Арыентацыя на расійскага гледача

У тэлеграм-канале БТ прапагандысты выклалі допіс, дзе, спасылаючыся на рэйтынг ад Infopolicy, прыйшлі да наступнай высновы: «Аўдыторыя сама зразумела, хто ёсць хто, і чэрпае інфармацыю ад правераных дзяржСМІ, якім можна давяраць і якія за «базар адказваюць».

Фота: скрыншот з тэлеграм-канала БТ

Фота: скрыншот з тэлеграм-канала БТ

Як самі прапагандысты «адказваюць за базар», можна праверыць, паглыбіўшыся ў лічбы статыстыкі, прыведзеныя ў тым рэйтынгу. І хоць яго нельга лічыць на сто адсоткаў рэлевантным (звесткі па ютуб-канале «Нашай Нівы», якія мы бачым у адмінцы, крыху адрозніваюцца ад прыведзеных у рэйтынгу), нават ён адзначае адну важную заканамернасць. 

Рэч у тым, што асноўная аўдыторыя ютуб-каналаў беларускіх дзяржаўных медыя — гэта гледачы з Расіі. Доля падпісантаў з Беларусі ў іх невялікая. 

Крыніца табліцы: infopolicy.biz

Крыніца табліцы: infopolicy.biz

Так, напрыклад, у канала агенцтва БелТА 1 250 000 падпісчыкаў. Але 58,47% аўдыторыі складаюць карыстальнікі з РФ. Доля беларусаў сярод падпісчыкаў — усяго 11,46%! То-бок на канал БелТА падпісаныя каля 143 тысячы чалавек з Беларусі. Гэта дакладна не самы папулярны беларускі інфармацыйны канал у ютубе. Праглядаў з Беларусі ў яго таксама будзе няшмат.

Падобныя лічбы па аўдыторыі і ў іншых каналаў, якія занялі першыя тры радкі майскага рэйтынгу па праглядах.

Рэйтынг Infopolicy па праглядах за май

Рэйтынг Infopolicy па праглядах за май

Канал «СБ ТВ» (выдавецкі дом «Беларусь сегодня») заняў другі радок рэйтынгу. Асноўная аўдыторыя канала таксама не ў Беларусі. На долю падпісчыкаў з РФ прыпадае 57,83% аўдыторыі. У той час як на падпісчыкаў з Беларусі — 13,76%. Такім чынам, атрымліваецца, што на іх канал падпісаныя ўсяго каля 59 тысяч чалавек з Беларусі.

На трэцім радку рэйтынгу па праглядах за месяц аказаўся канал «АТН» (канал Белтэлерадыёкампаніі). З іх 966 тысяч падпісчыкаў амаль 57% прыходзіцца на РФ. Доля беларускай аўдыторыі — 13,34%, ці каля 129 тысяч чалавек.

На чацвёртым месцы майскага рэйтынгу ад Infopolicy ідзе канал «БЕЛСАТ NEWS». У яго 483 тысячы падпісчыкаў, з якіх на долю карыстальнікаў з Беларусі прыпадае 57,59%. То-бок на канал падпісаныя 278 тысяч карыстальнікаў з Беларусі, што амаль у два разы больш, чым у канала БелТА, які заняў першае месца па праглядах. Доля падпісчыкаў з РФ у канала «БЕЛСАТ NEWS» — усяго 9,28%.

На пятым месцы па праглядах у рэйтынгу знаходзіцца ютуб-канал СТБ. У яго доля расійскай аўдыторыі крыху меншая за іншых прапагандыстаў. На падпісчыкаў з РФ прыпадае 45,74% аўдыторыі, а з Беларусі — 21,59%, ці каля 144 тысячы чалавек.

Такім чынам, калі складаць рэйтынг зыходзячы з долі беларускай аўдыторыі, пазіцыі дзяржаўных медыя ў ім будуць выглядаць ужо не так радасна.

Што атрымаецца, калі глядзець на беларускую аўдыторыю?

На першым месцы па колькасці падпісантаў з Беларусі ў такім рэйтынгу акажацца «канал БЕЛСАТ NEWS» з 277 тысячамі беларускіх падпісчыкаў.

Другі радок па колькасці падпісантаў з Беларусі — у ютуб-канала «АНТ». Яны маюць каля 223 тысяч падпісчыкаў з Беларусі.

Трэці радок па гэтым паказчыку займае канал «Страна для жизни». У іх каля 175 тысяч беларускіх падпісчыкаў.

Чацвёртае месца — за каналам «Реальная Беларусь» са 169 тысячамі фаловераў з краіны.

Пятае месца ў ютуб-канала СТБ — 144 тысячы падпісантаў з РБ.

Таму, як бачым, нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў задушыць цікавасць беларусаў да праўдзівых навін (за падпіскі на такія каналы можна атрымаць суткі), незалежныя рэсурсы ўсё адно карыстаюцца большай папулярнасцю ў жыхароў Беларусі, чым дзяржаўныя.

Акрамя таго, можна адзначыць і іншыя, не навіновыя, каналы, якія ствараюць кантэнт для беларусаў і маюць вялікую аўдыторыю. Напрыклад, «Жыццё-маліна» ці «Годна». Дзяржаўныя медыя і праўладныя блогеры не могуць пахваліцца наяўнасцю падобных папулярных каналаў. 

Чаму каналы беларускай прапаганды папулярныя ў Расіі?

Наплыў новых падпісчыкаў на каналах беларускіх дзяржрэсурсаў назіраўся з моманту пачатку блакавання ютубам каналаў расійскай прапаганды (пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022-м). Аўдыторыя некаторых з іх усяго за некалькі месяцаў кратна павялічылася.

Выбуховы прырост аўдыторыі ютуб-канала БелТА ў 2022 годзе. Фота: скрыншот з сайта socialblade.com

Выбуховы прырост аўдыторыі ютуб-канала БелТА ў 2022 годзе. Фота: скрыншот з сайта socialblade.com

Пра тое, што каналы беларускіх дзяржаўных медыя ў асноўным глядзяць расіяне, а не беларусы, сведчыць і змест каментароў пад відэа. Падрабязна пра гэты феномен мы пісалі яшчэ летась.

Чытайце таксама:

Чыноўнікі абвясцілі найлепшым інтэрнэт-праектам прапагандысцкі ютуб-канал, дзе некаторыя відэа збіраюць па 30 праглядаў

«Бацька маладзец! Адчуваю, трэба ў Беларусь пераязджаць!» Што адбываецца ў каментарах на дзяржаўных ютуб-каналах

Тэлеграм-каналы якіх СМІ карыстаюцца найбольшай папулярнасцю

Клас
11
Панылы сорам
5
Ха-ха
45
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?