Фота pixabay.com

У асноўным івермектын ужываюць для лячэння такіх хвароб, як кароста. Гэты прэпарат таксама выкарыстоўваецца ў барацьбе з малярыяй і вошамі, прычым спачатку яго ўжывалі ў ветэрынарнай медыцыне. У свой час івермектын моцна дапамог у барацьбе з паразітарным захворваннем онхацаркоз, якое было сапраўдным бедствам для Заходняй Афрыкі, распавядае Le Monde.

Дзве еўрапейскія краіны — Славакія і Чэхія — ужо далі дазвол на часовае выкарыстанне івермектына для лячэння кавіду. Але некаторыя паўднёваамерыканскія і паўднёваафрыканскія краіны таксама ўжываюць івермектын з гэтымі мэтамі, і ён зрабіўся папулярным сярод насельніцтва. У некаторых індыйскіх штатах яго таксама выкарыстоўваюць.

Аўстралійскае даследаванне, праведзенае ў красавіку мінулага года, паказвае, што івермектын у лабараторных умовах стрымлівае вірус SARS-CoV-2. Увесну мінулага года яшчэ адно даследаванне на гэтую тэму было зроблена ў Францыі. Пацыентам інтэрната для састарэлых у дэпартаменце Сена і Марна ў той час давалі івермектын як лекі супраць каросты. Пазней высветлілася, што сярод тых, хто атрымаў прэпарат, было менш інфікаваных каранавірусам.

Былі і іншыя працы навукоўцаў наконт эфектыўнасці івермектына, але пакуль што інфармацыі не хапае для канчатковых высноў. Большая частка даследаванняў, якія прыводзяць прыхільнікі прэпарата, з’яўляюцца папярэднімі і патрабуюць праверкі. З клінічнымі выпрабаваннямі івермектына таксама звязана шмат праблем: занадта мала даследаванняў праз выпадковую выбарку, не хапае аб’ектыўных і вымерных крытэрыяў і гэтак далей. У дадатак падчас некаторых іспытаў выкарыстоўваліся нашмат большыя дозы прэпарата, чым дазволена прымаць людзям.

СААЗ пакуль што насцярожана ставіцца да івермектына і рэкамендуе пазбягаць яго масавага выкарыстання ў барацьбе з кавідам, пакуль не з’явіцца новая інфармацыя. Еўрапейскае агенцтва лекаў таксама рэкамендуе пакуль што ўжываць івермектын толькі для клінічных выпрабаванняў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?