Фота Depositphotos.com
Са студзеня да сакавіка Інданэзія сачыла за 128 290 медыцынскімі работнікамі, якія атрымалі кітайскую вакцыну ад кампаніі Sinovac. Высветлілася, што вакцына абараняе прышчэпленых работнікаў на 98% ад смерці ад кавіду, на 96% ад шпіталізацыі і на 94% ад заражэння каранавірусам, піша Bloomberg.
Міністэрства аховы здароўя Інданэзіі сцвярджае, што ў краіне назіраецца рэзкае зніжэнне колькасці шпіталізацый і смерцяў ад кавіду сярод медыцынскіх работнікаў.
На апошнім этапе выпрабаванняў у Бразіліі вакцына CoronaVac паказала эфектыўнасць крыху больш за 50%, што з’яўляецца самым нізкім паказальнікам сярод зарэгістраваных вакцын. Аднак, як мяркуюць даследчыкі з Інданэзіі, прышчэпка CoronaVac можа быць значна больш эфектыўнай, чым паказалі вынікі выпрабаванняў.
Каб ацаніць эфектыўнасць вакцыны, у даследаванні бралі ўдзел як прышчэпленыя работнікі, так і тыя, хто не атрымаў вакцыны. Сярэдні ўзрост удзельнікаў складаў 31 год.
Пакуль 270-мільённая Інданэзія вакцынавала 22 мільёны свайго насельніцтва, і ўрад плануе дамагчыся калектыўнага імунітэту да канца гэтага года.
Вынікі гэтага даследавання даюць надзею дзясяткам бедных краін, якія залежаць ад кітайскай вакцыны.