Выканальнікі двух асноўных роляў таксама прэтэндуюць на статуэткі — канечне ж, надзвычайны ў гэтым сюжэце Энтані Хопкінс, а таксама Алівія Колман, што сыграла яго дачку. Прэмію можа атрымаць і Фларыян Зэлер, праўда, не ў якасці рэжысёра, а ў больш для сябе звычайнай сцэнарнай справе.

У Зэлера, французскага драматурга, пісьменніка і сцэнарыста, «Бацька» спачатку паўстаў як тэатральная п’еса — яна атрымала шэраг увасабленняў, адзнак і прэмій у Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША, а ў выніку была адаптаваная пад вялікі экран.

Адаптацыяй заняўся сам аўтар, ён жа стаў рэжысёрам фільма і такім чынам дэбютаваў у вялікім кіно. Уласна за «найлепшы адаптаваны сцэнарый» Зэлер і намінаваны на «Оскар». Дэбют француза ўжо выглядае надзвычай паспяховым: зорны акцёрскі дуэт, прэм’ера на кінафестывалі «Сандэнс» і шэраг намінацый на «Оскар» — карацей, не абы-што.

Усё пачынаецца з таго, што Эн прыбягае ў шыкоўную, стылёвую, прасторную лонданскую кватэру да бацькі, каб разабрацца, чаму ён прагнаў чарговую сядзелку. І тут жа паведамляе пра свой хуткі пераезд у Парыж, а гэта значыць, трэба неяк разабрацца з яго далейшым спосабам жыць без штодзённай дапамогі дачкі.

І гэта хіба самы «свядомы» эпізод фільма і для персанажаў, і для гледачоў, бо яшчэ можна падумаць, што мы маем справу проста са сварлівым дзядулем, які хоча ўвагі. Але пасля ўсё ляціць у прорву, супярэчыць адно аднаму і пераўтвараецца ў лабірынт каварнай, але кінематаграфічна захапляльнай, прынамсі ў гэтым выпадку, хваробы. І той эпізод ужо згадваецца першымі «званочкамі»: згубленым гадзіннікам, пытаннем пра сястру Эн і мілай дзіцячай капрызнасцю.

Раптам у кватэры Энтані — персанажа завуць як і акцёра, — аказваецца незнаёмы мужчына, і, што дзіўна, ён адчувае сябе як дома. Потым галоўнага героя агаломшваюць тым, што гэта не яго кватэра. Потым прыходзіць дачка, але выглядае яна так, быццам не дачка. Потым былая Эн вяртаецца. Потым побач з ёй аказваецца такі ж нахабны, але іншага выгляду мужчына. То ў яе ёсць муж, то яна развялася з ім дзесяць гадоў таму.

Паслядоўнасць падзей парушаецца, персанажы блытаюцца, мы то скачам уперад, то вяртаемся назад, то паўтараем адно і тое ж. А Энтані ў гэтым раскіданым пазле ўвесь час адкрывае нейкую новую рэальнасць і дазбірае дэталі — альбо са знарочыстай бравадай, альбо з вачыма па пяць капеек ад таго, што сённяшні свет татальна не супадае з тым, якім ён быў учора.

На нешта базавае — маўляў, вось ён жыве ў сваёй кватэры і дачка нейкім чынам жыве з ім — Энтані ледзь не кожны раз прыходзіцца нарошчваць новыя факты пра ўласнае жыццё і часам яны адзін аднаму супярэчаць.

Амаль усё ў фільме — некаторая яго частка аддадзена дачцэ — мы бачым з пункту гледжання Энтані, уласна за кошт гэтага карціна і захоўвае сваю хітравырабленую форму.

А каб яе і свет галоўнага героя неяк абазначыць, тут часта з'яўляецца метафара згубленага наручнага гадзінніка: бацька ўвесь час хавае яго ў сваіх тайніках і забывае, а значыць, губляе і сам час, які сапраўды іграе ў фільме ў досыць закавырыстыя гульні.

Асобнай рэжысёрскай знаходкай, якая галоўным чынам дэманструе свядомасць Энтані і блытае гледача, тут становіцца змена і адначасовая нязмена інтэр’ераў. Дзеянне фільма разварочваецца ў трох розных месцах пражывання, але ўсе яны альбо пераклікаюцца, альбо папросту зліваюцца адно з адным. І толькі некаторыя намёкі, несупадзенні, блікі падказваюць нам, што нешта тут нячыста і што мы нейкім чынам некуды пераскочылі, нешта прапусцілі, прайшлі праз нейкі нябачны партал. Зрэшты, і сам Энтані час ад часу заўважае недакладнасці, але толькі ў дробязях — маштабныя змены ў наваколлі часта не змяняюць яго ўпэўненасці ў тым, што ён па-ранейшаму жыве ў сваёй кватэры.

Хопкінс у гэтай карціне — надзвычайны, разнастайны і кранальны. У 83 гады, калі ўжо здавалася, што яго галоўнымі трыумфамі з’яўляюцца ролікі ў твітары, ён дадаў у сваю фільмаграфію яшчэ адну вызначальную ролю. Дарэчы, твітар акцёра паказвае, што, у адрозненне ад свайго персанажа ў «Бацьку», Хопкінс яшчэ ого-го.

А сумная, трывожная, але цёплая і ўсмешлівая Эн у выкананні Алівіі Колман, хоць і адцягвае на сябе няшмат увагі, тым не менш паспявае абазначыць асабістае гора, у якім спрабуе змагацца з незваротнасцю, а тая яе, канешне, перамагае.

У выніку мы ходзім-бродзім па тым «трылерскім» увасабленні фільма, збіраем дэталі пазла, разбіраемся ў недамоўках — і складваем усё ў адно ў папросту ўзрушальным апафеозе. У ім Энтані раптам адчувае сябе вельмі адзінокім і абазначае шчымлівую драму, што перакрывае сабой у «Бацьку» ўсё астатняе.

Фільм будзе паказвацца на вялікім экране да 12 мая. Пераможцы прэміі «Оскар» стануць вядомыя ў ноч з 25 на 26 красавіка.

Чытайце таксама:

Галівудскае карэйскае кіно: на вялікі экран выйшаў прэтэндэнт на шэсць «Оскараў»

Вестэрн, дзе зямлю не асвойваюць, а кідаюць. Рэцэнзія на «Зямлю качэўнікаў», што ўжо лічыцца фаварытам «Оскара»

«Крот» у доме састарэлых, лакдаўн ва Ухані, падземны шпіталь у Сірыі: пяць дакументальных прэтэндэнтаў на «Оскар» пакажуць у Мінску

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?