У нядзелю на Лукішскай плошчы ў Вільні адбылася акцыя «Паўстанцкі ланцуг», якую зарганізавала ініцыятыва «StudAlliance».
Асноўнай яе мэтай было выражэнне пратэсту супраць зносу мемарыяла Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам 1863 года. Удзень з кветкамі ды свечкамі да памятнага крыжа падышлі каля 40 чалавек, сярод якіх мясцовыя беларусы, студэнты ЕГУ, актывісты маладзёвай арганізацыі «Бунт», літоўцы, палякі. Удзельнікі трымалі ў руках партрэты Каліноўскага, плакаты з запаветам «За Нашую і Вашую свабоду», луналі нацыянальныя беларускія і літоўскія сцягі. Арганізатары звярнуліся да прысутных са словам падзякі за падтрымку, паколькі небяспека згубіць мемарыял усё яшчэ існуе. Кажа каардынатар «СтудАльянсу» Кірыла Атаманчык:

‑ Я спадзяюся, што такой акцыяй мы звернем увагу на праблему, і гэта дапаможа захаваць крыж.

Мітынг завяршыўся хвілінай маўчання у памяць змагароў за свабоду, падчас якой удзельнікі, утварыўшы ланцуг, трымаліся за рукі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?