Фота Depositphotos.com.

Фота Depositphotos.com.

«Доступ да звестак, якія склалі аснову вывучэння вакцыны, неабходны для праверкі і пацверджання заяўленых вынікаў, таму абмежаванне доступу да неабходнай інфармацыі падрывае давер да даследавання. Сітуацыя становіцца яшчэ больш сур’ёзнай, калі ў апублікаваных статыстычных звестках і выніках ёсць відавочныя памылкі і несупадзенні ў лічбах. На жаль, гэта якраз тое, што адбываецца ў выпадку з 3-й фазай выпрабаванняў вакцыны Sputnik V», — сцвярджаецца ў артыкуле.

Першая праблема заключаецца ў тым, што эпідэміёлагам не да канца зразумела, на аснове якіх звестак былі зробленыя высновы выпрабаванняў 3-й фазы. На думку экспертаў, у артыкуле не было шэрагу важных звестак, без якіх немагчыма аб’ектыўна ацаніць эфектыўнасць вакцыны.

Другая праблема датычыць несупадзенняў і непразрыстасці інфармацыі ў пратаколе даследавання. Эпідэміёлагі адзначаюць, што 5 лістапада 2020 года ў даследаванне дадалі тры прамежкавыя аналізы, але гэта змена не была зафіксаваная на ClinicalTrials.gov.

Акрамя гэтага, першасныя вынікі выпрабаванняў мусілі быць ацэненыя пасля першай дозы, але ацэнку адклалі да ўвядзення другой, аднак прычыны гэтых змен не былі пазначаныя. Больш за тое, на ClinicalTrials.gov першасны вынік вызначаны непаслядоўна.

Таксама ў пратаколе пазначана, што было даследавана 135 963 чалавекі і рандамізаваныя 21 977. Аднак у запісе на ClinicalTrials.gov узгадваецца, што было зарэгістравана 33 758 пацыентаў. Няма ніякай інфармацыі наконт таго, чаму былі выключаныя 13 986 удзельнікаў.

Трэцяя праблема, якая турбуе даследчыкаў, звязаная з несупадзеннямі ў лічбах, якія пазначаюцца ў даследаванні. Напрыклад, звесткі для вакцынаванай групы на 20-ы дзень адносяцца да большай колькасці людзей, чым на 10-ы дзень. Незразумела, ці то адсутнічала інфармацыя пра 100 удзельнікаў да дзясятага дня, ці то пасля дзесяці дзён дадалі яшчэ ўдзельнікаў. Гэта ставіць пад сумнеў дакладнасць і іншых звестак.

Таксама эпідэміёлагаў здзівіла, што для ўсіх узроставых груп эфектыўнасць вакцыны была амаль аднолькавай. Навукоўцы праверылі аднароднасць эфектыўнасці вакцыны па ўзроставых групах з дапамогай тэстаў узаемадзеяння, у выніку якіх высветлілася, што існуе вельмі малая верагоднасць такой аднароднасці вакцыны для ўсіх узроставых груп.

Раней аўтары артыкула ўжо выказвалі сумнеў наконт апублікаваных вынікаў 1 і 2 фаз выпрабаванняў Sputnik V.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0