Грузінскія войкі ня толькі рыўком узялі Цхінвалі — яны аказалі нечакана ўпартае супраціўленьне расійскай арміі, што ўступіла ў Грузію амаль імгненна. Прычым грузіны ваявалі не па-савецку — лічбаю, а ўменьнем. Яны ўнікалі небясьпечных боесутыкненьняў, пакідалі стратэгічна нязначныя населеныя пункты, але наносілі праціўніку максымальную шкоду. Паводле заяваў грузінскага боку, ім удалося зьбіць 17 расейскі[ самалётаў і 4 верталёты. Расея прызнае страту толькі 4-х машынаў, у тым ліку стратэгічнага бамбавіка Ту-22. Гэта ў любым разе болей, чым страціла ЗША за актыўную фазу баявых дзеяньняў у Іраку. Расея страціла ў зоне канфлікту з Грузіяй 74 вайскоўцы забітымі, 171 — параненымі, 19 чалавек прапалі бязь вестак. Такія лічбы падаў у сераду на брыфінгу намесьнік начальніка Генштабу Расеі Анатоль Нагавіцын.

Саакашвілі таксама заявіў, што расейскія войскі панесьлі страты ў 400 чалавек забітымі.

З грузінскага боку загінула 175 грамадзянаў, паведаміў міністар аховы здароўя Грузіі Сандро Квіташвілі. Каля дзясятка грузінскіх салдат узятыя ў расейскі палон. Колькі з 175-ці вайскоўцаў — не паведамляецца.

Якім чынам краіна, што яшчэ чатыры гады таму лічылася недадзяржавай і дзе сярэдні заробак складаў 5 даляраў за месяц, здолела стварыць баяздольную армію? І ці маюць пад сабой грунт сьцьвярджэньні, што пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі, ад прарасейскае да праэўрапейскае арыентацыі і ад дзяржаўнае да прыватнае ўласнасьці канечне вядзе да аслабленьня якасьці сілавых структураў, як тое адбылося ў алігархічных Расеі і Ўкраіне?

Артыкул аналітыка Фэльгенгаўэра зьявіўся ў расійскай «Незавісімой газете» напярэдадні канфлікту — гэта быў адказ на ранейшыя шапказакідацельскія публікацыі на тэмы Грузіі ў вайсковай дадатку да «Незавісімой газеты».

Грузінскія збройныя сілы маюць кепскую рэпутацыю, асабліва ў Расеі, пасьля іхных паразаў у 1992 г., калі грузіны беспасьпяхова штурмавалі паўднёваасяцінскую сталіцу Цхінвалі (канфлікт скончыўся пры пасярэдніцтве Масквы фактычна ўнічыю — падзелам Паўднёвай Асеціі на грузінскую і асяцінскую зоны кантролю).

У жніўні 1992-га войскі дзяржрады, якая кіраваў тады ў Тбілісі, уварваліся ў Абхазію. Зрэшты, называць іх «войскамі» — зашмат гонару. Гэта былі, найхутчэй, бандфармаваньні ў найгоршым значэньні гэтага слова: баевікі з арганізацыі «Мхедрыёні» вядомага злачынцы ў законе Джабы Яселіяні і «нацыянальная гвардыя» Тэнгіза Кітавані. Хіба што яны мелі шмат зброі і бранятэхнікі — ударныя верталёты, атрыманыя па разьдзеле з расейскім бокам савецкай вайсковай маёмасьці на тэрыторыі Грузіі.

Ня толькі ў Паўднёвай Асэтыі і ў Абхазіі, але ва ўсёй Грузіі баевікоў «Мхедрыёні» і іншую ўзброеную шушамець пачатку 90-х узгадваюць зь нянавісьцю. Яселіяні пазьней памёр у Тбілісі пры цьмяных абставінах, а Кітавані жыве сабе, валодае рэстарацыю ў Маскве, дзе расейскія ўлады далі яму палітычны прытулак.

