Фота: lubartow.24wspolnota.pl

Фота: lubartow.24wspolnota.pl

34-гадовага грамадзяніна Украіны Максіма В. абвінавачваюць у замаху на забойства: год таму ён нанёс некалькі ўдараў нажом беларусу. Ён быў затрыманы паліцыяй адразу ж пасля інцыдэнту, і ўвесь гэты час яго ўтрымлівалі пад вартай, піша на падставе паведамленняў польскай прэсы выданне Most.

«Я не прызнаю сябе вінаватым, — падкрэсліў у судзе абвінавачаны. — Гэта ён напаў на мяне. Я забраў у яго нож, і ў той момант, калі забіраў, то параніў яго. Ён выбег на вуліцу, калі ў мяне ў руках апынуўся нож. Я крычаў яму: «Што ты робіш?» І пасля выкінуў гэты нож. Я забраў яго рэчы з вуліцы, прайшоў 200 метраў і мяне затрымалі паліцыянты».

Падсудны зрабіў прапанову суддзям.

«Я б хацеў дамовіцца. Няма сэнсу сядзець у Польшчы. Я не ўяўляю ніякай пагрозы. Я хачу экстрадыцыі ва Украіну. Там гіне шмат людзей, і я магу адказваць з Украіны. Я там патрэбны, Украіна павінна перамагчы. Я разлічваю на справядлівы прысуд».

Адвакат украінца звярнуўся да пацярпелага беларуса з запытам аб медыяцыі. Але той адмовіўся ад такой магчымасці.

«Пацярпелы не згодны. Па-першае, гэта тэхнічна немагчыма. А па-другое, ён не адчувае неабходнасці ў прымірэнні. Гэтая падзея наклала вялікі адбітак на яго жыццё, лячэнне ўсё яшчэ працягваецца», — адзначыў адвакат пацярпелага.

Самога беларуса ў зале суда не было. Па словах адваката, у яго ўзніклі праблемы з атрыманнем візы для ўезду ў Польшчу.

За замах на забойства Максіму В. пагражае ад васьмі гадоў да пажыццёвага зняволення.

Здарэнне адбылося 1 сакавіка 2022 года ў вёсцы Казлоўка недзе каля 30 кіламетраў ад Любліна. Беларус Яўген Б. прыехаў на заробкі, у той мясцовасці ён павінен быў адбыць каранцін. Максім В. жыў у тым самым доме. Па версіі пракуратуры, калі беларус пераносіў рэчы з аднаго пакоя ў іншы, на яго напаў абвінавачаны, які нанёс удар нажом у спіну, але трапіў у плячо. Яўген адштурхнуў нападніка, але абвінавачаны працягваў атакаваць далей. Пацярпелы змог перакуліць стол, затрымаць нападніка, уцячы з дому і папрасіць пра дапамогу.

Паліцэйскія затрымалі Максіма адразу ж пасля інцыдэнту. У яго пры сабе знайшлі рэчы, якія належаць беларусу: тэлефон, кашалёк з наяўнымі і дакументамі. Калі ў яго запатрабавалі растлумачыць сітуацыю, то той адказаў: «Гэта за вайну». Украінец расказаў следчым, што сварка адбылася праз вайну. Паводле яго, беларус адмаўляў, што расійскія войскі напалі на Украіну таксама і з Беларусі.

Чытайце таксама:

Падвойнае забойства ў Крупках: мужчына застрэліў сваю жонку і яе знаёмага

У Вялікабрытаніі беларус займаўся кібермахлярствам і атрымаў тэрмін

У Швейцарыі за шматлікія крадзяжы затрымалі чатырох хлопцаў, сярод іх і беларус

Клас
7
Панылы сорам
15
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
22