viciebskspring.org

viciebskspring.org

Ангеліну затрымалі разам з 18-гадовым Русланам Яневічам, але хлопца пазней адпусцілі.

У Чыгуначным РАУС на яе склалі пратакол паводле ч.3 арт. 24.23 КаАП і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе яна і прабыла трое сутак да суда. Арыштаваныя два тэлефоны дзяўчыны. Судовае пасяджэнне прайшло сёння з выкарыстаннем Skype. Справу разбірала суддзя Алена Цыганкова.

Паводле міліцэйскага пратакола, Ангеліна Туравец 9 мая, знаходзячыся каля дому 24 на вул. Калініна, мела на твары маску чорнага колеру з бел-чырвона-белай выявай на ёй «для публічнай дэманстрацыі» — і гэткім чынам правяла адзіночнае пікетаванне з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў.

Дзяўчына не згадзілася з пратаколам і сваёй віны не прызнала. Патлумачыла на судзе, што проста прыйшла паглядзець на парад Перамогі ў цэнтры Віцебску, бо штогод разам з бацькам адзначае свята менавіта такім чынам. Сцвердзіла, што ў чорнай масцы з выявай усмешкі («белыя зубы — чырвоны язык») ходзіць яшчэ са снежня 2020 года.

«Прысутнічала ў ёй на судах, была ў ёй у следчым камітэце, не здымала гэтую маску, калі размаўляла з начальнікам Віцебскага РАУС 25 сакавіка — і ніхто мне не рабіў наконт яе ніякіх заўваг, не папярэджваў і не рэкамендаваў перастаць яе насіць», — запэўніла на судзе Ангеліна Туравец. Падкрэсліла, што не мае іншай маскі.

Адвакатка прасіла вярнуць справу на дапрацоўку, бо было шмат недакладнасцяў — напрыклад з часам затрымання. Выявілася таксама, што Ангеліну не азнаёмілі з пратаколам затрымання. Але гэтую просьбу суддзя Алена Цыганкова адхіліла.

На думку суддзі, віна Туравец «знайшла сваё пацверджанне». Алена Цыганкова пастанавіла пакараць Ангеліну Туравец за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні (ч.3 арт. 24.23 КаАП) адміністрацыйным арыштам на 20 сутак.

Да гэтага Ангеліну Туравец ужо 4 разы прыцягвалі да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Яе каралі штрафамі і арыштамі. У лютым 2021 году ў дачыненні маці Ангеліны Таццяны Туравец была заведзеная крымінальная справа за ўжыванне гвалту да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК), якая разглядаецца цяпер судом Віцебскага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0