Больш як год працягвалася вайна ў Абхазіі і скончылася ў 93-м поўным разгромам і выгнаньнем грузін, улучна з 250 тыс. мірнага насельніцтва. Менавіта з тае пары захавалася ўстойлівая нэгатыўная ацэнка баявых магчымасьцяў грузінскай дзяржавы і нацыі. Хоць дзеля справядлівасьці варта ўлічыць, што перамагчы абхазам актыўна дапамагала Расея і добраахвотнікі з Паўночнага Каўказу, улучна з чачэнскімі баевікамі Шаміля Басаева, а расейскія лётчыкі таемна бамбілі грузінскія пазыцыі. Апроч таго, калі ў верасьні 93-га абхаскія ўтварэньні пачалі рашучы штурм Сухумі, у тыле ў грузінскай групоўкі ў Заходняй Грузіі пачалося паўстаньне прыхільнікаў былога прэзыдэнта Зьвіяда Гамсахурдзія.

З тае пары яшчэ

доўга грузінская дзяржава і яе збройныя сілы перабывалі ў самым убогім стане.
Пасьля 2001 г. у рамках сусьветнай вайны з тэрарызмам ЗША пачалі за свой кошт абсталёўваць і навучаць некалькі грузінскіх батальёнаў для вядзеньня антыпартызанскіх, антытэрарыстычных апэрацый і перадалі задарма 10 старых транспартных верталётаў «Іракез» UH-1H. Але збольшага прэзыдэнту Міхаілу Саакашвілі і ягоным прыхільнікам, якія зрынулі Эдуарда Шэварднадзэ пры канцы 2003-га ў выніку «рэвалюцыі ружаў», дасталіся кепска абвучаная і ўзброеная армія і мала на што прыдатныя авіяцыя і караблі.

Ўлетку 2004 г. грузіны паспрабавалі аблажыць Цхінвалі, парушыўшы ўстойлівае з 1992 г. перамір’е ў Паўднёвай Асэтыі, заснаванае на супольным транзытным кантрабандным гандлі праз Рокскі тунэль у Расею. Але ў 2004-м грузіны пад Цхінвалі нічога не дамагліся, толькі зазналі істотныя страты. Саакашвілі, правільна ацаніўшы няўдачу, рашуча ўзяўся за вайсковую рэформу.

У Расеі склалася цалкам скажонае ўяўленьне пра новую грузінскую кіраўнічую эліту. Саакашвілі — моцны, разумны, мэтаскіраваны і вельмі энэргічны нацыянальны лідэр. Ён, што праўда, вельмі нецярплівы, спрабуе ў закароткі тэрмін перарабіць Грузію і грузін зь цьвёрдым перакананьнем, як сваім часам Пётар Вялікі, што ведае лепш за ўсіх, што трэба
ягонай краіне і народу. Каманда Саакашвілі складаецца збольшага з маладых, навучаных на Захадзе, энэргічных і спраўных людзей. Яны здолелі за чатыры гады перарабіць Грузію, як ніхто ня мог чакаць.

У Грузіі не змагаліся нібыта з карупцыяй, адначасова разважаючы пра непазьбежнасьць гэтага ліха — яе зусім на зьдзіўленьне практычна ліквідівалі. Пакуль у Расеі нясьпешна целяпалі языкамі пра неабходнасьць вайсковай рэформы, пра мадэрнізацыю Збройных сілаў, пра «інавацыю арміі» — у Грузіі стварылі з нуля збройныя сілы новага ўзору. Толькі адчайным невуцтвам можна было вытлумачыць расейскія спробы паставіць Грузію на калені, забараняючы ўвоз віна і баржому, перакрываючы электрычнасьць і газ, забараняючы грашовыя пераказы і простыя авіярэйсы, уводзячы візавы рэжым. Неўзабаве высьветлілася, што эфэкт ад санкцый блізкі да нулявога, што «грузінскае віно» для РФ выраблялася на Паўночным Каўказе, што Масква ня можа кантраляваць міжнародную сыстэму банкаўскіх пераказаў, што ў Тбілісі лёгка знайшлі замену нашаму газу і электраэнэргіі, што летась, у прыватнасьці, грузінскі ВУП вырас на 16 %. Пры гэтым відавочная недаацэнка цяперашняй грузінскай арміі можа стацца яшчэ больш небясьпечнай у выпадку магчымага міжнароднага ваеннага канфлікту.

