Падчас размовы з кіраўніком спраў Шумілінскага райвыканкама Сяргеем Белагаловым. Скрын відэа канала «Рудабельская Паказуха»
Сяргея Белагалова судзілі сёння паводле арт. 428 ч.2 (Службовая халатнасць). Пра судовае паседжанне паведаміў тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».
Падчас размовы, якую апублікавалі ў пачатку чэрвеня на ютуб-канале «Рудабельская Паказуха», блогерка Вольга Павук распытвала кіраўніка спраў Шумілінскага райвыканкама, чаму ў адным з калгасаў банкруцтва, у той час, як Міністэрства сельскай гаспадаркі сцвярджае, што стратных гаспадарак няма, колькі траціцца на абслугоўванне аўтамабільнага парку райвыканкама. Але чыноўнік унікаў адказа.
Калі Вольга спыталася, навошта патрэбна яго пасада ў райвыканкаме, як яна паляпшае жыццё людзей у раёне, чыноўнік адказаў: «Калі вы лічыце, што дадзеная пасада недарэчна, то ўносьце прапановы».
— Колькі Шумілінскі раён атрымлівае датацый? — пыталася Вольга Павук
— Шумілінскі раён датаваны на 58 працэнтаў.
— Так вы нават напалову сябе не корміце. Які толк ад вашай працы, калі вы на 58% датацыйныя? У вас карова 1,3 літра малака ў дзень дае.
— 8,2. Вось я паглядзеў апошнюю інфармацыю. А не, гэта канец красавіка.
— Так калі добрыя надоі, чаму тады банкруцтва?
— А з-за чаго банкруцтвы ўзнікаюць у гаспадарцы?
— Так вы мне пра гэта раскажыце.
— Я не кірую сельскай гаспадаркай, але на пальцах магу распавесці. Калі сям'я пачынае траціць болей, чым яна зарабляе, яна ў канцы канцоў сыдзе ў банкрута і будзе шукаць спонсара.
— А адкуль Шумілінскі раён бярэ сродкі? Дзе вы знайшлі спонсара?
— З рэспубліканскага і абласнога бюджэту. Ёсць раёны, якія зарабляюць і на сябе, і на суседа.
— Якія ў Шумілінскага раёна перашкоды, каб зарабляць і даваць суседу?
— Эканамічнае развіццё Шумілінскага раёну вось такое, якое ёсць. Сельская гаспадарка ў тым выглядзе, у якім яна ёсць.
— Так што рабіла ўлада ўсе гэтыя гады ў Шумілінскім раёне?
— Зменшылі датацыю з 70 да 58%.
— І з якога года было 70?
— Хіба што з моманту ўтварэння раёна, з 1932 года.
— Так колькі ж вам яшчэ спатрэбіцца гадоў, каб выйсці на самаакупнасць?
— Усё будзе залежыць ад працы людзей у кожнай сферы.
— Так дзе ў вас слабае звяно?
— А вы ўсё ведзяце да таго, што слабае звяно гэта раённая ўлада?
Адносна банкруцтва калгасу чыноўнік заўважыў, што яно — адзін з спосабаў паляпшэння эканомікі дадзенай гаспадаркі. Ён прывёў прыклад, як два гады назад у раёне абанкруцілі калгас, а затым далучылі яго да суседняга. У выніку, па словах Белагаловага, «людзі атрымліваюць дастойны заробак».
Чытайце яшчэ:
«Рудабельскую паказуху» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем