Сяргей Марчык на пратэстах у Беларусі.

Сяргей Марчык на пратэстах у Беларусі.

Беларус Сяргей Марчык аб'ездзіў большасць ваенных канфліктаў і рэвалюцый апошняга часу: Сірыя, Ірак, Украіна, Венесуэла, Турэцкі Курдыстан, Арменія, Малдова і, вядома, Беларусь. З гарачых кропак ён прывозіць дакументальныя фільмы.

Сяргей нарадзіўся ў Баранавічах. У 2006 годзе за ўдзел у пратэстах трапіў на Акрэсціна, дзе прабыў 15 сутак. З'ехаў у Польшчу па праграме Каліноўскага. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «міжнароднае права». Пазней вучыўся ў Варшаўскай кінашколе. Працаваў на «Еўрарадыё», «Белсаце». Затым адкрыў уласную фірму па вытворчасці кіна- і відэапрадукцыі «Marchello Production», у межах якой і працягвае займацца ваеннай журналістыкай.

— Як ты пачаў здымаць падзеі ў гарачых кропках? Якая з іх была самая першая?

— Маёй першай рэвалюцыяй быў Майдан — яго самы пачатак у 2013-м. Прызнаюся, я ляцеў туды без аніякага ўяўлення, наколькі глабальную падзею я мусіў здымаць — глабальную для Украіны, для ўсяго свету і, як пазней выявілася, для мяне: Майдан змяніў маё жыццё да непазнавальнасці.

Майдан, Украіна. Сяргей Марчык.

Майдан, Украіна. Сяргей Марчык.

Я ездзіў на ўкраінскую рэвалюцыю некалькі разоў. Другая паездка скончылася рэанімацыяй і аперацыяй па вывазе нас з тэрыторый, якія кантралююцца сіламі Януковіча.

Мы з калегам Юрам Высоцкім рабілі матэрыял пра Аўтамайдан у Чаркасах. Акурат тады беркутаўцы вырашылі даць адпор групе Аўтамайдану. Пачаўся нейкі экстрэмальны трэш: разбітыя вокны, кактэйлі Молатава, Беркут расстрэльваў і збіваў аўтамайданаўцаў, аўтамайданаўцы адбіваліся. А я бегаў з камерай як недасведчаны рэпарцёр, яшчэ і лямпу ўключыў на камеры — ну, як жа: трэба святла пабольш. Раптам хлопец з Аўтамайдану заскочыў у аўтамабіль, націснуў на газ і з усёй моцы ўрэзаўся ў калону Беркуту. Хтосьці падляцеў, упаў, ляжаў у канвульсіях. Я падбег і пачаў здымаць.

А потым адчуў адзін удар, другі. Затым зразумеў, што нехта схапіў мяне за бронекамізэльку і пачаў душыць. Я страціў прытомнасць.

А калі ачуняў, медыкі ўжо даставалі мяне з машыны. Мая галава ператварылася ў кавалак крывавага мяса. Так я трапіў на аперацыйны стол. Акурат калі мяне зашывалі, патэлефанавала дырэктар «Белсата» Агнешка Рамашэўска. Я сказаў, што мы даробім фільм, яна пасмяялася і адказала: «Проста выбірайцеся». І арганізавала дапамогу, каб нас адтуль вывезці.

 — Пачатак уражвае. Гэтая сітуацыя не адштурхнула цябе ад паездак у гарачыя кропкі?

 — Наадварот. Я вярнуўся пасля Майдану ў Польшчу, спазніўся на сесію, патэлефанаваў свайму выкладчыку ў Кракаўскую кінашколу, усё растлумачыў. Ён сказаў: «Вылечышся — прыязджай, мы што-небудзь прыдумаем». А я кажу: «Не, я ўжо не прыеду». Крыху падлячыўся, і пачалася анексія Крыма. І мы зноў паехалі здымаць.

— Гэта значыць, на вучобу ты ўжо не вярнуўся?

— Так. Потым я паступіў у іншую кінашколу. Якую, дарэчы, таксама не скончыў, таму што паляцеў на чарговую вайну.

