Журналісты французскага інфармацыйнага агенцтва AFP знялі рэпартаж пра «Нашу Ніву» з нагоды яе вяртання ў афіцыйны распаўсюд.

Паглядзець відэа рэпартажу можна па гэтай спасылцы.

Для тых, хто не мае магчымасці глядзець відэа, падаем тэкст рэпартажу (у перакладзе на беларускую) і некаторыя кадры:

У рэдакцыі «Нашай Нівы», найстарэйшай беларускамоўнай газеты, віруе праца. Шчыруюць валанцёры.

Тры гады таму рэжым пазбавіў незалежную газэту магчымасці распаўсюду. Але, дзякуючы рашучасці адданых чытачоў, яна змагла выстаяць – хоць і ў падполлі.

Андрэй Дынько: «Я ніколі не думаў, што мы зможам рабіць гэта тры гады, але мы здолелі. Дзякуючы нашым чытачам, падпісчыкам, якія прыходзяць у рэдакцыю і нясуць газету ў паштовыя скрынкі».

Аляксандр – адзін з такіх валанцёраў. Гэта досыць рызыкоўны занятак. Некалькі яго калегаў-распаўсюднікаў былі арыштаваны падчас абыходу падпісчыкаў. Але гэта толькі ўзмацняе яго рашучасць.

Аляксандр Лагвінец: «Я зусім не баюся, асабліва ў гэты перыяд, калі рэжыму вельмі патрэбны нейкі дыялог з Еўрасаюзам. Хаця, насамрэч, рэжыму патрэбныя грошы ад Еўрасаюзу. Мы павінны быць яшчэ больш настойлівымі».

Дар’я Каткоўская: «Наша Ніва» адыгрывае вельмі важную ролю ў маім жыцці. Гэтая газета – адзіны шлях для многіх людзей даведацца пра сітуацыю ў Беларусі, палітыку, падзеі».

Сёлета адбылося некалькі станоўчых крокаў у бок паляпшэння свабоды прэсы. Некалькі палітычных вязняў былі вызваленыя, і ёсьць знакі таго, што «Наша Ніва» і яшчэ адна «забароненая» газета хутка атрымаюць магчымасць вярнуцца ў афіцыйную сетку распаўсюду. Але ёсць сумневы ў тым, наколькі далёка зойдуць тыя змены.

Ігар Бастунец: «З аднаго боку, мы пабачылі некаторыя паслабленні. Але з іншага боку, налета ўступіць у дзеянне новы закон пра СМІ, які будзе больш жорстка рэгуляваць медыі».

Нягледзячы на тое, што рэжым, магчыма, хутка дасць «Нашай Ніве» свабоду, забарона на многія іншыя апазіцыйныя і незалежныя газеты застанецца. Значыцца, такія валанцёры, як Аляксандар Лагвінец, будуць працягваць сваю працу.

Аўтары рэпартажу: Р. Саржэн, Т. Каліноўская, АFP

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?