Большасць дзяцей з кавідам пераносяць хваробу лёгка або ўвогуле бессімптомна. Аднак ёсць рызыка цяжкіх выпадкаў. За ўвесь час пандэміі ў ЗША было зафіксавана 14 тысяч шпіталізацый і 279 смяротных выпадкаў сярод дзяцей. Таму Лі Савіа Бірс, кіраўнік Амерыканскай акадэміі педыятрыі, як і многія іншыя эксперты, заклікае бацькоў вакцынаваць падлеткаў, як толькі яны атрымаюць на гэта дазвол, паведамляе The Reuters.

Больш за тое, інфікаваныя дзеці, якія пераносяць хваробу бессімптомна, распаўсюджваюць вірус сярод людзей, што знаходзяцца ў зоне рызыкі. Вакцынацыя будзе па-сапраўднаму эфектыўнай у тым выпадку, калі прышчэпку атрымаюць як мага больш людзей. Калі не вакцынаваць дзяцей, то дасягнуць калектыўнага імунітэту будзе складаней.

Згодна з даследаваннямі, вакцыны Pfizer і BioNTech не ўяўляюць рызыкі для дзяцей. Навукоўцы не выявілі доказаў дадатковага негатыўнага ўплыву вакцын на дзяцей у параўнанні з дарослымі. У большасці выпадкаў падлеткі, як і дарослыя, маюць ліхаманку і боль у мышцах пасля вакцынацыі, што праходзіць праз пару дзён. У вельмі рэдкіх выпадках назіраецца алергічная рэакцыя на пэўныя хімічныя рэчывы, піша The Wall Street Journal.

Пакуль што толькі вакцыны Pfizer і BioNTech дазволеныя ў ЗША для маладых людзей да 18 гадоў. Канада і Алжыр таксама дазволілі Pfizer для гэтай узроставай групы. Кампанія Pfizer паведаміла, што даслала неабходныя для дазволу вакцыны падлеткам звесткі ў іншыя органы рэгулявання ва ўсім свеце, у тым ліку ў Еўрапейскае агенцтва па лекавых сродках. Таму, верагодна, у хуткім часе вакцынацыя падлеткаў стане распаўсюджанай ва ўсім свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0