У жніўні 2021 года 24-гадовая Марына адпрацавала размеркаванне пасля ўніверсітэта і задумалася над пошукам працы.

«Два гады прасядзець на дзяржаўным прадпрыемстве за 500 рублёў, ператрываць усю гэтую постсавецкую сістэму ідыятызму — праца не з лёгкіх. Я працавала інжынерам-праграмістам на адным буйным мінскім прадпрыемстве, але гэта проста прыгожыя словы. Ніякім праграмаваннем там і не пахла, умоўна кажучы, я проста сачыла за правільнасцю працы некаторых праграм, акрамя мяне, на гэтай пасадзе было яшчэ некалькі людзей», — распавядае дзяўчына.

Пасля гэтага яна звольнілася і вырашыла, што трэба было б нарэшце зарабіць грошай. І пастанавіла для сябе, што пераезд у Польшчу — добры варыянт.

«Польшча ўвесь час была на слыху, я часта чула, што там добрыя заробкі, і агулам ніколі не чула адмоўных водгукаў, таму і загарэлася гэтай ідэяй.

Па-першае, я ніколі раней не была за мяжой, і мне вельмі цікава было паглядзець, як жывуць і чым дыхаюць людзі ў іншай краіне. Ну і, натуральна, хацела зарабіць грошай, таму што «галодныя» флэшбэкі пра 500 рублёў усё яшчэ сядзелі ў памяці», — кажа Марына.

Дзяўчына расказвае, што перш чым кудысьці ісці і нешта рабіць, спачатку старанна вывучыла пытанне і праглядзела ўвесь інтэрнэт.

«Спачатку я паглядзела, якая мне наогул патрабуецца віза і што трэба, каб яе адкрыць. Пасля я пайшла ў агенцтва і высветліла прыкладны кошт адкрыцця працоўнай візы. У верасні 2021 года гэта было каля 900 рублёў, аднак можна было сур'ёзна ашчадзіць, калі ў вас на руках будзе сваё запрашэнне ад працадаўцы.

Таму я вырашыла пачаць пісаць проста ўсім запар, на ўсе вакансіі, якія плюс-мінус падыходзілі на фэйсбуку. У выніку першымі мне адказалі з нейкага склада прадуктаў харчавання, прапаноўвалі бясплатнае жыллё і заробак 1000 еўра. Мяне гэта больш чым задавальняла.

У выніку я атрымала запрашэнне і падала яго разам з усімі астатнімі дакументамі ў агенцтва. Візу атрымала прыкладна праз пяць тыдняў, яна была на паўгода, заплаціла каля 700 рублёў», — успамінае Марына.

Па яе словах, ехала яна з вялікім натхненнем і прадчуваннем. Але па прыездзе ўсё аказалася не так маляўніча, як першапачаткова распісваў працадаўца.

Пакой у хостэле, дзе жыла беларуска. Фота: архіў гераіні

Пакой у хостэле, дзе жыла беларуска. Фота: архіў гераіні

«Усё пачалося з жылля, таму што абяцалі даць бясплатны пакой, а ў выніку мне паведамілі, што ў мяне з заробку проста будуць вылічваць 600 злотых (130 даляраў) на арэнду звычайнага месца ў хостэле. Ну, я падумала: добра, асабліва выйсця ў мяне няма, прыйдзецца змірыцца з тым, што ёсць.

Сама праца была не сказаць, каб занадта мудрагелістая, але аказалася занадта цяжкой фізічна: мне з ростам 155 см і вагой 50 кг было няпроста. Даводзілася збіраць і пакаваць вялікія скрыні з прадуктамі для адпраўкі, а там такая сістэма, што чым больш ты загрузіў скрынь, тым больш зарабіў.

У мяне была адна з самых нізкіх выпрацовак на складзе проста з-за маёй камплекцыі, хоць я вельмі старалася», — кажа дзяўчына.

Паводле яе слоў, хлопцы, якія працавалі на гэтым самым складзе, за змену рабілі скрынь разу ў паўтара больш, чым яна.

«За першы месяц з улікам арэнды хостэла я атрымала каля 550 еўра, а трэба было яшчэ і на нешта жыць. Хостэл, дарэчы кажучы, знаходзіўся за кіламетры два ад склада, і дарога да яго ішла праз лес, дзе я часцяком магла назіраць перамяшчэнне розных дзікіх жывёл, у тым ліку лісаў, што выклікала ўва мне жудасны страх.

А час наступіў халодны, быў пачатак лістапада, на вуліцы раніцай вельмі цёмна, увогуле, было жудасна», — кажа Марына.

Умовы ў хостэле, са слоў дзяўчыны, былі нядрэнныя, але часцяком бывала, што суседзі ладзілі шумныя вечарынкі з алкаголем, а адзін раз нават здарылася бойка.

«Дзяўчаты-суседкі часцяком нешта адзначалі, што не магло мяне не раздражняць. Асабліва калі прыходзіш пасля 10-гадзіннай змены і не можаш зайсці на кухню прыгатаваць сабе паесці. Але добра, што такое здаралася рэдка», — кажа Марына.

Акрамя ўсяго гэтага, дзяўчына адзначае, што ў вёсачцы, у якой яна працавала, былі велізарныя праблемы з грамадскім транспартам — выбрацца ў вялікі горад было амаль немагчыма.

«Аўтобус да найбліжэйшага горада хадзіў адзін раз і адразу ж вяртаўся назад. Гэта значыць, калі выбірацца пагуляць кудысьці на выхадных, то трэба было ехаць на два дні, што для мяне было немагчыма, бо ў такім выпадку даводзілася б траціць дадатковыя грошы», — расказвае Марына.

Польская вёсачка, дзе знаходзіцца прадуктовы склад. Фота: архіў гераіні

Польская вёсачка, дзе знаходзіцца прадуктовы склад. Фота: архіў гераіні

Паводле слоў дзяўчыны, маральна ёй з кожным днём станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Сядзець на гэтым складзе дзеля адкладзеных 500 еўра яна ўжо амаль не бачыла сэнсу.

«На складзе была велізарная цякучка, бывала, што чалавек прыходзіў на некалькі дзён і адразу звальняўся, а ў сярэднім працягласць працы там складала прыкладна паўгода, хоць былі і старажылы, якія працавалі больш за год. Відавочна, што ўсё гэта было нездарма. Урэшце, я таксама наважылася звольніцца, бо мне ўжо проста надакучыла плакаць, прыходзячы з працы», — успамінае дзяўчына.

У выніку Марына прапрацавала на складзе крыху больш за тры месяцы, прывезла дадому 1300 еўра і шмат-шмат расчаравання.

«Напэўна, гэта была ўсё ж памылка. Разумею, што я зрабіла няправільны выбар вакансіі, ну, і мне проста не пашанцавала.

Больш планаў ехаць на працу ў Польшчу ў мяне не было. Але калі мне не пашанцавала — гэта не значыць, што так усюды», — завяршыла Марына.

Чытайце таксама:

Імідж беларусаў у вачах палякаў перажывае катастрофу — сацапытанне

«Свой пераезд у Польшчу я і цяпер лічу здрадай». Як будаўніца са страйкама будуе бізнэс у Варшаве

«Бабры грызлі лес, а мы падбіралі бярвенне». Беларусы робяць у Польшчы драўляныя цацкі і набіраюць у тыктоку мільёны праглядаў

Клас
41
Панылы сорам
92
Ха-ха
26
Ого
10
Сумна
79
Абуральна
34