Фота pixabay.com

У кавы ёсць шмат плюсаў. Калі піць яе ва ўмеранай колькасці, кава дадае энергію, робіць метабалізм больш хуткім і паляпшае канцэнтрацыю, таксама гэта крыніца карысных антыаксідантаў. Але калі мы п’ём шмат кавы, мы робімся ўстойлівымі да яе, і нам трэба ўсё больш кафеіну, тлумачыць onet.pl.

Празмернае ўжыванне кавы можа выклікаць абязводжванне, праблемы са сном і нервовасць, да таго ж некаторыя людзі дрэнна пераносяць нават маленькія дозы кафеіну. Таму прапануем некалькі альтэрнатыў да кавы, якія таксама здольныя даць вам больш сіл.

Пачнём з зялёнай гарбаты, якая змяшчае ў сабе тэін — адзін з тыпаў кафеіну. Такая гарбата будзе мець стымулюючы эфект, толькі калі яе правільна рабіць. Трэба заварваць яе з вадой, цяплейшай за 80 градусаў Цэльсія, на працягу не больш за тры хвіліны. Можна таксама адкрыць для сябе матчу — адзін з відаў зялёнай гарбаты. Адна порцыя матчы працуе як моцны эспрэса, пры гэтым напой мае выключна высокую канцэнтрацыю карысных рэчываў.

 Матча. Фота pixabay.com

Парагвайская гарбата матэ дае больш энергіі, чым кава, і стымулюючы эфект ад яе не праходзіць больш доўга. Акрамя кафеіну, у складзе матэ ёсць карысныя вітаміны і мінералы, яна дапамагае страчваць вагу і рэгуляваць узровень халестэрыну.

У складзе самых папулярных энергетыкаў можна знасці экстракт паўднёваамерыканскай расліны гуарана. Але іншыя інгрэдыенты энергетыкаў шкодзяць здароўю, таму лепей ужываць гуарану ў натуральным выглядзе, напрыклад рабіць напой з яе высушаных ягад. Яны змяшчаюць у сабе гуаранін — тып кафеіну, які засвойваецца больш павольна, чым кафеін з кавы, і таму яго эфект не згасае больш доўга. Гуарана таксама стымулюе працу мозга, робіць метабалізм больш хуткім, паляпшае настрой і памяць.

Фота pixabay.com

У какаве амаль няма кафеіну, але там ёсць іншы добры стымулятар — тэабрамін. Але варта шукаць натуральную какаву і адмовіцца ад яе распушчальных аналагаў. Нарэшце, можна перайсці на кактэйлі з садавіны і гародніны, ці, інакш кажучы, на смузі. Яны не толькі працуюць як крыніца карысных рэчываў, але і робяць вас больш бадзёрым, асабліва калі дадаць у смузі бананы, шпінат ці чарніцы.

Варта не забываць, што, акрамя напояў, існуюць і іншыя крыніцы энергіі, напрыклад спорт ці проста добры ранішні сняданак.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?