17 верасня на юрфаку БДУ праходзіла сустрэча намесніка генпракурора Аляксандра Лашына са студэнтамі некалькіх факультэтаў ВНУ. Запіс сустрэчы TUT.BY перадалі самі студэнты. Пытанні былі вострыя і актуальныя.

Аляксандр Лашын. Фота прэс-службы Генеральнай пракуратуры

Аляксандр Лашын. Фота прэс-службы Генеральнай пракуратуры

Навучальны год сёлета пачаўся са студэнцкіх акцый за сумленныя выбары і супраць гвалту праваахоўнікаў. Пасля гэтага чыноўнікі сталі больш актыўна прыязджаць на сустрэчы да студэнтаў, каб пачуць, што ж не задавальняе моладзь, і паспрабаваць наладзіць дыялог.

Аляксандр Лашын пачаў з таго, што студэнты могуць свабодна задаваць пытанні і не баяцца прапаноўваць сваё бачанне, як вырашыць праблемы.

— Мы можам разам правесці работу над памылкамі, але не на плошчах і вуліцах, а ў аўдыторыях, за круглым сталом. Абараніць свае правы можна толькі легітымна, — заявіў намеснік генеральнага пракурора.

Чаму няма ні адной крымінальнай справы на сілавікоў?

Першае пытанне датычылася злоўжывання ўладай сілавых структур, якія, па словах аднаго са студэнтаў, «бачыў кожны, хто сочыць за палітычнай сітуацыяй у краіне». Малады чалавек папрасіў патлумачыць, няўжо Генпракуратура пачынаючы з 9 жніўня не заўважыла ніводнага выпадку парушэння закона з боку праваахоўнікаў — бо да гэтага часу няма інфармацыі ні пра адну крымінальную справу.

Адзначым, што ў СК паступіла больш за 1800 заяў па ўсёй краіне.

— У адпаведнасці з артыкулам 174 Крымінальнага кодэкса, прыняцце рашэнняў па заявах або паведамленнях аб злачынствах, учыненых службовымі асобамі органаў унутраных спраў у сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю, адносіцца да выключнай кампетэнцыі Следчага камітэта, — растлумачыў Лашын. — Але мы ні ў якім выпадку не ўмываем рукі. На сённяшні момант у СК праводзяцца праверкі па кожнай заяве. Ёсць пэўныя цяжкасці.

Па-першае, вялікая колькасць заяў. Часцяком заявы паступаюць не толькі ад грамадзян, якія пацярпелі ад выкарыстання сілы сілавымі структурамі, але і ад тых, хто гэта назіраў або бачыў у тэлеграм-каналах, у інстаграме. З гэтага патоку неабходна вылучыць тых, хто з'яўляецца фігурантамі, тых, хто з'яўляецца відавочцамі і могуць даць свае тлумачэнні, і тых, хто проста запазычыў інфармацыю ў Інтэрнэце.

Па-другое, па шэрагу заяў неабходна прызначэнне судмедэкспертызы. У гэтым ёсць пэўная складанасць. Экспертам патрабуецца вызначыць сукупнасць медыцынскіх дакументаў. Часцяком гэтыя дакументы знаходзяцца не толькі ў розных клініках нашага горада, але і дзесьці ў іншых гарадах і абласцях. Даводзіцца збіраць матэрыялы, прыпыняць тэрміны праверкі. Яшчэ адзін момант, які адбіваецца на аператыўнасці: часцяком усё тлумачэнні трэба праверыць, знайшоўшы пацверджанні ў сістэмах відэаназірання. Трэба ідэнтыфікаваць асоб, якія бралі ўдзел. Гэта немаленькі аб'ём працы, які прыходзіцца рабіць работнікам СК.

Не сакрэт, што многія асобы, якія самі актыўна ўдзельнічалі ў гэтых масавых мерапрыемствах і беспарадках, спосабам абароны знаходзяць тыя моманты, што выказваюць прэтэнзіі да сілавых структур — што яны неабгрунтавана ўжылі да іх сілу, а яны ў гэты перыяд ішлі ў краму. Гэта таксама трэба праверыць.

