Фота: архіў Надзеі Сядун

Фота: архіў Надзеі Сядун

«Першыя расліны назвала Янка і Кастусь»

Надзея пазнаёмілася з тым, як вырошчваць расліны, на прыкладзе сваёй сваячкі, для якой гэта галоўны занятак жыцця. Раней яе сваячка мела дачу і займалася агародніцтвам там, а пазней перабралася ў гарадскую кватэру, але не пакінула ўлюбёнай справы. Жанчына мае звычку саджаць больш раслін, чым ёй трэба, на выпадак таго, што нейкія з кветак не ўзыдуць. Таму яе вазонам пастаянна не хапала месца, і некаторымі з іх сваячка Надзеі дзялілася з блізкімі.

Праўда, сама Надзея раслінамі не займалася — не разумела, у чым сэнс такога хобі.

Усё змянілася з эміграцыяй: «Паўтара года таму я пераехала ў Польшчу і знайшла сабе кватэру на доўгі час. Тады я стала заводзіць першыя расліны, але пачала з тых, на якія не трэба шмат часу, якія ва ўсіх умовах будуць добра расці. Гэта быў фікус і яшчэ адна расліна, назвала іх Янка і Кастусь».

Саджанцы аказаліся сапраўды непатрабавальнымі і раслі добра, і тады дзяўчына адчула, што ёй патрэбна больш раслін. Пасадзіла костку авакада.

Ёсць стэрэатып, што ў некаторых людзей расліны выдатна растуць, нават калі не надаваць ім увагі, а ў некаторых, наадварот, ледзьве выжываюць нават пры найлепшым доглядзе. Надзея мяркуе, што зерне праўды ў гэтым ёсць: «Калі мы заязджалі ў цяперашнюю кватэру, папярэднія жыхары перадалі, што ў іх тут нічога не расце, таму мы, напэўна, можам і не спрабаваць, бо ў іх усе кветкі памерлі. Але ў мяне з кветкамі ўсё добра. У маёй бабулі, дарэчы, таксама ўсё расце, што б яна з тымі кветкамі ні рабіла. Думаю, яна можа знайсці нейкую палку і пасадзіць яе ў зямлю, і тая палка таксама пачне квітнець».

50 памідорак чэры з двух кустоў

У лютым 2022-га Надзея ўжо мела некалькі вазонаў, але не збіралася павялічваць свой хатні садочак. Новыя расліны з’явіліся нечакана — сябар падарыў два вазоны з памідорамі, якія сам пасадзіў. Калі ў кватэру прыехалі памідоры, Надзея не змяніла звычкі даваць раслінам беларускія імёны. Яна кажа, што для яе гэта важна, бо навошта нам чужыя? Гадаванцаў яна назвала Кандрат і Крапіва.

Паводле Надзеі, вырошчваць памідоры даволі проста, яны амаль што растуць самі па сабе. І прыносяць плады! У мінулым годзе з двух кустоў дзяўчына сабрала 50 памідорак чэры — дужа салодкія, смачнейшыя, чым у краме. У гэтым годзе яна пасадзіла новыя памідоры з леташняга насення.

«Асноўны догляд — своечасова паліваць. Таксама памідорам трэба сонца, і ў маёй кватэры якраз вокны выходзяць на сонечны бок — мне здаецца, гэта адна з прычын, чаму памідорам у мяне добра. Часам іх трэба перасаджваць у большы вазон, але я не заўсёды гэта раблю своечасова. Неяк памідоры раслі ў мяне ў зусім маленькім вазончыку, але з імі ўсё было добра. Калі бачу, што ім трэба падтрымка, дадаю ў ваду для палівання любое ўгнаенне, што трапляецца мне на вочы ў краме», — дзеліцца Надзея агародніцкімі сакрэтамі.

Фота: архіў Надзеі Сядун

Фота: архіў Надзеі Сядун

Але не аднымі памідорамі і авакада — Надзея вырошчвае яшчэ базілік і зялёную цыбулю. Яна расказвае, што любіць такія расліны, якімі можна адразу скарыстацца: зялёную цыбулю можна дадаваць у салаты ці іншыя стравы. Гэта таксама непатрабавальная расліна.

«Ёсць адчуванне, што я кагосьці аберагаю»

Ці багата выдаткаў патрабуе агародніцтва? Надзея расказвае, што зусім няшмат: «Часам, калі трэба нешта перасадзіць, купляю зямлю, таксама набываю гаршкі, але імі можна карыстацца шмат разоў. Часам купляю ўгнаенне і дадаю яго ў ваду — напэўна, і праз гэта расліны цудоўна сябе пачуваюць. Раз на некалькі тыдняў я ўвільгатняю лісце з пульверызатара, і раз на пару месяцаў, калі нейкай расліне трэба большы вазон, я яе перасаджваю. Перыядычна падразаю расліны, каб прыбраць ссохлае лісце».