Шпаркі рост эканомікі, масавая прыватызацыя дзяржаўнай маёмасьці на адкрытых для замежнікаў тэндэрах папоўнілі грузінскі бюджэт. За чатыры гады вайсковыя выдаткі вырасьлі ў 30 зь нечым разоў, дасягнуўшы 9—10 % ВУП.
У апошні год кіраваньня Шэварднадзэ — у 2003-м — вайсковы бюджэт Грузіі быў 30 млн даляраў. У 2004-м — 90 млн. У 2005-м — блізка 200 млн. У 2006-м — каля паўмільярда. У 2007-м вайсковы бюджэт двойчы пераглядалі ў бок павышэньня, і да канца году быў выдаткаваны 1 млрд даляраў. На 2008-ы грузінскі парлямэнт ухваліў вайсковыя выдаткі на 800 млн даляраў, але, са словаў міністра абароны Давіда Кезерашвілі, «гэта пакуль». Цягам году вайсковыя выдаткі, бессумніўна, вырастуць і залежна ад разьвіцьця сытуацыі могуць скласьці ад 1,5 да 2 млрд даляраў.

Вельмі вялікія для Грузіі грошы былі патрачаныя цалкам разумна.

У Грузіі спынілі прызыў у войска і ўтварылі баяздольнае рэгулярнае ахвотніцкае войска лікам больш як 30 тыс. жаўнераў. Апроч таго, зацьверджаная канцэпцыя народнай «татальнай абароны», але корпус рэзэрвістаў меркаваным лікам 100 тыс. час. утвараюць па-амэрыканску, ствараючы добраахвотную нацыянальную гвардыю.
Як сьцьвярджае грузінскае Міністэрства абароны, на травень гэтага году падрыхтавана 40 тыс. рэзэрвістаў зь ліку грамадзян-добраахвотнікаў, якія не служылі, і ёсьць яшчэ актыўны рэзэрв з былых жаўнераў лікам да 25 тыс. чалавек. У цяперашні час у Грузіі ўтвараюцца першыя 4 брыгады нацыянальнай гвардыі на падставе ўжо ўтвораных тэрытарыяльных батальёнаў. У мірны час брыгады будуць кадраваныя (па 47 афіцэраў і сяржантаў рэгулярнай службы ў кожнай), пры пагрозе — разгортвацца ў поўную моц. Мабілізацыя грузінскіх добраахвотнікаў-рэзэрвістаў цалкам забясьпечаная запасамі ўзбраеньня, боепрыпасаў і тэхнікі савецкага ўзору.

Ад сярэдзіны траўня ў Грузіі ідуць масавыя зборы рэзэрвістаў на перападрыхтоўку. К пачатку магчымага ў бліжэйшым часе поўнамаштабнага збройнага канфлікту ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Грузія падышла ў высокай мабілізацыйнай гатоўнасьці. Часткі нацыянальнай гвардыі могуць быць выкарыстаныя для выкананьня дапаможных абаронча-ахоўных задач. У выпадку зацяглага канфлікту падрыхтаваныя рэзэрвісты могуць служыць крыніцай папаўненьня для рэгулярных частак.

Вайсковыя практыкаваньні грузінскай арміі

Войска Грузіі складаецца з шасьці рэгулярных брыгад. 4 грузінскія пяхотныя брыгады зьяўляюцца цалкам самастойнымі злучэньнямі па 3300 чалавек і складаюцца з трох пяхотных батальёнаў з 591 чалавека, 1 бранятанкавага (мэханізаванага) батальёна, артылерыйскага батальёна, ротаў сувязі, тылу, інжынерна-сапёрнай. У цяперашні час у складзе пяхотных брыгад адбываецца падваеньне ліку танкаў: бранятанкавы батальён пераўтвараецца ў 2 танкавыя роты і 1 роту мотапяхоты. Значная частка асабовага складу грузінскай пяхоты прайшла абкатку ў Іраку, дзе і сёньня разгорнута больш як 2 тыс. грузінскіх вайскоўцаў (трэці па велічыні кантынгент пасьля ЗША і Брытаніі — Рэд.).

