Мяркуючы па святочнай праграме, з 11.40 да 13.45 каля Кургана Славы праходзіў канцэрт духавога аркестра 6-й механізаванай брыгады і творчых калектываў Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што вайскоўцы паказалі вайсковую тэхніку, некалькі выступаў, а потым частавалі салдацкай кашай.

Жыхарка Гродна Настасся была на свяце c дзевяцігадовым сынам.

— Глядзелі паказальнае выступленне нейкіх ваенных хлопцаў. Яны паказвалі, як умеюць страляць, запускалі нейкія дымавыя шашкі, былі чутныя «выбухі». З выступоўцаў запомніўся хлопец у незвычайнай камуфляванай вопратцы — «у лахманах», ён быў найбліжэйшы да нас.

Анастасія кажа, што пусціла дзіця бліжэй да агароджы (за яе ён не заступаў), у першы шэраг — каб яму было лепш відаць.

— Мяне ад сына аддзяляла прыкладна тры шэрагі людзей. Я не выпускала з поля зроку яго куртку. У нейкі момант «выбухі» пачуліся бліжэй. Я заўважыла, што дарослыя сталі адводзіць з першых шэрагаў маленькіх дзяцей — яны заплакалі. Маё дзіця таксама стаў адыходзіць. Падышла бліжэй — паказвае руку і плача, — распавядае мама. — Я павяла яго ў найбліжэйшую хуткую дапамогу, там рану апрацавалі і сказалі, што гэта апёк.

Хлопчык маці растлумачыў, што адчуў толькі рэзкую пякоту ў руцэ падчас паказальнага выступлення вайскоўцаў.

Жанчына кажа, што спрабавала знайсці ля Кургана Славы адказных за мерапрыемства, але нічога не выйшла.

Бліжэй да вечара сям'я з'ездзіла ў траўмапункт Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы і зафіксавала здарэнне. У даведцы (ёсць у рэдакцыі) адзначана, што ў хлопчыка выцятая ранка правай кісці. Там жа адзначана: «Паведамлена ў УУС».

Анастасія занепакоеная тым, што адбылося.

— Там былі дзеці ніжэйшыя за майго. А калі б нешта патрапіла іншаму дзіцяці ў вока? Магчыма, гледачоў не адвялі на дастатковую адлегласць? Гэта небяспечна. Крыўдна, што такі выдатны дзень быў азмрочаны. Наступны раз я падумаю, ісці ці не ісці на свята.

Бацькі хлопчыка тлумачаць, што ў іх прэтэнзій няма, але хацелі б адчуваць сябе ў бяспецы пры правядзенні такіх мерапрыемстваў.

Увечары сям'ю наведалі прадстаўнікі Мінабароны і прывезлі невялікія падарункі. У ходзе гутаркі ім так і не ўдалося прыйсці да высновы, як і дзе хлопчык мог атрымаць траўму.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?