Усе мае кінашколы заканчваліся войнамі — з выкладчыкамі ці ў рэальнасці. Войны аказваліся больш цікавымі, чым вучоба.

— Чаму наогул войны і рэвалюцыі? Што ты ў іх знаходзіш?

— Я вырас у Беларусі. Быў маладым рэвалюцыянерам, ужо з 2002-га атрымліваў пі****лей ад міліцыі. У 2006-м адседзеў 15 сутак, супраць мяне распачалі крымінальную справу, і мне давялося з'ехаць у Польшчу.

І вось уяві: са сваёй краіны, дзе ўвесь час нешта адбываецца, я трапляю ў зручную і камфортную Польшчу. З'яўляюцца наркотыкі, тусоўкі, усё што заўгодна, але не было таго экстрэмальнага жыцця, як Беларусі. Тады я не зусім разумеў, чым я магу замяніць гэтыя эмоцыі. Самай блізкай па духу была журналісцкая праца ў зонах канфліктаў.

Я і сваю юрыдычную спецыялізацыю выбіраў з думкай пра гэта — міжнароднае публічнае права і роля Рады бяспекі ААН у падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі.

— Ты толькі нядаўна атрымаў польскае грамадзянства. Як табе ездзілася з беларускім пашпартам?

— Неяк мы з калегам Конрадам (цяпер партнёрам па бізнэсе) захацелі паспрабаваць разам зрабіць нейкі ваенны фільм. І вырашылі паехаць у Сірыю. Але на справе дабраліся толькі да турэцка-іракскай мяжы, яна ж — уезд у Іракскі Курдыстан. І там мне сказалі: «Хлопчык, ты адкуль наогул, што гэта за пашпарт?» Я кажу: «Гэта Беларусь». «Вяртайся, — кажуць, — хлопчык». І нас не ўпусцілі ў Ірак.

Сірыйска-іракская мяжа. Сяргей Марчык, Конрад Загурскі і Вітальд Рэпятовіч перасякаюць мяжу.

Сірыйска-іракская мяжа. Сяргей Марчык, Конрад Загурскі і Вітальд Рэпятовіч перасякаюць мяжу.

Тады мы развярнуліся, паехалі ў Турцыю і ўрэшце трапілі ў вёску Мазідагі на ўсходзе недалёка ад Дыярбакыр — сталіцы Турэцкага Курдыстана — і сталі здымаць турэцка-курдскую вайну. Зразумела, што два замежнікі з камерамі ў горнай вёсцы прыцягнулі ўвагу. У пэўны момант нас пазнавала ўся вёска.

У тыя часы некалькі замежных журналістаў сядзела ў турмах у Турцыі па абвінавачванні ў дапамозе курдскім тэрарыстам. Таму мы разумелі, што калі нас зловяць, то нам пі***ец. У нас былі ператрусы, па нас стралялі, мы хаваліся з сябрамі-курдамі па падваротнях ад аблаў. І аднойчы нас выкралі турэцкія ваенныя літаральна з вуліцы. На шчасце, мы здолелі выблытацца з сітуацыі, закасілі пад дурняў-турыстаў, схавалі відэаматэрыялы. І нас адпусцілі.

Пасля гэтага мы з Конрадам перабраліся ў Дыярбакыр. Гэта курдскі горад, дзе большасць насельніцтва — курды. Але мясцовая паліцыя, чыноўнікі і вайскоўцы — туркі. У самым цэнтры Дыярбакыру ёсць раён Сур, у якім ідзе рэгулярная вайна. А ўвесь горад вакол жыве сваім жыццём. Паколькі бюджэт у нас быў абмежаваны, мы вырашылі засяліцца ў самы танны гатэль.

Гатэль апынуўся літаральна ў зоне ваенных дзеянняў. Усю ноч там былі чуваць выбухі. Заязджаюць танкі, выязджаюць танкі, заязджае хуткая дапамога, выязджае хуткая дапамога, пастаянныя стрэлы. А раніцай ты прачынаешся, робіш сабе каву, адчыняеш акно і бачыш, як войскі мяняюць пазіцыі.

