На матч нацыянальных зборных Беларусі і Ўкраіны ў Львоў прыехала каля тысячы беларускіх заўзятараў. Ехалі цягнікамі, машынамі, аўтобусамі. Калі ва Ўкраіну ня ехаць, то дзе ж яшчэ падтрымаць зборную краіны падчас гасьцявых матчаў? А тут яшчэ старт адборачнага цыклу да чэмпіянату сьвету. Надзеі яшчэ жывыя, хочацца верыць у сьветлае. Сама тое.

Увогуле, пабачыць беларускага заўзятара ў цэнтры Львову суботнім вечарам было справай лёгкай і простай. Яны былі паўсюль, са сьцягамі розных узораў, у майках Аляксандра Глеба і ФК «Смаргонь». Сьпявалі «Касіў Ясь канюшыну…» на праспэкце Шаўчэнкі і пілі піва на плошчы Рынак. Там жа можна было пабачыць і галоўнага рэдактара «Прессболу» Ўладзімера Беражкова, але бязь піва.

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што ня ўсе нашы суайчыньнікі вялі сябе міралюбна. Частка фанатаў, кажуць, што менскага «Дынама», учыніла бойку з украінцамі. Многія зь іх потым прыйшлі на трыбуны зь фінгаламі і перавязанымі галовамі, але шчасьлівыя ад усьведамленьня таго, што плян-мінімум выкананы.

На трыбунах большасьць зь іх адразу скінула саколкі, каб прадэманстраваць свае «баявыя раны» — шматлікія сінякі і раны. Зрэшты, гэтым фруктам, напэўна, футбол быў другасны ў параўнаньні з магчымасьцю зь некім пабіцца.

Добра, што хапала і адваротных прыкладаў. Сказаў бы нават, што яны значна перавышалі. Беларусам аддалі цалкам 2-і сэктар стадыёну «Ўкраіна», але нават гэтага было мала. Адзінкавыя бел‑чырвона‑белыя сьцягі былі таксама ў іншых сэктарах. Часам здавалася, што невялічкая купка беларусаў перакрыквае цэлы стадыён гаспадароў.

Добра гэта было заўважна па тайме першым, калі каманда Бэрнда Штанге амаль не выпускала ўкраінцаў зь іх паловы поля. Здаецца, што самі гаспадары не чакалі такога спрыту ад беларусаў.

Асабліва ж ад фанатаў нашай каманды даставалася Арцёму Мілеўскаму, які колісь зьмяніў грамадзянства зь беарускага на ўкраінскае. Пры кожным ягоным кантакце зь мячом, заўзятары пачыналі абсьвістваць форварда, а то яшчэ горай гукалі: «А Мілеўскі — прастытутка!» ці «Мілеўскі — пёс». Па ўсім бачна, што хлопец добра чуў гэтыя словы. Калі яго замянілі, то ён у роспачы размахнуўся нагой па паветры. У Менску ж Мілеўскаму будзе яшчэ цяжэй псыхалягічна. Фанаты яму так і не даравалі.

Бел‑чырвона‑белых сьцягоў на беларускім сэктары было заўважна болей, чым чырвона‑зялёных. Цікава, што было б у Менску, каб дазволілі праносіць любую атрыбутыку? Бадай, нешта падобнае.
Намесьнік рэдактара газэты «Товарищ» Дзьмітры Яненка быў з савецкім сьцягам. Зрэшты, качаць нейкі разборкі на падставе таго, што ў некага не такая колеравая гама на штандарах, ніхто і ня думаў. Усе ж балелі за Беларусь.

Асобнай згадкі вартыя хлопцы з Б‑12. Яны і былі галоўным акумулятарам усіх падзеяў на трыбуне. Каб міліцыянты дазволілі сьцягі на дрэўцах, то амаль кожны меў быў у руках бел‑чырвона-белае палотнішча. Былі два барабаны, якія значна дапамагалі скандаваць.

Уразіла, як падчас перапынку сэктар дружна сьпяваў «Трох чарапах» і «Паветраны шар». Прычым, склалася такое ўражаньне, што словы ведалі кожныя два чалавекі з трох. Так натуральна гэта глядзелася. Кажуць, што раней пелі «Кацюшу» ці «Чорнага ворана».

Цікава, што напачатку матчу сэктар гукаў «Беларусь всегда будет первой», то ўжо ў другой палове «Беларусь заўжды будзе першай». А яшчэ было «Верым! Можам! Пераможам!». Ужо не кажу пра «Жыве Беларусь». Часам складвалася ўражаньне, што ты не футболе, а на нейкім нацыянальным мітынгу.

Калі на пятай даданай хвіліне адбылася трагедыя з пэнальці, то цішыня на нашай трыбуне доўжылася толькі некалькі сэкундаў. Пасьля стала чутна гучнае «Беларусь».

Каманда сыходзіла з поля пад глядацкія авацыі. Ніхто з заўзятараў ні на хвіліну не расчараваўся ў зборнай. Прыемна, што Глеб і кампанія таксама адзначылі гэта. Яны цёпла падзякавалі трыбунам за падтрымку.

Штанге яшчэ ня вычарпаў ліміт зяўзятарскага даверу. У выпадку перамогі над Андорай, няма сумневаў, што стадыён «Дынама» падчас гульні з Англія будзе забіты.

У матэрыяле выкарастыны здымкі з сайту ultras.org.ua

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?