне забаронена».

Пасля ад'езду АМАПа і супрацоўнікаў МНС многія заставаліся на месцы вечарынкі. Хтосьці проста не хацеў з'язджаць, заплаціўшы грошы, хтосьці быў занадта п'яны, каб садзіцца за руль.

«Хоць некаторыя з'ехалі п'янымі адразу, каб паспець да прыезду АМАПа, — дадае суразмоўца. — Мае сябры заставаліся там да абеду нядзелі, і на той момант было яшчэ шмат народу.

Што яшчэ вядома пра трагедыю?

Паводле зводкі МНС, а чацвёртай гадзіне раніцы ім паведамілі пра ўжо патанулага ўдзельніка рэйва. Рэгіянальнае выданне «Прамень» таксама пісала, што 19 жніўня ў Стаўбцоўскім раёне «кампанія маладых людзей адпачывала на рацэ Нёман» і што там «патануў чалавек». Праўда, у сацсетках мясцовыя жыхары ўдакладняюць, што выданне памылілася, распавёўшы пра 32-гадовага мужчыну, які скакаў у ваду і зламаў шыю — гэта было ў іншым месцы. А падчас згаданага рэйва ўдзельнік загінуў.

«У іх навіны перамяшаліся. У пятніцу ноччу патануў хлопец дзесьці ў раёне Кругліцы. Там нейкая вечарынка закрытая была. Іх у суботу спецслужбы разагналі», — напісаў адзін з каментатараў.

Яшчэ адзін мясцовы жыхар распавёў «Люстэрку», што ягоныя сябры былі на закрытым мерапрыемстве. І яны пацвярджаюць: падчас вечарынкі патануў чалавек.

«Па плане яны павінны былі гуляць з вечара пятніцы да нядзелі, — дадае суразмоўца. — Але ў суботу прыехалі сілавікі і ўсіх разагналі. Не ў курсе, затрымлівалі кагосьці ці не, але сяброў гэта ў любым выпадку ніяк не закранула. Яны сабралі палатку і з'ехалі ў іншае месца, дзе спакайней, і далей працягнулі адпачынак». 

Чытайце таксама:

15-гадовы падлетак патануў у Святым возеры ў Магілёве

«Не ўмеў добра плаваць, але паплыў насустрач сябру». У Смаргонскім раёне патануў 25-гадовы хлопец

У Арменіі трагічна загінуў пасол Украіны

Клас
3
Панылы сорам
16
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
8
Абуральна
10