Трэба вызначыць гэтых асоб у патоку інфармацыі. Паверце, ні адна заява не застанецца без разгляду. Я не прыхільнік паспешных рашэнняў. Трэба сабраць сукупнасць матэрыялаў, а потым прымаць рашэнне. Давайце аб'ектыўна разбяромся і кожны атрымае па заслугах. Завядзенне крымінальнай справы не паскорыць працэс па вызначэнні ісціны.

Фота прэс-службы Генеральнай пракуратуры.

Фота прэс-службы Генеральнай пракуратуры.

Чым займаецца камісія, якая павінна даць ацэнку парушэнням сілавікоў?

Далей рушыла ўслед пытанне аб рабоце міжведамаснай камісіі, створанай па ініцыятыве Генпракуратуры, каб даць ацэнку дзеянням сілавікоў, якія прывялі да гвалту. 

Чытайце:
Адзіны дэпутат у камісіі па расследаванні збіцця людзей: Мяне не запрашалі, я ж у адпачынку

— Роля камісіі — каардынацыя, следства яна не праводзіць, — удакладніў Лашын. — Яе мэта — каб ні адна з заяў не засталася не разгледжанай. Па выніках працы камісіі пры неабходнасці яна скажа сваё важкае слова.

— Калі камісія скажа сваё слова толькі «пры неабходнасці», ці не здаецца вам, што ў камісіі даволі прыніжальная роля? — удакладніла ў намесніка генеральнага пракурора адна са студэнтак.

— Я не з'яўляюся членам гэтай камісіі, не ведаю, якія задачы перад ёй ставіліся, і не ўпаўнаважаны каментаваць яе работу. Кожны з намеснікаў генпракурора курыруе пэўны кірунак. Не прынята і, на мой погляд, нават непрыстойна аднаму намесніку цікавіцца, што робіць другі ці трэці. Кожны займаецца свае справай, дакладвае вынік.

Чаму збітыя не маглі прайсці судмедэкспертызу?

Далей ішло пытанне, чаму, калі з Акрэсціна пачалі выпускаць першых збітых затрыманых, ім не давалі магчымасць прайсці судмедэкспертызу. Аляксандр Лашын заявіў, што гэта проста «немагчыма».

— Таму што судова-медыцынскую экспертызу прызначае следчы. Любы грамадзянін можа звярнуцца ў любы траўмапункт, дзе спецыялісты, абсалютна незалежныя, зафіксуюць цялесныя пашкоджанні, якія ёсць. Гэта не тычыцца нават гэтых падзей, я ў прынцыпе кажу, як яно павінна быць.

Судова-медыцынскую экспертызу прызначаюць афіцыйным актам. Ніхто нікому не забараняе фіксаваць цялесныя пашкоджанні. Многія з Мінска паехалі ў Брэст, Віцебск, там звярнуліся па дапамогу. Калі яны звярнуліся ў СК ці МУС і сказалі, што мяне збіў «Іваноў, Пятроў, Сідараў», у іх бы абавязкова прынялі заяву і далі накіраванне на медыцынскі агляд.

Што рабіць тым, хто ўпэўнены, што выбары сфальсіфікаваныя?

Студэнты спыталі ў Аляксандра Міхайлавіча, што рабіць тым, хто ўпэўнены, што выбары былі сфальсіфікаваныя, як дзейнічаць легальным, як раіць пракурор, спосабам. На гэта госць сказаў, што «трэба было пісаць скаргу ў ЦВК, а потым абскардзіць рашэнне ў Вярхоўным судзе».

На рэпліку, што ЦВК не выявіў ні аднаго парушэння, Лашын заявіў, што гэтае пытанне не да яго.

— Калі вы хочаце маё асабістае меркаванне як грамадзяніна і выбаршчыка, то, па-першае, у нас ёсць афіцыйныя вынікі выбараў. Па-другое, у мяне ёсць пэўнае кола знаёмых, сяброў, у якіх магу ўзяць інфармацыю. Платформа «Голас» таксама цікавіць мяне. На падставе сукупнасці інфармацыі раблю высновы.

Як грамадзянін, я глыбока ўпэўнены ў выніках выбараў. Паверце, у нас ёсць і свае спецыфічныя крыніцы. Мы ведаем усе гэтыя схемы, я проста не хачу аб гэтым гаварыць. Паглядзіце выступы палітолагаў і нашых, і расійскіх, і ўкраінскіх. Цікавыя дыскусіі праходзяць у Салаўёва.

