Яўгену 20 год. З дзяцінства займаўся шахматамі, ездзіў на спаборніцтвы. Добра бегаў — на Дзень металурга ў горадзе браў прызы на дыстанцыі ў 10 кіламетраў. Пасля школы хлопец паступіў на электраманцёра ў Жлобінскі ліцэй сферы абслугоўвання. Але на апошнім курсе вучобу кінуў: вырашыў, што гэта не яго. Бацька тады на Яўгена злаваўся, што той так і не атрымаў дыплом.

«Як споўнілася 18 год, Жэня вырашыў жыць так, як сам лічыць патрэбным. Афіцыйна ён не быў працаўладкаваны, ездзіў пару разоў у Маскву на шабашкі, навучыўся будаўнічым работам. Першы раз яго там кінулі, не разлічыліся. Увесь час у сына была нейкая падпрацоўка — самастойна жыў на лецішчы, грошай не прасіў у мяне», — распавядае маці Алеся.

Татуіроўкі на твары ў сына, кажа, даніна модзе. Па прыкладзе расійскага рэпера Маргенштэрна хлопец набіў на шыі слова «дабро». Вёў свой акаўнт у цік-току.

У дзень выбараў Жэня мусіў быць разам з дзяўчынай. 

«А тут пасварыўся і пайшоў у горад — яны з сябрамі заўсёды на Палацы металургаў збіраліся. А там якраз гэтыя падзеі ўсе разварочваліся. Я не думала, што ён там апынецца. Прасіла: Жэня, ты глядзі, цяпер такое адбываецца, лепш туды не хадзіць. Не паслухаў. Яму «шанцавала» заўсёды трапляць не ў тое месца не ў той час», — уздыхае Алеся.

У сына былі дзве судзімасці за крадзяжы. 

«Першы раз на чужым ровары пракаціўся да крамы. Вярнуў, але гаспадыня ўжо пазваніла ў міліцыю. Другі раз знайшоў тэлефон і не звярнуўся ў міліцыю. Штрафы далі ў абаіх выпадках», — тлумачыць яна.

Хлопца затрымалі ўночы 26 жніўня на лецішчы. А 27-га ў эфіры БТ ужо круцілі прызнанне Яўгена на камеру, дзе ён кажа, што на пратэстах іх кампанія кідалася ў міліцыянтаў камянямі, бутэлькамі, палкамі. «Так рабіць нельга, гэта вельмі дрэнна», — выбачаецца хлопец. У тым жа сюжэце паказалі, як нехта хваліцца, што разбіў акно ў службовай машыне — але гэта не Яўген. 

Скрыншот таго відэа БТ

Скрыншот таго відэа БТ

У той вечар Алеся прыехала да РУУС, ёй паведамілі, што сын яшчэ на дазнанні. Маці адправілася на лецішча, каб сабраць для яго рэчы: дзверы там былі адчыненыя, на ложку валяліся грошы, цыгарэты, дакументы.

Пазней Яўген казаў, што першае прызнанне зрабіў пад прымусам.

«Ён пісаў тлумачальную, чаму змяніў паказанні. Казаў, што агаварыў сябе пад уздзеяннем ціску, што за «няправільныя» словы яго білі, пагражалі, таму ён агучваў тое, што патрабавалася. У сына на відэа дрыжыць голас. Калі пыталіся, чаму ён не расказаў усё бясплатнаму адвакату, ён патлумачыў: «Лічу, што ён павязаны з міліцыяй». На судзе зачытвалі гэтыя яго словы.

Калі мы падалі скаргу ў пракуратуру, нам адказалі, што ніякага перавышэння паўнамоцтваў не было. А нармальны адвакат да сына позна патрапіў — мне нялёгка было знайсці абаронцу. Адвакат казаў: калі Жэня даведаўся, што на яго вешаюць і наколькі ўсё сур’ёзна, у яго ажно слёзы навярнуліся».

Да суда хлопец сядзеў у гомельскім СІЗА. Пісаў, што кормяць добра, па серадах у іх лазневы дзень. Стаў маліцца Богу і шмат чытаць. «Выйду разумным чалавекам», — суцяшаў ён сям’ю.

«Піша пастаянна, што сумуе. Малодшай сястры дасылае асобныя лісты, просіць, каб слухалася маму, каб я не перажывала. Ксюша яму, відаць, пісала, што я плакала. А ў мяне бываюць моманты, як ва ўсіх такіх мам цяпер: трымаешся-трымаешся, а пасля накрывае. З дзяўчынай яны тады рассталіся, як пасварыліся», — дзеліцца Алеся.

Прысуд Яўгену вынеслі 5 лютага (яго судзілі разам з Дзмітрыем Гоптам). Згодна з матэрыяламі справы, з 9 па 11 жніўня хлопец удзельнічаў у пратэстах у Жлобіне. Наносіў удары рукамі і нагамі па шчытах і абмундзіраванні, кідаў у міліцыю і транспарт камяні і бутэлькі (артыкулы 342 і 364 — Грубае парушэнне грамадскага парадку і Гвалт да супрацоўнікаў).

Сам хлопец на судзе віну не прызнаў. Пацярпелы, якога дапытвалі па скайпе, сказаў, што пратэстоўцы шкоды здароўю не нанеслі — толькі спецтранспарту.

«З доказаў прадставілі прызнальныя паказанні, ад якіх сын пасля адмовіўся. Супраць яго сведчылі хлопцы, якія з ім тады былі, а цяпер на волі бегаюць, але яны блыталіся. Адбіткаў Жэні на бутэльках не знайшлі. Прадстаўлялі відэа, дзе бяжыць натоўп, людзі штосьці кідаюць, але сына на тым відэа няма. А на відэа, дзе ён ёсць, ён проста стаіць. Жэня прыметны, у татуіроўках — вось яго і вылічылі», — мяркуе маці.

На спатканне з сынам яна змагла патрапіць толькі 12 красавіка. 

«Я працую ў таксі. У канцы змены села на апошні дызель і паехала ў Гомель. Ноч правяла на лаўцы каля СІЗА. У Гомелі такая сістэма — 9 чалавек прапускаюць у першую змену і 9 у другую. Але прыязджаеш запісвацца зранку — там бываюць такія чэргі, што можаш і не патрапіць.

Калі Жэню завялі і ён мяне ўбачыў, ледзь не заплакаў. Выглядае нармальна. Прасіў, каб я не трацілася на адваката. «Нічога, мама, не зменіш усё адно». Як убачылася з сынам, падняўся настрой. Як новы подых. Бо на судзе вельмі цяжка было. У мяне пасля другога дня суда нават сэрца прыхапіла, нашатыром адкачвалі. Нервы здалі. На пасяджэнні не паказвала эмоцый, а пасля — істэрыка. Такая несправядлівасць».

У сярэдзіне красавіка Яўгена этапавалі ў калонію ў Наваполацк — амаль за 400 кіламетраў ад дома. У апошнім лісце ён пісаў, што пакуль на каранціне.

«Як мне патлумачылі, у кастрычніку гэтага года можна падаць на змякчэнне тэрміну. Буду рабіць, што змагу. Цяпер узяла больш працы. У мяне заўсёды быў графік два праз два, а цяпер дзень-дзень-ноч-адсыпны, без выходных практычна». 

***

Адрас для лістоў: Яўген Дзмітрыевіч Каханоўскі, 211440, ПК№1, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8.

Рэквізіты для дапамогі палітвязню ёсць на сайце dissidentby.com. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?