У доглядзе за раслінамі дзяўчына збольшага абапіраецца не на пэўныя тэхнікі ды метады, а на інтуіцыю. Часам, калі з гадаванцамі нешта не так, патрэбна падказка больш дасведчаных садаводаў, але збольшага беларуска спраўляецца сама.

Надзея расказвае, што яе вельмі здзіўляе непатрабавальнасць памідораў, маўляў, ніколі не думала, што іх сапраўды можна вырасціць на падваконніку. Для яе важна, што праца з раслінамі ў чымсьці падобная да псіхатэрапіі:

«Гэта справа, якая на пэўны час адключае галаву. Калі займаюся раслінамі, усё, пра што я думаю, — гэта расліны, усю сваю ўвагу ў гэты момант скіроўваю на іх. Гэта аказвае тэрапеўтычны эфект, неяк маральна насычае. Ёсць адчуванне, што я кагосьці аберагаю, маю вельмі цёплыя пачуцці да раслін. А калі яны даюць плады, сэрца яшчэ больш радуецца, я атрымліваю ад гэтага задавальненне, нібыта яны мне адказваюць. Яшчэ чула, што з раслінамі трэба размаўляць, але сама не надта гэта раблю.

Мне кажуць, што мае памідоркі цудоўна выглядаюць, бо я ўкладаю ў іх шмат любові і цеплыні. Напэўна, і праз гэта яны добра растуць. Іх можна параўнаць са свойскай жывёлай, за якой таксама трэба глядзець і якая таксама ўзнімае настрой».

«Мае падпісанты ў інстаграме назіраюць, як памідоры растуць»

Карысць ад вырошчвання раслін адчувае не толькі Надзея, але і яе знаёмыя. Неяк дзяўчына падарыла сябру-паляку вазон з памідорамі, і потым той напісаў, што для яго садоўніцтва таксама стала тэрапіяй, ён адчувае сябе лепей праз новае хобі. Дзяўчына не шкадуе раздорваць саджанцы, бо іх у яе цяпер больш за дваццаць: яна пераняла бабуліну звычку саджаць больш раслін, чым ёй трэба. Таму беларуска збіраецца, калі гадаванцы крышку падрастуць, прыносіць іх сябрам у падарунак.

Як на такое хобі рэагуюць навакольныя? Дзяўчына дзеліцца станоўчымі водгукамі: «Публікую фота з падваконніка з кветкамі ў інстаграме, і мае падпісанты назіраюць, як гэтыя памідоры растуць, ужо цяпер там вісіць каля дзясятка сфармаваных пладоў. Мне здаецца, за гэтым прыемна назіраць і ўсе любяць гэтыя памідоры, як і я, бо сочаць за імі паралельна са мной. Нібыта гадуем іх усе разам, як дзіця».

Звычайна, кажа Надзея, усе госці здзіўляюцца, калі бачаць яе падваконнік з раслінамі — настолькі прыгожа ён выглядае. 

Пра свае кветкі Надзея расказвае з вялікай любоўю: «Калі я прачынаюся раніцай і бачу, што ў мяне на падваконніку з’явіўся новы памідор ці новая кветачка, я, канешне ж, радуюся, бо гэта і маё дасягненне. Гэта падтрымлівае мяне, у тым ліку тады, калі няма іншай падтрымкі і іншых здабыткаў. Калі займаюся кветкамі, у мяне адключаецца галава, магу ў гэты момант адмовіцца ад дрэнных думак пра ўсё, што адбываецца навокал.

Фота: архіў Надзеі Сядун

Фота: архіў Надзеі Сядун

Мне здаецца, зямля сапраўды лечыць душу. Зразумела, што на працягу 2022 года я трымалася ў тым ліку дзякуючы раслінам. Гэта нескладанае хобі, якое пры гэтым натхняе не спыняцца, таму я і працягваю гэтую справу».

Для Надзеі догляд за кветкамі — гэта і частка клопату пра свой ментальны стан, хобі, якое стала для яе крыніцай унутранага рэсурсу. Беларуска нагадвае, што варта заўсёды клапаціцца пра ментальнае здароўе і не забываць, што і ў такія складаныя часы, як цяпер, у нас усё роўна ёсць мы. Кожны можа сам выбіраць для сябе рэсурсны занятак, але калі вы думаеце пра садоўніцтва, не варта хвалявацца, што не дасцё рады: паводле Надзеі, усё можа атрымацца нашмат прасцей, чым здаецца.

«Быць проста Дашай, якая расказвае пра гісторыю Бабруйска — нецікава». Бабруйчанка робіць адукацыйны тыкток ад імя Бабра

«Мазалі, кроў і пастаянныя ўкусы». Ці можна сёння збудаваць бізнэс на бортніцтве?

Ген каманднасці, ген перавагі кавы над чаем… Як гены ўплываюць на наш жыццёвы выбар?

Клас
14
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?