Дзяўчыну сем разоў каралі арыштам па 15 сутак — за нібыта ўдзел у «партызанскіх» акцыях. Анастасія Перавошчыкава выйшла з ізалятару часовага ўтрыманьня ў Буда-Кашалёве 9 траўня. Яна зь зімы была ў ізаляцыі ад грамадзтва. Свабода пагутарыла з Настай Перавошчыкавай па яе вызваленьні пасьля 105 дзён арышту за пратэсты.

Найбольш хацела ўбачыць маці і дзядулю

Вельмі рада была вызваленьню. Асабліва сустрэчы з маці і дзядулем — маімі блізкімі людзьмі. Была ўражаная, што ўсё вакол зялёнае. Бо з камэры я назірала толькі за галінкамі дрэва, і тое было далёка. Бачыла, што яно шэрае. І толькі 4 траўня пакрылася зялёнай дымкай, гэта падбадзёрыла мяне.

Самае цяжкае было ў ізалятары — перажываньні за сваіх блізкіх, за маці. Таксама баялася заразіцца каранавірусам. У мяне была тэмпэратура, але нядоўга. Неяк лёгка прайшло.

Анастасія Перавошчыкава з маці.

Анастасія Перавошчыкава з маці.

Нечакана для сябе пачала пісаць вершы

Пакуль была магчымасьць — я малявала. Але з першага красавіка ўмовы ўтрыманьня сталі больш жорсткімі, і ў мяне забралі алоўкі, асадкі і паперу. Выдавалі толькі на кароткі тэрмін — недзе на трыццаць хвілін. Трэба было пасьпець напісаць ліст маці. Да красавіка я атрымлівала шмат лістоў — па 10-20 у дзень. Пісалі людзі са ўсёй Беларусі. Дайшлі лісты і з ЗША, Нямеччыны, Украіны і Расеі. Але пасьля 1 красавіка іх перасталі аддаваць — толькі ад маці атрымлівала. Аддалі пасьля вызваленьня — іх было два пакункі. Я была вельмі ўражаная — не чакала такой падтрымкі.

Маці пісала вельмі аптымістычныя лісты — пра звычайныя, побытавыя справы. Яны вельмі грэлі душу.

Наогул лісты ў ізалятары маюць вялікае значэньне для чалавека, кожны ліст. Бо там не хапае ўражаньняў. Праз лісты ты атрымліваеш іх. Найбольш мне падабалася, калі людзі пісалі розныя жартачкі. Напрыклад, быў ліст з Жодзіна. Там былі такія радкі: «Я з Жодзіна. Цяпер можа здавацца, што гэта кепскае месца, але гэта ўсё фоташоп!»

Нечакана для сябе пачала пісаць вершы… Напрыклад, верш «Ружа на пустцы» зьвязаны з кнігай «Цёмная вежа» Стывена Кінга. Мне прыйшлі на памяць радкі з кнігі, і нечакана нарадзіўся верш. Я яго прысьвяціла сваім блізкім людзям.

Верш Насты Перавошчыкавай, напісаны ў турме.

Верш Насты Перавошчыкавай, напісаны ў турме.

Няправільна — даваць людзям вялікія тэрміны

Канечне, у ізалятары цяжка сядзець вялікі тэрмін, як і ў турме. Асабліва цяжка для людзей, якія любяць стасункі з іншымі. Псыхалягічна цяжка, але чалавек можа да ўсяго прыстасавацца, прызвычаіцца. Я разглядала разводы на сьценах, уяўляла твары жывёл, фігуры людзей, нешта ўзгадвала — прыемныя месцы, блізкіх. Неяк уяўленьне пачынае само сябе займаць.

Я сядзела адзін час з жанчынамі, якія вінаватыя ў тым, што не сплацілі алімэнты за дзяцей, якіх забрала дзяржава. Мне здаецца, гэта няправільна ўвогуле — даваць людзям вялікія тэрміны, нават злачынцам. Іх цяжка выцерпець, гэта ж кавалак жыцьця! Адна жанчына адседзела ў турме паўтары гады. За гэты час памерла яе маці. Яшчэ раней памер муж, а дзіця забралі ў дзіцячы дом. І вось яна вярнулася ў пустую кватэру…

Мне шкада гэтых жанчын, якія недзе аступіліся. Калі яны ўжываюць алькаголь і ня могуць пазбавіцца залежнасьці — іх трэба лячыць, неяк дапамагчы ім. А дзяржава забірае дзяцей, «навешвае» на чалавека вялізарны доўг, які ён ня можа сплаціць, і потым садзіць у турму.

Гэтыя людзі — яны ў бязвыхадным становішчы, проста загнаныя ў кут. Мне здаецца, калі дзяржава забірае дзяцей — то яна можа іх утрымліваць, за грошы падаткаплацельшчыкаў. А гэтыя сродкі мусяць сплаціць людзі, якія ня маюць такіх грошай і ідуць у турму.

Малюнак Насты Перавошчыкавай, зроблены ў турме.

Малюнак Насты Перавошчыкавай, зроблены ў турме.

Сьніла, што вызвалілася, а Гомель — абсалютна пусты, без людзей

У ізалятары пачалі сьніцца вельмі яркія сны. Адзін быў такі, што я вызвалілася, іду па Гомелю — а горад абсалютна пусты, няма людзей. Пустыя вуліцы, пустая плошча Леніна. І там залілі каток. І два чалавекі гуляюць у хакей. Пакуль я сядзела, некаторыя мае знаёмыя зьехалі ў эміграцыю… Сумна. Людзі і раней зьяжджалі, цяпер, бачу, яшчэ будуць зьяжджаць.

Я не пляную зьяжджаць. Тут мая зямля, дом, маці, дзядуля. Я прыкіпела да сваёй радзімы душой.

Дома — родныя сьцены, мэбля. Кот Мартын — ён мяне пазнаў, вось цяпер мяўкае. Неяк у ізалятары я забылася, што існуюць такія стварэньні — каты. Потым схамянулася, узгадала, што яны існуюць. Сумавала па свайму кату.

Цяжкавата было, калі з 1 красавіка забралі матрац, коўдру. Нічога не тлумачылі. Было холадна. Я апранала ўсё адзеньне на сябе, якое ў мяне было.

Стаўленьне канваіраў было адэкватнае. Размоў яны пазьбягалі. Перадачы перадавалі. Трэба будзе сплаціць каля 1400 рублёў за ізалятар. Прыемнага, канечне, мала, але куды дзявацца…

Каб не звар’яцець — трэба сябе ўвесь час нечым займаць

Чалавек можа прыстасавацца да розных абставін. Нават з таго, што маеш пад рукой, «дазволенага», можа нешта прыдумаць, стварыць сабе нейкія ўмовы. Ніколі не трэба здавацца — гэта галоўнае. Трэба ставіць мэту, што ўсё будзе добра, і жыць.

Канечне, трывожныя думкі лезуць у галаву. Таму лепш за ўсё быць занятым — камэру прыбіраць, напрыклад. Цяжка, што там мала заняткаў. Я сама сабе пераказвала тыя яркія сны, якія бачыла. Здаецца, гэта нецікавы занятак, але ён мяне захапіў.

Цяпер я дома, прывыкаю да яго. Сёньня да мяне прыйшоў дзядуля-вэтэран. Ён прыбраўся, для яго маё вызваленьне — сьвята. Будзем сьвяткаваць.

Насту Перавошчыкаву сустракаюць пасьля турмы.

Насту Перавошчыкаву сустракаюць пасьля турмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?