Грузінскія пяхотныя брыгады падрыхтаваныя перадусім для вядзеньня вайсковых дзеяньняў у горна-лясістай мясцовасьці і паводле штатнага раскладу ўзброеныя мінамётамі. Уся даўгаствольная артылерыя, самаходныя і буксіраваная, а таксама сыстэмы залпавага агню зьведзеныя ў адзіную артылерыйскую брыгаду. Параўнальна малыя памеры патэнцыйнага тэатру вайсковых дзеяньняў у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама дастаткова густая сетка дарог, відавочна, дазволяць грузінскаму камандаваньню эфэктыўна манэўраваць зьведзенымі ў адзіны кулак цяжкай артылерыяй і СЗА, ствараючы агнявую перавагу ў патрэбны час у патрэбным месцы.

Грузінскі спэцназ

Часткі грузінскага армейскага спэцназу зьведзеныя ў брыгаду спэцыяльнага прызначэньня. Усе верталёты перададзеныя з армейскіх брыгад і спэцназу ў вайскова-паветраныя сілы, дзе цяпер ёсьць 6 эскадрыльяў. Дзьве транспартныя: Мі-8 і UH-1H. Дзьве ўдарныя: Су-25 і зьмяшаная Мі-8/Мі-17, Мі-24. Адна вучэбная — Л-39. Адна — бесьпілотнікаў (БПЛА — бесьпілотны лятальны апарат). Плянуецца на будучыню сканцэнтраваць усе наяўныя БПЛА ў складзе адзінага армейскага выведнага батальёну. Зэнітна-ракетныя комплексы сабраныя ў складзе ВПС, а армейскія часткі насычаныя пераноснымі зэнітнымі ракетнымі комплексамі (ПЗРК). Створаны, абсталяваны і функцыянуе сучасны адзіны апэрацыйны камандны цэнтар вядзеньня паветранай абароны. Тэрыторыя Грузіі, улучна з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй, накрытая адзіным радыёлякацыйным полем.

У складзе ВМФ два ракетныя катэры: савецкі праекту 206МР з ракетамі П-20 і францускі з ракетамі «Экзасэт». Ёсьць вартавыя і дэсантныя катэры. Грузінскае Мінабароны мяркуе, што цяперашні ВМФ слаба падрыхтаваны да вядзеньня марской вайны і можа толькі дэманстраваць сьцяг. Зрэшты, абхаскі самапальны флёт дык і яшчэ слабейшы. Асабовы склад рэгулярных сухадольных частак — больш за 17 тыс., ВПС — 2000, ВМФ — 700, цэнтральны адміністрацыйны апарат, служба тылу і іншыя дапаможныя службы — больш за 9000 чалавек. Генэральны штаб пераўтвораны паводле заходняга ўзору ў Аб’яднаны штаб.

Унутраныя войскі МУС перададзеныя ў склад Мінабароны. У складзе МУС 15 тыс. паліцыянтаў, ёсьць таксама некалькі спэцбатальёнаў, разгорнутых у зоне процістаяньня ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, дзе пагадненьні пра спыненьне агню абмяжоўваюць ці зусім забараняюць прысутнасьць армейскіх частак. Ёсьць батальён паліцэйскага спэцназу ў Тбілісі, абсталяваны і навучаны процістаяць масавым беспарадкам (кшталту АМАПу).

У выпадку поўнамаштабнага збройнага канфлікту ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў гэтым годзе грузіны змогуць паставіць пад ружжо да 80 тыс. чалавек. У выпадку працяглага канфлікту — да 100 тыс. У 2009-м выкананьне заплянаваных мерапрыемстваў вайсковага будаўніцтва значна павялічыць абаронныя магчымасьці грузінскай дзяржавы ў якасьці і колькасьці, таму сёньня Тбілісі ня мае ніякага аб’ектыўнага інтарэсу ініцыяваць вайну менавіта цяпер.

