На радзіме братоў Каліноўскіх 14‑ты год запар збіраюцца людзі з усёй краіны.

Сёлета збор перад свіслацкім касцёлам аб 11-й гадзіне. Плануецца наведванне былога маёнтка Каліноўскіх у Якушоўцы (7 км ад Свіслачы), ускладанне кветак да бюста Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы, бардаўскі канцэрт і пачастунак.

Дзень памяці паўстанцаў 1863 года традыцыйна адбываецца ў Свіслачы (Гарадзенская вобласць) - на радзіме братоў Каліноўскіх. Ушаноўваюць не толькі іх, а ўсіх тых, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі.

Святкаванне традыцыйна адбываецца наступным чынам. Ранкам у свіслацкім касцёле па-беларуску служыцца імша памяці братоў Каліноўскіх. Пасля грамада выпраўляецца на магілу Віктара Каліноўскага. Потым — у Якушоўку, сямейнае гняздо Каліноўскіх, дзе, на ўскрайку Белавежскай пушчы, захаваліся падмуркі іхнае сядзібы і стаіць гожы каваны крыж.

Удзельнікі фэсту наведваюць таксама бюст Кастуся Каліноўскага ля школы ў Свіслачы. Сустрэча сканчаецца пікніком у каляпушчанскім лесе.

Кастусь Каліноўскі быў кіраўніком нацыянальна‑вызваленчага паўстання ў Беларусі супраць царызму ў 1863—1864 гадах. Паўстанцы далі на тэрыторыі Беларусі 56 баёў царскім войскам. Выпускаў газету па-беларуску «Мужыцкая праўда». Замардаваны расейцамі ў Вільні. З турмы перад смерцю напісаў палымяныя звароты «Лісты з-пад шыбеніцы» і ліст-верш да сваёй каханай дзяўчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?