Рэзалюцыя па сітуацыі ў М'янме — там у лютым гэтага года адбыўся вайсковы пераварот — была прынятая Генеральнай асамблеяй ААН 18 чэрвеня.

Рэзалюцыя заклікае да аднаўлення дэмакратычнага працэсу і павагі да правоў чалавека.

119 краін прагаласавалі «за», 36 устрымаліся — сярод іх Кітай, Расія і Індыя. І толькі адна краіна прагаласавала супраць. Гэта была Беларусь.

Куба і Венесуэла ўстрымаліся. Туркменістан і Паўночная Карэя не галасавалі.

Рэзалюцыі ААН маюць сімвалічны характар. Для прыняцця рэальных мер трэба рашэнне Рады бяспекі, а там Кітай і Расія маюць права вета.

Пераварот у М'янме адбыўся 1 лютага. Армія адмяніла вынікі выбараў, пасля таго як другі раз запар партыя, якая мае падтрымку вайскоўцаў, атрымала абсалютную меншасць галасоў. Дзяржаўная дарадца Аўнг Сан Су Чжы і іншыя лідары партыі-пераможцы, Нацыянальнай лігі за дэмакратыю, застаюцца пад арыштам.

Сувязі Беларусі з М'янмай мінімальныя. М'янма — адна з найбяднейшых краін свету — купляе ў Беларусі зброю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0