Час ад часу, прыкладна раз на месяц, каб падтрымаць сваіх таварышаў ў Суры, курды ўсяго Дыярбакыра аб'яўлялі ўсеагульную забастоўку: горад цалкам закрываўся, і пачыналіся беспарадкі. Прычым такія жорсткія, што пасля кожнага такога дня было па 10—20 загінулых.

Сірыя. Першая ноч турэцкіх бамбардзіровак. Курды арганізуюцца ў лакальныя атрады самаабароны.

Сірыя. Першая ноч турэцкіх бамбардзіровак. Курды арганізуюцца ў лакальныя атрады самаабароны.

Сірыя, горад Хасакі. Адна з першых ахвяраў атакі турэцкіх войскаў на курдскую Ражаву.

Сірыя, горад Хасакі. Адна з першых ахвяраў атакі турэцкіх войскаў на курдскую Ражаву.

Сірыя. Пахаванне загінулых салдатаў курдскіх войскаў.

Сірыя. Пахаванне загінулых салдатаў курдскіх войскаў.

Сірыя. Шпіталь у Тэльтамэр. Хлопчык трапіў пад абстрэл, яго цела абгарэла больш чым на 40%.

Сірыя. Шпіталь у Тэльтамэр. Хлопчык трапіў пад абстрэл, яго цела абгарэла больш чым на 40%.

— Ты называеш курдаў сваімі сябрамі. Але па стандартах журналіст павінен прытрымлівацца нейтралітэту, а ты відавочна выбраў адзін з бакоў. Не атрымліваецца быць нейтральным ці нават не спрабуеш?

— Не атрымліваецца быць нейтральным. Задача дакументаліста — расказаць эмацыйную гісторыю, а праз гэтыя эмоцыі і чалавечую трагедыю. У доўгіх формах, якімі я займаюся, складана заставацца незаангажаваным, таму што ты пазнаеш героя, праводзіш з ім некалькі месяцаў, у тым ліку ў цяжкіх умовах. Мы заўсёды стараемся як мага глыбей уліцца ў мясцовае жыццё, таму ідзём па мясцовых клубах, барах, змрочных месцах, каб зразумець краіну.

Калі ты працуеш ва ўмовах моцнай палярызацыі, наогул вельмі складана казаць аб журналісцкім нейтралітэце. Як можна расказаць дзве праўды, калі другі бок цябе ігнаруе? У той жа Беларусі вельмі складана распавесці пра жыццё амапаўца, таму што ён цябе да сябе проста не падпусціць.

У гэтым сэнсе ўкраінскі канфлікт быў унікальным, бо ў мяне быў беларускі пашпарт і польскае пасведчанне на права жыхарства. Я мог прыехаць у батальён да Матаролы, пратусавацца з ім, кажучы, што мы беларускія журналісты з дзяржтэлеканала, а потым выехаць адтуль, паехаць на ўкраінскую тэрыторыю і здымаць тую версію падзей, якая нам бліжэй.

Таму мы выдумлялі легенды: «Так, мы з беларускага тэлебачання, свае хлопцы». Сепаратысты пыталіся, як там «Бацька». А мы ім: «Ах**нна, свой чувак. У нас добра, добрыя дарогі, не так, як у вас». Трэба ж было да іх увайсці ў давер.

Праўда, часам гэта была гульня на мяжы фолу: размаўляеш, напрыклад, з Матаролам, казкі яму расказваеш і разумееш, што, калі яго людзі правераць інфармацыю і адкрыецца праўда, ён можа нам і яйцы адрэзаць.

Севераданецк. Аляксандра, жанчына-снайпер.

Севераданецк. Аляксандра, жанчына-снайпер.

Севераданецк. Пазіцыя ўкраінскіх войскаў.

Севераданецк. Пазіцыя ўкраінскіх войскаў.

— У такіх канфліктах заўсёды відавочна, дзе дабро, дзе зло?

— Мне здаецца, заўсёды. Я для сябе вельмі выразна і хутка вызначаю, у каго якія мэты, хто за што змагаецца.

— Ці ёсць нешта агульнае ў канфліктах і рэвалюцыях, на якіх ты быў?