Фота прэс-службы Генеральнай пракуратуры.

Дзе доказы, што ўдзельнікам плацяць за акцыі пратэсту?

Слова ўзяў студэнт, які заявіў, што «кіраўнік МУС — аўтарытэтны чалавек, і яму трэба давяраць».

— Ці валодае МУС доказамі, што ўдзельнікам несанкцыянаваных акцый плацяць грошы, прычым плацяць за мяжой: чэхі, украінцы, палякі? Я веру, што Караеў сумленны чалавек і не стаў бы хлусіць — дык няхай апублікуе гэтыя дадзеныя.

— Адзінае, што магу паабяцаць — перадам Юрыю Хаджымуратавічу вашу просьбу. Як ён на яе адрэагуе, я не гатовы сказаць, — заявіў намеснік генпракурора.

Тады студэнт, спасылаючыся ўжо на Лукашэнку, папрасіў, каб Генпракуратура падала доказы ягоных слоў, што «бунтаўшчыкі на Захадзе ўплываюць на пратэст».

— Так, яны ўплываюць, вы паглядзіце, дзе ўсе гэтыя телеграм-каналы, — адказаў Лашын.

— Калі б яны былі тут, яны б сядзелі ў турме, і ніякіх тэлеграм-каналаў ужо б не было, — удакладніў студэнт.

— Вы ведаеце, малаверагодна, многія з вялікім задавальненнем туды з'ехалі.

Лукашэнка заклікаў пракурораў заплюшчыць вочы на закон?

Наступнае пытанне датычылася нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з калектывам Генеральнай пракуратуры, дзе прагучала заява, якую абмяркоўвала ўся краіна: «Я не заклікаю вас выратаваць дзяржаву ў парушэнне закона. Хоць калі ажыццяўляецца практычна нахабная інтэрвенцыя, як я яе называю, звонку, і яна падаграваецца знутры і кіруецца звонку. Вы ведаеце, там часам не да законаў. Трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усякую дрэнь, якая на гэта прэтэндуе».

Студэнты прасілі растлумачыць, як разумець словы Лукашэнкі: ён заклікаў пракурораў заплюшчыць вочы на закон?

— Вы трошкі няправільна інтэрпрэтуеце, — растлумачыў Аляксандр Лашын. — Я асабіста быў на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. І ён сапраўды сказаў, што вы павінны больш актыўна ажыццяўляць нагляд за выкананнем заканадаўства, вы павінны метадамі пракурорскага рэагавання адказваць на ўсе парушэнні, якія ёсць. Хоць, кажа ён, у складанай міжнароднай абстаноўцы бывае не да выканання законаў. І тут жа ён вяртаецца зноў: паважаныя пракуроры, я не заклікаю вас, дакладна вы павінны выконваць закон. Вось гэта яго (словы — заўв. TUT.BY). Ён не заклікаў (да ігнаравання закона — заўв. TUT.BY). Вы вырвалі з кантэксту.

— Куды я як грамадзянін магу звярнуцца з пытаннем, ці выконвае першы прэзідэнт закон? — спытаў у намесніка генпракурора адзін са студэнтаў. 

— Толькі ў Адміністрацыю прэзідэнта, — адказаў Лашын.

— Мне патрэбны не прэс-рэліз, — удакладніў студэнт. — Чаго я магу дамагчыся ў Адміністрацыі прэзідэнта? Мне здаецца, мне трэба ісці ў Следчы камітэт, у пракуратуру.

— Вам Аляксандр Міхайлавіч ужо адказаў, — удакладніла начальніца аддзела інфармацыі Генпракуратуры Анжаліка Курчак, якая таксама была на сустрэчы.

— Што вы скажаце пра тое, што словы прэзідэнта супярэчаць артыкулу 7 Канстытуцыі, які замацоўвае прынцып вяршэнства права? — удакладніла ў намесніка генпракурора адна са студэнтак.

— Не гатовы сказаць па артыкуле 7-м, у мяне пад рукой няма Канстытуцыі, на жаль, не ўзяў з сабой. Я ўжо адказваў, нічога іншага не скажу. Як удзельнік нарады, я не ўбачыў ніякіх парушэнняў з боку дзейнага кіраўніка дзяржавы. У адносінах да пракурораў патрабаванняў парушаць закон не было.

