Суддзя — Юлія Густыр, бок абвінавачвання — памочнік пракурора Марына Прудніковіч.

Паводле абвінавачання, Анатоль Пятроў з 20-й гадзіны да 23-й гадзіны 9 жніўня, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, на праспекце Пераможцаў ад дома 9 да дома 13 узяў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што выявілася ў тым, што ён далучыўся да групы грамадзян, якія выкрыквалі правакацыйныя лозунгі. Таксама Пятрова абвінавацілі ў тым, што ён узяў пясок з клумбы і кінуў яго ў бок супрацоўнікаў МУС.

Анатоль Пятроў цалкам прызнаў віну і раскаяўся. Падчас допыту ён распавёў, што 9 жніўня пайшоў у госці да сына, бо думаў, што ў гэты дзень у яго ўнучкі дзень нараджэння. Аказалася, што даты ён пераблытаў, але ўсё роўна ў сына яны накрылі стол і выпілі. Затым Пятроў вырашыў прайсціся на Нямігу і зайсці ў кафэ каля кінатэатра «Масква». Там ён замовіў яшчэ алкаголь і закуску. Да яго падсеў чалавек, і пазней яны разам выйшлі папаліць.

«Я не палю, але было душна, выйшаў за кампанію. Там пабачылі ўжо шмат людзей, яны выкрыквалі лозунгі, пляскалі. Я не ведаў, чаго яны там знаходзіліся, палітыкай сам не цікавіўся. Міліцыя таксама там была. Яны затрымлівалі людзей, білі іх гумовымі палкамі. Я такога ніколі не бачыў. Для мяне гэта было шокам. Натоўп пайшоў, і я пайшоў за імі. Я таксама пачаў крычаць, каб не білі людзей. У далоні не пляскаў.

Потым узяў зямлю з клумбы, але яна выпала з рук, я не змог яе кінуць. На мяне падзейнічаў алкаголь і дзеянні натоўпу. Я быў абураны. Потым зразумеў, што гэта бессэнсоўна, і сышоў».

Далей Пятроў вярнуўся ў кавярню, расплаціўся, затым пайшоў у бок вуліцы Кальварыйскай, чакаў тралейбуса каля «Кароны». Там ён быў затрыманы і пазней асуджаны па артыкуле 23.34 КаАП (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Ён таксама растлумачыў, што зямлёй з клумбы ён не хацеў ні ў каго патрапіць, гэта хутчэй быў дэманстратыўны жэст.

У якасці сведак на судзе выступілі сын Пятрова і яго нявестка. Сын Уладзімір пацвердзіў, што 9 жніўня бацька быў у яго ў гасцях і яны пілі алкаголь. Каля 20-й гадзіны ён правёў бацьку на прыпынак і пасадзіў на транспарт. Пазней даведаўся, што бацька затрыманы і знаходзіцца на Акрэсціна. Уладзімір распавёў, што цяпер у бацькі праблемы са слыхам і зрокам, знаходзіцца ў стадыі афармлення інваліднасці.

Нявестка Святлана таксама пацвердзіла паказанні абвінавачанага. Яна сказала, што пасля той сустрэчы яны больш не размаўлялі.

Памочнік пракурора Марына Прудніковіч адзначыла, што віна Пятрова даказаная ў поўным аб'ёме паказаннямі самога абвінавачанага, сведак, а таксама пісьмовымі матэрыяламі справы. Змякчальнымі абставінамі яна папрасіла прызнаць чыстасардэчнае раскаянне, а таксама ўлічыць узрост і характарыстыку абвінавачанага. Абцяжарваючым — знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення. Дзяржабвінаваўца прапанавала прысудзіць Пятрову тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

У апошнім слове Анатоль Пятроў папрасіў строга яго не караць і даць яму проста «спакойна дажыць».

У выніку — тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (г. зн. хатняя хімія).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0