«Наша Ніва» высветліла, што здарылася. Пра акалічнасці расказала мясцовая жыхарка.

«Гэта была стыхійная сустрэча недзе пасля 8 вечара. Я выходжу на шпацыр у парк штовечар праз праблемы са здароўем. І тут убачыла знаёмых ля альтанкі, падышла. Хтосьці яшчэ пасля падышоў. Гэта не была запланаваная сустрэча, нават не была адзіная кампанія. Проста людзі стаялі невялікімі купкамі адносна побач, размаўлялі. Знаёмыя з раёна, сабачнікі. Чалавек 10-15 было. Без сімволікі, без алкаголю, — распавяла мясцовая жыхарка. — І вось я падышла, убачыла знаёмых, павіталася. Хвілін праз 15 з боку вуліцы Глебкі ідуць двое амапаўцаў (я так зразумела, што АМАП, але магу памыляцца). 

Падышлі, кажуць: чаго сабраліся? П’ём, не п’ём? Карацей, давайце, грузімся ў аўтобус!

І ў гэты час нас акружылі недзе шасцёра ў цывільным. 

Усе людзі спакойна пайшлі. Ніхто не супраціўляўся, нічога не крычаў. На Глебкі стаяла два мікрааўтобусы і чорны джып. Нас пасадзілі ў тыя аўтобусы.

Па дарозе сілавікі казалі, што мы пацукі, у адной дзяўчыны знайшлі налепкі — з Пагоняй і нейкія яшчэ — тыкалі іх у твар. Казалі: «Што, дазмагаліся? Чаго прыціхлі? Мы ўсіх вас пераловім». 

Нас прывезлі ва Фрунзенскае РУУС. І хачу сказаць — амапаўцы адразу цішэй сталі сябе паводзіць, калі мы прыехалі ў РУУС. Міліцыя ж паводзіла сябе нашмат карэктней.

У РУУСе нас пасадзілі ў актавую залу, апыталі, далі падпісаць нейкую паперу, што з намі правялі размову пра забарону забароненай сімволікі. 

А калі нам далі пратаколы — у іх стаяла, што мы ўсе нібыта ўдзельнічалі ў маршы.

Я падпісала, што не згодная з пратаколам. Усе так падпісалі, наколькі ведаю.

Да 3 ночы мы прасядзелі ў актавай зале, затым нас адвезлі на Акрэсціна. Не ведаю лёс толькі адной дзяўчыны — той, у каго знайшлі налепкі.

На Акрэсціна я трапіла ў камеру на дваіх, там было пяцёра чалавек. Пасцелю і матрацы не давалі, але выдалі туалетную паперу.

Ну і раніцай суд па скайпе. Віну я не прызнавала, бо які ўдзел у маршы? Поўны абсурд!

Але мне далі штраф у 100 базавых. Для мяне непад’ёмныя грошы, але што рабіць, буду неяк выкручвацца».

Амаль усе астатнія, каго затрымалі ў парку, атрымалі суткі: суддзя Ярохіна раздавала ў асноўным па 15 сутак, двое мужчын атрымалі па 30 сутак арышту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0