Фота прэс-службы Генеральнай пракуратуры.

Фота прэс-службы Генеральнай пракуратуры.

Начальнік ГУБАЗіК разбіў дзверы ў кафэ. Што з гэтай нагоды кажа пракуратура?

Іншая студэнтка згадала інцыдэнт, калі начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалай Карпянкоў пры затрыманні людзей разбіў дубінкай шкляныя дзверы ў кафэ, відэа шырока разышлося ў Інтэрнэце. Студэнтка юрфака папрасіла Аляксандра Лашына як юрыста пракаментаваць, што гэта было.

— Я карцінку бачыў, але не ведаю сутнасці таго, што адбываецца, — прызнаўся намеснік генпракурора. —

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў у адпаведнасці з законам «Аб органах унутраных спраў», законам «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці» і іншымі нарматыўна-прававымі актамі маюць права часам сілавымі метадамі пранікаць у жыллё і гэтак далей.

Я не ведаю канкрэтнай сітуацыі, калі супрацоўнік ГУБАЗіК разбіў (дзверы — заўв. TUT.BY), чым гэта было выклікана, таму не гатовы каментаваць.

— З тых падзеяў прайшло шмат часу, праясніць усю сітуацыю можна было, — лічыць студэнтка.

— Можна, але ў мяне не было цікавасці, бо гэтыя падзеі курыруюць іншыя. Уласнік гэтых дзвярэй, я думаю, ужо звярнуўся ў праваахоўныя органы. Па яго звароце правядуць праверку і дадуць адказ.

Чаму невядомыя ў балаклавах затрымліваюць людзей?

Яшчэ адна студэнтка юрфака адзначыла, што сур'ёзныя парушэнні адбываюцца падчас адміністрацыйных затрыманняў.

— Мы бачым на вуліцах людзей без апазнавальных знакаў, у зялёнай форме, з балаклавамі на галаве, якія затрымліваюць людзей, не называючыся, не тлумачачы прычыну затрымання, ніяк гэта не абгрунтоўваючы. Чаму так адбываецца?

— У законе «Аб міліцыі», «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці», у шэрагу інструкцый гэта прапісана, гэта не супярэчыць закону. Кіраўнік падраздзялення вызначае, у якой форме і як яны будуць дзейнічаць. Гэта ўзгадняецца з законам і дапускаецца.

— А што наконт прапаноў Караева аб удзеле сведкаў у судовых пасяджэннях у балаклавах, з выдуманымі імёнамі. Нават у законе «Аб зваротах» сказана, што ананімкі не разглядаюцца, акрамя асаблівых выпадкаў, звязаных са злачынствамі. Падкрэслю, са злачынствамі, а не правапарушэннямі. З чым звязаная неабходнасць хаваць свой твар на пасяджэннях па адміністрацыйных правапарушэннях?

— Заканадаўства дапускае змены асабістых дадзеных, выступленне пад выдуманымі імёнамі. Робіцца гэта па розных момантах. У гэтым нічога страшнага няма. Суддзя, які вядзе працэс, мае права даведацца ўсе асабістыя дадзеныя, праверыць іх. Чаму так робіцца? Па розных прычынах. Прынамсі, я бачу, калі прыходзяць пагрозы.

Я вам шчыра хачу сказаць, што не хацеў бы, каб у адрас маёй сям'і прыходзілі пагрозы або чуць пра сябе нейкую гадасць, каб нядобрыя рэчы пісалі маім дзецям, каб яны перажывалі.

Акрамя ўдзелу ў гэтых справах, супрацоўнік мог працаваць па іншых справах пад прыкрыццём, таму яму важна схаваць твар. Шмат падстаў, па якіх гэта можа быць.

Яшчэ было пытанне па справе, калі суд расцаніў факт заключэння дагавора з адвакатам як намер здзейсніць правапарушэнне.

— У прынцыпе грамадзянін можа заключыць дамову з любым адвакатам, хоць на пяць, хоць на 10 гадоў, — растлумачыў Аляксандр Міхайлавіч. — Калі суд спаслаўся на гэта як на доказ, можна абскардзіць пастанову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?