Апошні раз Аляксандра Будніцкага бачылі раніцай 11 жніўня, мужчына яшчэ спаў, а пасля абеду павінен быў выйсці на змену. На працы Аляксандр так і не з'явіўся, не вярнуўся і ў інтэрнат, дзе жыў апошнія два гады. Яго калегі напісалі заяву ў міліцыю аб знікненні чалавека, а ў панядзелак, 31 жніўня, даведаліся: Будніцкага няма ў жывых, нібыта яго цела знайшлі недалёка ад гандлёвага цэнтра «Рыга», піша Tut.by.

Фота: прадастаўлена чытачом

Фота: прадастаўлена чытачом

— Аляксандр жыў у нашым інтэрнаце і працаваў на Мінскім заводзе шасцерань, са сваякамі асабліва сувязь не падтрымліваў, жыў так — праца-дом-праца, — Сяргей тлумачыць, чаму менавіта калегі забілі трывогу, калі 11 жніўня Аляксандр Будніцкі не выйшаў у другую змену. — Я падняў шуміху на працы, што прапаў чалавек, чаму ніхто не шукае.

Аляксандру 53 гады, адзін час жыў у Расіі, разведзены, а два гады таму пасяліўся ў інтэрнаце на вуліцы Батанічнай. Тыя, хто жыў з ім у адным блоку, распавядаюць: мужчына па выхадных ездзіў у лес у грыбы і ягады, мог выбрацца па пакупкі на Камароўку, але часцей быў у сваім пакоі. Што да алкаголю, то, па словах суседзяў Аляксандра, ён мог выпіць, але ў запой не сыходзіў.

— З Аляксандрам мы жылі ў адным пакоі, вечарам 10 жніўня я вярнуўся позна, ён ужо спаў, але спытаў: «Адкуль ты, Паўлавіч, прыйшоў?» І ўсё. Раніцай сышоў у першую змену, Аляксандр яшчэ спаў, вярнуўся пасля працы, а яго няма — адну ноч, другую. Раней ён не знікаў, а калі кудысьці ехаў, тэлефанаваў мне, каб я не перажываў, — распавядае сусед Генадзь.

Іншы сусед па блоку, Сяргей, успамінае апошнюю размову з Аляксандрам Будніцкім.

— 10 жніўня мы з іншым калегам увечары ездзілі да «Рыгі», гэта тры прыпынкі ад інтэрната. Сюды звычайна ходзім па ежу, а ў той дзень вырашылі паглядзець, што там адбываецца. Бачыў на свае вочы, як стралялі і ўзрывалі. Калі вярнуліся ў інтэрнат, распавёў Аляксандру, што там рабілася. Больш яго не бачыў ні дома, ні на працы, — адзначае Сяргей. — Бачачы, што Аляксандра не шукаюць, разам з Генадзем 19 жніўня паехалі ў Першамайскае РУУС і пакінулі заяву. У нас яшчэ спыталі, удзельнічаў ён у акцыі ці не. Не так даўно з міліцыі прыйшоў адказ, што заява прынята і зарэгістравана.

Як сцвярджаюць Сяргей і Генадзь, з 11 жніўня і да моманту нашай размовы ніхто з супрацоўнікаў міліцыі з імі не звязваўся. Яшчэ першыя дні мужчыны спрабавалі датэлефанавацца да Аляксандра, ішлі доўгія гудкі, але ніхто не адказваў, а потым абанент быў па-за зонай доступу.

— У панядзелак я патэлефанаваў брату Аляксандра, ён паведаміў, што Будніцкага знайшлі мёртвым каля «Рыгі», нібыта нешта з сэрцам. Нават не ведаю… Аляксандр працаваў у першым цэху, на цяжкім участку, рабіў бартавыя дэталі, гэта фізічна складаная праца. У яго ішлі дэталі па 16, 30 кілаграмаў, уяўляеце? І 200-300 штук такіх дэталяў трэба перакінуць у дзень з месца на месца. Ён жартаваў: «Я жылісты». Аляксандр — чалавек неканфліктны, любіў пажартаваць, вечна расказваў анекдоты, ад палітыкі далёкі. Не выключаю, што 11 жніўня ён мог пайсці да «Рыгі», паглядзець, што там адбываецца. Тым больш асабіста мне казаў, што ў той дзень адпрасіўся з працы, — кажа Сяргей.

У мужчыны шмат пытанняў, якія пакуль застаюцца без адказаў: калі памёр Аляксандр; чаму ніхто ў людным месцы не ўбачыў цела мужчыны; калі ён памёр 11 жніўня і знаходзіўся ў моргу як неапазнаны, чаму пры звароце ў міліцыю пра гэта ім не паведамілі.

Валянцін, брат Аляксандра, у міліцыю з заявай не звяртаўся, учора яму паведамілі, што цела сваяка знайшлі «ў парку ў раёне Сурганава, каля «Рыгі».

— Нічога там такога, заўтра я атрымаю [цела]. Ён сышоў 11 жніўня, у міліцыі сказалі: ёсць сведкі, што ён папрасіў закурыць і пры іх здарыўся прыступ, быў у стане моцнага алкагольнага ап'янення. 12 жніўня ён ужо паступіў на экспертызу. Прайшла нейкая левая інфармацыя ад калегаў, што ён не мае сваякоў, — кажа Валянцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?