Фота pixabay.com

Старажытныя грэкі называлі хімерай міфічную пачвару з галавой і шыяй ільва, тулавам казы і хвастом у выглядзе змяі. Але гэты тэрмін існуе і ў біялогіі — там хімерамі клічуць арганізмы, целы якіх складаюцца з клетак дзвюх крыніц паходжання. Напрыклад, падчас цяжарнасці блізнят адзін з іх часам можа паглынаць іншага, і канчатковы індывід у такім выпадку будзе складацца з клетак з рознымі геномамі.

На працягу некалькі дзесяцігоддзяў навукоўцы рабілі эксперыменты па стварэнні міжвідавых хімер, часткі цела якіх належалі б розным жывёлам. Але нядаўна ў выданні Cell з’явіўся артыкул, які распввядае пра спробы пашырыць гэтыя эксперыменты на людзей. Кітайскі даследчык Тао Тан і каманда амерыканскіх, кітайскіх і іспанскіх навукоўцаў здолелі стварыць эмбрыёны, якія часткова з’яўляюцца чалавечымі, а часткова — малпінымі, піша The Economist.

Даследчыкі пачалі эксперымент з 132 эмбрыёнаў макакі. Праз шэсць дзён пасля апладнення ў эмбрыёны ўводзіліся пашыраныя плюрыпатэнтныя клеткі чалавека — гэты від клетак можа вырасці ў любыя іншыя клеткі, што ёсць у арганізме. Падчас ранніх этапаў развіцця эмбрыёны сысуноў складаюцца з чатырох тыпаў клетак, і чалавечыя клеткі праніклі ў кожны з іх.

На 15 дзень эксперымента колькасць жывых эмбрыёнаў пачала зніжацца, а на 20 дзень іх увогуле не засталося. Але гэтага часу хапіла, каб пачалася так званая гаструляцыя — працэс, падчас якога з эбрыянальных клетак пачынаюць фарміравацца розныя органы і тканкі. Чалавечым клеткам спатрэбілася больш часу, чым малпіным, каб дасягнуць гэтага этапу, але, тым не менш, у іх усё атрымалася.

Навукоўцы спадзяюцца, што эксперымент можа дапамагчы ў вырашэнні дзвюх задач. Першая з іх — патлумачыць недакладнасці ў складаным працэсе эмбрыянальнага развіцця, што пазней магло б падказаць шлях да лячэння некаторых прыроджаных хвароб. Выкарыстанне хімер дазволіла б пазбегнуць этычных цяжкасцей, звязаных з эксперыментамі на чалавечых эмбрыёнах.

Таксама ёсць надзея, што хімерныя жывёлы калі-небудзь зрабіліся б крыніцай органаў для перасадкі хворым. У 2017 годзе японскія навукоўцы прадэманстравалі, як гэта магло б працаваць. Яны перасадзілі часткі падстраўнікавай залозы, якія былі вырашчаныя ўнутры гібрыда мышы і пацука, у мыш з дыябетам, пасля чаго дыябет у мышы знік. Але пакуль няясна, як перанесці гэты прынцып на людзей, бо эксперыменты з чалавечымі хімерамі — вельмі спрэчная з боку этыкі рэч. У ЗША, напрыклад, забаронена фінансаванне такой працы з федэральнага бюджэта.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?