— Паралелі правесці можна, але канфлікты ўсе розныя. Ёсць, напрыклад, Венесуэла. Там даўно прайшоў этап, калі хтосьці не вызначыўся. Людзі дакладна ведаюць, што Мадура павінен сысці ў адстаўку. Пры гэтым канфлікт доўжыцца яшчэ з часоў Чавеса. Думалі, Чавес сыдзе і ўсё зменіцца. Потым прыйшоў Мадура, супраць яго вось ужо трэці адзіны апазіцыйны лідар… І зноў кажуць, што вось-вось зараз ўсё адбудзецца. Але ва ўладзе сядзяць таварышы, якія не хочуць аддаваць краіну. І нічога не мяняецца. Мадура ўжо даўно страціў бы ўладу, але ёсць Кітай, Расія, Турцыя, велізарная колькасць спачувальцаў, якія выкарыстоўваюць важнае геаграфічнае становішча Венесуэлы і дапамагаюць тут і там.

А потым мы ляцім у Арменію. Рэвалюцыя толькі-толькі пачалася, а мы ўжо даведваемся, што Саргсян сышоў у адстаўку. І я думаю: як гэта ўвогуле магчыма?

Арменія. 

Арменія. 

Таму рэвалюцыі могуць адбывацца па-рознаму, дзесьці гэта хуткая перадача ўлады без вялікіх страт, як у Арменіі. А можа быць як у Венесуэле, якая апускаецца ў крызіс усё глыбей і глыбей.

Прыклад Венесуэлы мяне вельмі моцна бянтэжыць. Значыць, схема, у якой калі людзі хочуць, то ў іх абавязкова атрымаецца, не заўсёды працуе. Мне здаецца, Беларусь можа трапіць у падобную пастку. Мы знаходзімся ў складанай геапалітычнай сітуацыі, і для некага гэта можа быць тым асноўным фактарам, чаму ён будзе падтрымліваць існуючы рэжым.

Венесуэла. 

Венесуэла. 

Венесуэла. 

Венесуэла. 

Венесуэла. 

Венесуэла. 

— Як ты сабе ўяўляў магчымую беларускую рэвалюцыю раней, і ці адрозніваецца яна ад таго, што пачало адбывацца летась?

— Прыкладна так яе і ўяўляў. Яна вельмі наіўная, бяскрыўдная. Не трэба ездзіць па Украінах, Венесуэлах, каб зразумець, што яна занадта мірная. Я нагледзеўся розных рэвалюцый, але не бачу для Беларусі іншага варыянту.

Пры гэтым зразумела, што калі схема не спрацавала ў першыя месяцы, то і далей яна, хутчэй за ўсё, не спрацуе. Санкцыі? Я разумею, што Ціханоўская робіць велізарную працу, але ёсць прыклад той жа Венесуэлы. Яна проста на мяжы прорвы, у якой, каб атрымаць 2,5 даляра ў банкамаце (гэта максімум, які можна зняць у суткі), ты стаіш у чарзе дзень. А потым гэтыя 2,5 бакса ў мясцовай валюце ў цябе ўмяшчаюцца ў чатыры сумкі. Ну куды ўжо далей? Але не, рэжым жыве.

І калі рэжым Лукашэнкі не рэагуе на коцікаў і шарыкі, з чаго мы ўзялі, што санкцыі могуць нешта змяніць? Колькі сябе памятаю, нас пастаянна аднекуль выключалі, нечага нам не давалі, але гэта нічога не мяняла. Прорва, у якую краіна можа падаць, практычна не мае дна. А колькі нашы людзі гатовыя вытрымаць!

Мінск, пратэсты. 

Мінск, пратэсты. 

— Але няўжо доўгачасовае расхістванне рэжыму ні да чаго не можа прывесці? Калі-небудзь жа павінны скончыцца грошы на заробак АМАПу.

— Чаму ў рэжыму павінны скончыцца грошы? Напрыклад, таму што мы перастанем прадаваць малочную прадукцыю ў Расію. Але мы не перастанем. Ці таму што мы перастанем прадаваць бензін на Захад. Але мы не перастанем. Ці таму што Расія перастане даваць Лукашэнку крэдыты. Але не перастане. Усе нашы схаваныя алігархі ў стане самі скінуцца на АМАП. Цяпер у алігархаў ёсць гарантыі, што з імі нічога не здарыцца, у іх манаполія на бізнэсы. Сёння для іх нашмат больш выгадная сітуацыя, чым свабодны рынак.

