Уся тройка галоўных цэментных заводаў краіны знаходзіцца ў дзяржуласнасці. Беларускі цэментны завод размешчаны ў Касцюковіцкім раёне, Крычаўцэментнашыфер — у Крычаўскім, Краснасельскбудматэрыялы — у Ваўкавыскім. Гэта валаўтваральныя прадпрыемствы і галоўныя наймальнікі на сваіх тэрыторыях.

У папярэднія гады цэментныя заводы мелі шматмільённую дзяржпадтрымку. Толькі ў 2015—2018 гг. Мінфін як гарант па кітайскіх крэдытах заплаціў больш за 500 млн USD у эквіваленце. Каб атрымаць з цэментных заводаў грошы паводле выкананых гарантый Мінфіна, у 2018 годзе быў прыняты ўказ № 226 «Аб адкрыцці спецыяльных рахункаў». Раней такія дакументы прымаліся для правядзення разлікаў праблемных прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі. У 2019 годзе цэментнікаў падтрымалі прыкладна на 1 млрд USD. На 2021 год цэментным заводам далі асаблівыя цэны на газ, зніжаныя адносна стандартных для прамысловых спажыўцоў.

Паводле справаздачы за 2020 год, на Беларускім цэментным заводзе працавалі 2354 чалавекі. Для параўнання: у 2014 годзе сярэдняспісачная колькасць персаналу на заводзе склала 2764 чалавекі.

Паводле адкрытым звестак, касцюковіцкае прадпрыемства не выходзіць на чысты прыбытак з 2014 года. Да 1 студзеня 2021 года непакрытыя страты кампаніі склалі 202,3 млн BYN. З-за велізарнай непакрытай страты ўласны капітал завода меншы за статутны фонд — 180,3 супраць 212,7 млн BYN.

На пачатак 2021 года кароткатэрміновыя актывы Беларускага цэментнага завода былі ніжэйшыя за кароткатэрміновыя абавязкі — 158,6 супраць 213,9 млн BYN.

Акрамя таго, прадпрыемства мела гіганцкія доўгатэрміновыя пазыкі — 915,9 млн BYN. Аўдытары справаздачы ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» за 2020 год адзначылі, што здольнасць кампаніі «выконваць свае абавязкі ў тэрмін, аднаўленне плацежаздольнасці будзе залежаць ад дзяржаўнай падтрымкі».

Улады спрабавалі прадаць цэментны завод у Краснасельскім яшчэ з сярэдзіны 2000-х. Тады галоўным прэтэндэнтам на беларускі актыў называлі ірландскі канцэрн CRH. Аднак чыноўнікі і патэнцыйныя інвестары не прыйшлі да ўзаемнага разумення ўмоў здзелкі. З 2017-га па 2019 год цэментнікі неслі страты ад рэалізацыі прадукцыі. За 2020 год прыбытак ад рэалізацыі дасягнуў 10,8 млн BYN пры выручцы 290,8 млн BYN. З гэтага вынікае, што рэнтабельнасць продажаў склала менш за 4%.

Краснасельскбудматэрыялы з 2015 года паказваюць чыстыя страты. Непакрытая страта на 1 студзеня 2021-га дасягнула 313,4 млн BYN. З 2013-га па 2020 год сярэдняспісачная колькасць персаналу на Краснасельскім заводзе скарацілася з 4242 да 2326 чалавек.

Кароткатэрміновыя актывы цэментнікаў (98,1 млн BYN) да пачатку 2021 года былі ўдвая ніжэйшыя за кароткатэрміновыя абавязкі (195,9 млн BYN). На 1 студзеня 2021 года доўгатэрміновыя даўгі Краснасельскбудматэрыялаў дасягнулі 813,5 млн BYN. Годам раней яны былі 596,2 млн BYN.

На Крычаўцэментнашыферы колькасць персаналу знізілася з 3479 чалавек у 2014 годзе да 2090, паводле вынікаў 2020-га. Па адкрытай справаздачнасці, прадпрыемства не мае чыстага прыбытку з 2013 года. На 1 студзеня 2021 года непакрытыя страты крычаўскага завода дасягнулі 363,5 млн BYN. З-за гэтага статутны фонд кампаніі амаль удвая вышэйшы за ўласны капітал — 299 супраць 158,7 млн BYN.

Кароткатэрміновыя актывы Крычаўцэментнашыфера прыкметна ніжэйшыя за кароткатэрміновыя абавязкі — 113,5 супраць 253,1 млн BYN. Да пачатку 2021 года доўгатэрміновыя пазыкі завода склалі 1,406 млрд BYN (годам раней былі роўныя 982,4 млн BYN).

У цэлым, прадпрыемствы цэментнай галіны да пачатку 2021 года знаходзіліся ў складаным фінансавым становішчы. Заводы не выйшлі на чысты прыбытак, маюць вялізныя пазыкі, патрабуюць дакапіталізацыі, скарачаецца колькасць персаналу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0