Пасля апрацоўкі прыкладна 80% бюлетэняў Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што партыя «Грамадзянская дамова» атрымала 55,3% галасоў. Галоўны канкурэнт кіруючай партыі — блок «Аястан» былога прэзідэнта Роберта Качарана — ідзе на другім месцы з 20,3% галасоў.

На трэцім месцы апазіцыйны блок былога прэзідэнта Сержа Саргсяна «Гонар маю» з 5,2% галасоў. Згодна з армянскім заканадаўствам, блокам патрэбна набраць не меней за 7% галасоў, каб быць прадстаўленымі ў Нацыянальным сходзе.

Паводле звестак ЦВК, іншая апазіцыйная сіла, партыя «Квітнеючая Арменія», набірае менш за 5%, што з'яўляецца парогам для партый для праходжання ў парламент.

Астатнія партыі і блокі (усяго ў выбарах удзельнічалі 25 палітычных сіл) набіраюць нашмат менш галасоў, чым неабходна для праходжання ў парламент.

Партыя Пашыняна лічыцца праеўрапейскай, а Качарана — прарасійскай. Арменія ў цэлым застаецца цалкам залежнай ад расійскай вайсковай дапамогі, расійскія войскі ахоўваюць межы краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0