Грузінскія камандзіры: з хай-тэкам і без мацюкоў

Збольшага цяперашняя арганізацыя вайсковых сілаў Грузіі выглядае разумна збалянсаванай, яна адпавядае магчымасьцям дзяржавы і надзённым задачам.

Паралельна з выбудовай абаронных структур урад Саакашвілі заняўся якасным пераабсталяваньнем Збройных сілаў. У 2007 г. пачаліся пастаўкі самай сучаснай тэхнікі і ўзбраеньняў, якіх ня маюць ні асяцінскія, ні абхаскія, ні расейскія войскі.

Грузіны закупілі некалькі дзясяткаў ізраільскіх БПЛА розных папераў і прызначэньня. Гэтыя бесьпілотнікі здольныя зьбіраць і перадаваць у рэжыме рэальнага часу выведныя дадзеныя пра праціўніка ва ўсякі час дня ці ночы, улучна з GPS-каардынатамі цэляў. Таксама Грузія набыла ў Ізраілю: кампутарную сыстэму кіраваньня баявымі дзеяньнямі і цэлеўказаньню, спалучаная з БПЛА, 155-мілімэтровыя самаходныя гаўбіцы, здольныя выкарыстоўваць дадзеныя бесьпілётных апаратаў для высокадакладнай стральбы з GPS-прыцэльваньнем на адлегласьці да 40 км. Сёньня 200 ізраільскіх вайсковых кантрактнікаў рыхтуюць грузін да вядзеньня сучаснай сеткавацэнтрычнай вайны з масавым выкарыстаньнем таннай высокадакладнай зброі на грунце GPS.

Артылерыя і РСЗО «Град» савецкага ўзору, якіх у грузінскай арміі нямала, ня могуць быць наўпрост інтэграваныя ў кампутарызаваную сетку сучаснага высокадакладнага ўжываньня агнявых сродкаў паражэньня. Але, са словаў намесьніка міністра абароны Бату Кутэлія, разглядаецца частковая інтэграцыя: істотнае павышэньне дакладнасьці стральбы з выкарыстаньнем дадзеных БПЛА для карэктаваньня ў рэальным часе.

Грузінскія кіраўнікі сьцьвярджаюць, што з дапамогай ізраільцаў мадэрнізавалі 7 штурмавікоў Су-25 для выкарыстаньня ўначы і ў кепскае надвор’е. Выкарыстоўваючы зьвесткі БПЛА з інфрачырвонымі камэрамі, грузінскія вайскоўцы, відавочна, могуць ужо сёньня ваяваць уначы, выкарыстоўваючы непасрэдную падтрымку ўдарнай авіяцыі і цяжкой артылерыі, калі іх патэнцыйныя праціўнікі — разнамасныя ўтварэньні сэпаратыстаў, паўночнакаўкаскіх добраахвотнікаў, дый расейскія войскі — сьляпыя і практычна безабаронныя.

Падрыхтоўка і баявы дух асабовага складу грузінскай арміі ў цэлым адпавядаюць новай арганізацыі Збройных сілаў і закупленаму сучаснаму ўзбраеньню.

Сёньня ў Грузіі высокі прэстыж вайсковай і паліцэйскай службаў. Жаўнеры і афіцэры атрымліваюць істотныя ў грузінскіх маштабах грошы — ад 500 да 1000 даляраў за месяц.
Пабудаваныя адпаведныя заходнім стандартам вайсковыя базы ў Сэнакі, Хоні, Горы, Кутаісі, для сілаў МУС у грузінскім сэктары Паўднёвай Асеціі. Саакашвілі часта наведвае базы свайго войска, начуе там і есьць салдацкую ежу. Для дадатковага зьяднаньня асабовага складу жаўнеры і камандзіры па-амэрыканску ядуць разам у адных сталоўках аднолькавую ежу. Кормяць добра. У расейскай арміі і флёце падобнае неймаверна.