— Што цябе ўразіла ці здзівіла ў беларускіх пратэстах?

— Пасля ўсіх маіх пратэстаў мне заўсёды здавалася, што ў Беларусі немагчыма тое, што зараз тут адбываецца. Здавалася, у нас такі незгуртаваны народ, і ва ўсіх нашых пратэстах няма жыцця. Была апазіцыя, да якой я сябе таксама прылічаў. Але заўсёды адчувалася, што гэтыя пратэсты асуджаныя на паразу.

Аднак летась, калі я прыехаў на пратэсты ў Беларусь, 9-10 жніўня, першы раз у мяне з'явілася адчуванне, што я гэта ўжо недзе бачыў: і ў Венесуэле, і ў Турцыі, і ў Арменіі, і ў іншых краінах. Праўда, там гэта было ў большых маштабах, яскравей, больш жорстка, агрэсіўней, радасней. Але ж гэта Беларусь! Так, я бачыў, як ва Украіне кідалі кактэйлі Молатава, але ў Беларусі кідалі пустую пластыкавую бутэльку — і гэта ўжо ах**нна для беларусаў.

Мінскія пратэсты. 

Мінскія пратэсты. 

Мінскія пратэсты. 

Мінскія пратэсты. 

Так, я бачыў, як можа быць інакш, але гэты дух сотняў тысяч людзей, якія выйшлі на вуліцы, уразіў. Гэта велізарная колькасць!

Мяне ўразіла, наколькі згуртаванымі могуць быць анархісты. Мяне парадавала, што была вялізная колькасць рабацяг. Гэта тое, чаго я раней практычна не бачыў у Беларусі. Магчыма, калі б было больш апазіцыйных лідараў, якія ў такія моманты бяруць на сябе каардынацыю, было б па-іншаму.

— Яны сядзелі ў турме.

— Мы зараз гаворым не толькі пра тых, хто ў турме.

Мы рыхтаваліся да гэтага 26 гадоў, ужо вырасла цэлае пакаленне апазіцыйных актывістаў, якія маглі б каардынаваць пратэст. Але мне здаецца, яны таксама пабаяліся. Столькі гадоў ім гэта не ўдавалася, што яны не паверылі ў сябе і цяпер.

Калі на вуліцы больш за 150 тысяч чалавек, можна пляснуць у далоні — і ўлада сыдзе. Але каб так адбылося, павінны быць яшчэ 150 чалавек, якія накіруюць натоўп. Мы былі блізкія.

І не трэба распавядаць, што мы цяпер па-ранейшаму блізкія. Такі момант здараецца раз у шмат-шмат гадоў. Да яго трэба рыхтавацца, сонца павінна быць у зеніце, павінны правільна размясціцца зоркі. Было абсалютна ўсё.

Мінскія пратэсты. 

Мінскія пратэсты. 

А цяпер улада навучылася змагацца з пратэстамі. Яна навучыла і зматывавала сілавікоў быць жорсткімі. Думаю, яна ўжо пралічыла магчымыя варыянты развіцця падзей, калі будзе бунт вайскоўцаў, калі не хопіць амапаўцаў, калі не хопіць звычайнай міліцыі. Зноў сабраць такі ж маштабны пратэст, калі мы ведаем, што рабілі з дзяўчатамі ў аўтазаках, што рабілі з мужчынамі, чым заканчваюцца пратэсты для тых, хто маляваў на шчытах амапаўцаў, будзе ўжо больш складана.

— Але ж ты не будзеш спрачацца, што сітуацыя змянілася?

— Так, мы сябе назвалі, мы сябе паказалі, мы палічыліся. І гэта неверагодна важна — у такі момант ведаць, што нас большасць. Але на тое, як нас шмат, адрэагавалі не толькі мы, але і сістэма.

— Як табе самому працавалася ў Беларусі, улічваючы, што гэта твая радзіма?

