22—23 снежня адбудзецца пасяджэнне Дзяржаўнай камісіі па выбары месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва АЭС, паведаміла на прэс‑канферэнцыі 4 снежня начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мінэнерга Беларусі Лілія Дулінец.

«Тэрміны па выбары пляцоўкі былі вызначаныя да канца 2008 года. Гэтыя тэрміны не адсоўваюцца. 22—23 снежня пройдзе пасяджэнне дзяржаўнай камісіі, якую ўзначальвае міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц, там і будзе вызначана пляцоўка», — зазначыла яна.

Паводле яе слоў, на наступным тыдні Беларусь наведае эксперт МАГАТЭ. Падчас гэтай місіі будуць дадзеныя рэкамендацыі па выбары пляцоўкі і ацэнка мерапрыемствам па развіцці атамнай энергетыкі, што праводзяцца ў краіне.

Нагадаем, раней чакалася, што дзяржаўная камісія па выбары месца размяшчэння АЭС вызначыць пляцоўку для будаўніцтва на пасяджэнні 23 верасня. Аднак на пасяджэнні ў Міністэрстве энергетыкі канчатковае рашэнне так і не было прынятае.

14 кастрычніка падчас адкрыцця ў Мінску выставы EnergyExpo старшыня прэзідыума НАНБ Міхаіл Мясніковіч заявіў журналістам,

што найбольш прыярытэтнай для будаўніцтва АЭС у Беларусі застаецца Астравецкая пляцоўка (Гродзенская вобласць).
Другой па прыярытэтнасці, паводле яго слоў, з’яўляецца Чырвонапалянская (Чавускі раён Магілёўскай вобласці), трэцяй — Кукшынаўская (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці).
Старшыня прэзідыума НАНБ патлумачыў, што Астравецкая пляцоўка найбольш выгадная «ў пытаннях супраціўлення грунтаў».
У той жа час ён падкрэсліў, што цяпер вывучаюцца ўсе тры патэнцыяльныя пляцоўкі, і на ўсіх ніякіх забараняльных фактараў для будаўніцтва АЭС няма.

Будаўніцтва станцыі можа пачацца ўжо ў канцы гэтага года. Першы блок АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2016 годзе, другі — у 2018‑м.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0