У Грузіі дзейнічаюць нацыянальная вайсковая акадэмія для малодшых афіцэраў і створаная зь нямецкай дапамогай школа для падрыхтоўкі прафэсійных сяржантаў. Старшых афіцэраў рыхтуюць у заходніх ваенных акадэміях. З францускай дапамогай створаная школа горнай вайны. Грузінскія горныя інструктары прайшлі навучаньне ў францускіх і швайцарскіх горных войсках і двойчы на год камандзіруюцца ў Францыю для перападрыхтоўкі. Бадай, Саакашвілі здолеў стварыць за кароткі тэрмін хоць невялікую, але самую якасную армію на постсавецкай прасторы.

У сучаснай Грузіі ніхто, нават найбольш па-сяброўску настроеныя да Расеі людзі, не гатовы аддаць Абхазію і Паўднёвую Асецію бяз бою. У выпадку збройнага канфлікту грузінскія жаўнеры і рэзэрвісты-добраахвотнікі будуць ваяваць за вызваленьне роднага краю і вяртаньне сотняў тысяч уцекачоў, адчуваючы падтрымку ўсяго народу.

У праціўнікаў грузін сытуацыя іншая. Пасьля масавай раздачы жыхарам Абхазіі і Паўднёвай Асеціі расейскіх пашпартоў абедзьве жабрачыя самаабвешчаныя рэспублікі канчаткова абязьлюднелі — пачалася масавая міграцыя ў Расею, у Турэччыну ў пошуках працы і лепшага жыцьця. Паводле ацэнак міжнародных назіральнікаў з АБСЭ і ААН, у Паўднёвай Асеціі сёньня засталося менш як 30 тыс. асяцінаў, а ў Абхазіі з 140 тыс. пастаяннага насельніцтва — абхазаў толькі 30 %.
Самая шматлікая суполка сёньняшняй Абхазіі — армяне, ёсьць расейцы і іншыя, у Гальскім раёне да 50 тыс. грузін, якія вярнуліся. Але ва ўладзе, у сілавых структурах спрэс абхазы, якія прэзэнтуюць розныя кланы, і толькі трохі яны разбаўленыя прыкамандзіраванымі расейскімі спэцыялістамі.

Малаімаверна, што гвалтоўна мабілізаваныя грамадзяне нятытульных народаў будуць масава самаахвярна змагацца за захаваньне абхаскай этнакратыі. У Абхазіі ў мірны час пад ружжом 4500 чалавек, у выпадку вайны можна мабілізаваць яшчэ да 10 тыс. У асяцінаў да 3000 пастаяннага войска, а мабілізацыйны рэсурс фактычна ўвесь пераехаў на тэрыторыю Расеі. У асяцінаў і абхазаў нямала старой артылерыі і бранятэхнікі, але ў выпадку поўнамаштабнага канфлікту яны змогуць самастойна вырашаць толькі дапаможныя задачы, а рэальна ваяваць і зазнаваць страты практычна зь першага дня давядзецца нашым вайскоўцам, іначай самаабвешчаныя рэспублікі вельмі хутка парассыпаюцца ўшчэнт.

Але, са словаў першага намесьніка міністра абароны Расеі генэрала Аляксандра Калмакова, падрыхтоўка і абсталяваньне расійскіх войскаў і сілаў флоту «адпавядае ўзроўню 60—70-х гадоў ХХ стагодзьдзя». Таму цяжкай будзе для нашых недэфармаваных Збройных сілаў задача эфэктыўна ваяваць на чужой тэрыторыі, за непраходным узімку і цяжкапраходным улетку Каўкаскім хрыбтом.

Дадатковая інфармацыя: Аналіз разгрому штабной калёны 58-й арміі грузінскімі войскамі..

Яшчэ відэа:

Вайсковы парад у Тбілісі:

Амэрыканскія інструктары трэніруюць грузінскі атрад на вайсковай базе ў Кувэйце:

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?