— Мне здаецца, у Беларусі я абсалютна адключыўся як журналіст і дакументаліст. Я неяк моцна зжыўся з гэтым пратэстам. Час ад часу мог сябе паводзіць крыху больш заангажавана, чым звычайна. Былі моманты, калі мне хацелася выключыць камеру і дапамагчы, напрыклад, параненым. Зазвычай са мной такога не здараецца.

— Якія ў цябе стасункі са страхам?

— Я вельмі моцна баюся. Я магу перажыць самыя складаныя сітуацыі, я прывык да стрэсу, але пры любым стрэле не магу ўтрымаць камеру, яна вельмі моцна трасецца. Нават калі я разумею, што гэта петарда, пасля ўсіх стрэлаў і выбухаў, якія перажыло маё цела, яно не ў стане змірыцца з тым, што гэтыя гукі могуць быць бяскрыўднымі.

Памятаю, вярнуўшыся са здымкаў, я сядзеў на занятках у кінашколе. Пачаўся прыемны дожджык і раптам — гром. І я проста ўпаў пад парту. Нейкі час патрабуецца на акліматызацыю: я не пераношу рэзкіх гукаў.

У канцы камандзіровак я заўсёды думаю: хутчэй бы вярнуцца ў цёплы ложак, чыстую кватэру, да прыемнай музыкі і добрага віна. Але потым зноў хочацца падкарміць свае страхі. Дыскамфорт і стрэс пачынаюць зноў клікаць. Якая жахлівая вайна, так жа жахліва і жыць далёка ад гэтых эмоцый.

У мірным жыцці ў мяне шмат бягучых клопатаў. Я жыву ў свеце папер, бюджэтаў, выстаўлення фактур, аплачвання рахункаў… А потым трапляю на вайну, дзе ў мяне адна задача — выжыць. Ну, і зняць фільм, калі атрымаецца. Яшчэ трэба знайсці паесці: я вегетарыянец. Вось узровень маіх праблем. Але тая свабода, якую я атрымліваю, адпачынак для галавы — ні з чым не параўнальныя. Нават начлег не турбуе. У месцах ваенных канфліктаў заўсёды ёсць дзе паспаць: круты гатэль ці кінуты дом.

— Дзе мяжа, пасля якой ты кажаш: не, далей я не пайду, там занадта небяспечна?

— У нас была сітуацыя, калі мы трапілі пад жудасны абстрэл у Сірыі на мяжы з Турцыяй. Мы былі на пазіцыі падчас лёгкага абстрэлу. Нам здавалася, што сітуацыя настолькі бяспечная, што можна пастаяць, пакурыць, зліць матэрыял і пайсці зноў здымаць. Але ў пэўны момант пачалася жорсткая бамбёжка, і пад'ехалі тры баявыя машыны праціўніка. Па шчаслівым збегу абставінаў мы апынуліся каля нашага аўтамабіля раней за кіроўцу. У нас было роўна столькі часу на эвакуацыю разам з усёй апаратурай, колькі ў яго, каб дабегчы да руля і націснуць на газ. Я не зусім разумею, як у нашым мікрабусе апынулася столькі людзей. Хтосьці заскокваў на хаду, малайзійскі журналіст з акрываўленым тварам вісеў на адчыненых дзвярах, боўтаючыся ва ўсе бакі, з машыны выпадалі нейкія торбы. Пры гэтым усім ніхто нават не думаў, ці ўсе ў машыне. А наш рэжысёр Вітэк Рэпятовіч застаўся на пазіцыі.

Недзе праз кіламетраў пяць я крыкнуў: «Дзе наш рэжысёр? Нам трэба вярнуцца за Вітэкам!» Побач сядзеў такі здаровы курдскі салдат з калашнікавым у руках. Ён павярнуўся да мяне і сказаў: «It does not make sense. Everyone is dead» («Не мае сэнсу. Усе загінулі»). Мы глядзім назад, а там грыбы ад выбухаў. Потым выявілася, што амерыканскія пяхотнікі з арганізацыі Free Burma Rangers, якія былі на пазіцыі, вывезлі нашага рэжысёра і з ім усё было ў парадку.

Страшна? П****ец як страшна. Але звычайна ў такія моманты няма часу на развагі. Спрацоўваюць жывёльныя інстынкты, і ты заўсёды ведаеш, як сябе засцерагчы. Аднак самыя страшныя моманты — гэта не калі па табе страляюць. Значна страшнейшы перманентны страх. Напрыклад, у Венесуэле з кожнай чарговай жудаснай гісторыяй, як кагосьці выкралі, кагосьці абрабавалі, кагосьці затрымала паліцыя, ты пачынаеш разумець, куды ты трапіў і што можа здарыцца. Да таго ж да цябе пастаянна нехта падыходзіць і кажа: «Схавай фотаапарат, у цябе яго скрадуць», «Не ідзі туды, цябе падстрэляць», «Схавай тэлефон у трусы, цябе абрабуюць». І ты падсаджваешся на параною, на страх, які ўвесь час у табе жыве. І незразумела, што з ім рабіць.

— Як твой псіхалагічны стан пасля ўсяго, што ты бачыў і перажыў?

Арменія, пачатак рэвалюцыі.

Арменія, пачатак рэвалюцыі.

— Спачатку я вяртаўся да штодзённасці і не разумеў, што з гэтым рабіць. Я не разумеў тых, здавалася, дробных праблем, якімі жывуць людзі вакол. Станавіўся чэрствым, часта агрэсіўным. Шукаў свае рэцэпты, як вярнуць радасць штодзённага жыцця. Натуральна, спрабаваў рабіць гэта праз алкаголь, наркотыкі, бардэлі. Пачынаў жыць адным момантам, не задумваючыся пра магчымыя наступствы некаторых рашэнняў.

Для мяне вельмі жорсткім было адкрыццё паняцця «посттраўматычны разлад». Натуральна, у першую чаргу гэта адчулі мае самыя блізкія людзі. З кімсьці я спыніў зносіны, бо не засталося агульных тэм для размоў, з некім пасварыўся. Я не хачу цяпер звальваць усе праблемы з характарам на вайну, але я выразна разумею залежнасць, што і калі стала адбывацца. Са сваёй дзяўчынай Оляй — фантастычным чалавекам, — з якой мы сустракаліся, калі я стаў ездзіць на вайну, мы разышліся даволі хутка — я нарабіў жудасных рэчаў.

Сышло некалькі гадоў, пакуль я аднавіў унутраную раўнавагу. Разам з гэтым прыйшло сумнае разуменне: рэалізацыя кожнай мары мае сваю цану. І за магчымасць дакрануцца да галоўных падзей свету я заплаціў стратай дарагіх мне людзей.

Зараз я ўжо разумею, што са мной адбываецца, калі вяртаюся. Я навучыўся спраўляцца з незразумелай энергіяй і эмоцыямі, але жахліва шкада, што я не ведаў гэтага раней.

У мяне быў вельмі блізкі сябар Саша. Мы пазнаёміліся ў 2006-м, калі трапілі ў адну камеру на Акрэсціна. І потым разам выехалі ў Польшчу. Мы шмат гадоў былі як браты, нават купілі сабе суседнія кватэры. Здавалася, што гэта ніколі не зменіцца. Але мае ваенныя прыгоды, якія наклаліся на псіхалагічную хісткасць, прывялі да таго, што я нарабіў глупстваў, мы пасварыліся, і нашыя дарогі моцна разышліся.

Шмат гадоў мы не размаўлялі. І вось у жніўні 2020-га, у першы дзень пратэстаў у Беларусі, я заўважыў аператара з вялікай камерай, які ўвесь час трапляў мне ў кадр. У нейкі момант ён павярнуўся, і выявілася, што гэта Саша. Мы падышлі адзін да аднаго, перакінуліся парай словаў, паціснулі рукі, абняліся і разбегліся. Цыкл замкнуўся: мы пазнаёміліся дзякуючы беларускім пратэстам, пасварыліся ў пэўным сэнсе праз пратэсты і вайну ў маёй галаве і зноў змаглі абняцца дзякуючы мінскім падзеям у жніўні 2020-га.

Гэты момант і ў цэлым беларускі пратэст стаў для мяне ачышчальным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?