Фота Надзеі Бужан

Даследаванне, апублікаванае ў Брытанскім часопісе спартыўнай медыцыны (British Journal of Sports Medicine), складаецца з аналізу звестак 50 тысяч дарослых, якія перахварэлі на кавід. Навукоўцы выявілі, што тыя, хто прысвячаў прынамсі 150 хвілін на тыдзень фізічнай актыўнасці, мелі значна меншую смяротнасць ад кавіду і радзей мелі патрэбу ў шпіталізацыі.

Фізічная актыўнасць паляпшае імунную функцыю, узмацняе лёгкія і сардэчна-сасудзістую сістэму, а таксама паляпшае псіхічнае здароўе. Дзякуючы гэтым перавагам спорту змяншаецца цяжкасць сімптомаў каранавіруса, піша CNN.

Каб дасягаць 150-хвіліннай актыўнасці штотыдзень, неабходна вылучаць хаця б 22 хвіліны на спорт штодня. З дапамогай правільных стратэгій гэтай штодзённай мэты можна дасягнуць без парушэння звыклага ладу жыцця.

Вось пяць практычных парад, якія дапамогуць вылучаць 22 хвіліны на фізічную нагрузку штодня:

1. Рэгулярна адпраўляйцеся на прагулку.

Прагулка — самы даступны від фізічнай актыўнасці.

Хутчэй за ўсё хадзьба прысутнічае ў вашым штодзённым графіку. Аднак паспрабуйце дадаць дзесяць ці пятнаццаць хвілін да вашай звычайнай нормы, каб павялічыць фізічную актыўнасць за дзень.

Таксама можна сумяшчаць прагулкі з заняткамі, якія вам падабаюцца і якія б вы хацелі рабіць часцей. Напрыклад, размаўляць з сябрам па тэлефоне або слухаць музыку, падкасты ці аўдыякнігі. Калі дадаць да прагулак любімы занятак, хадзьба яшчэ прасцей упішацца ў ваш штодзённы графік.

2. Практыкуйце кароткія ўсплёскі актыўнасці

Неабавязкова трэніравацца 22 хвіліны запар. Можна разбіць гэты час на тыя прамежкі часу, якія падыходзяць вам больш за ўсё.

З сядзячым ладам жыцця 20-хвілінныя трэніроўкі могуць напачатку выклікаць складанасці. Таму можна разбіць практыкаванні на восем падыходаў, а штогадзіны вылучаць на іх усяго толькі тры хвіліны.

3. У доўгіх трэніроўках няма патрэбы

Існуе меркаванне, што, каб падтрымліваць добрую фізічную форму, неабходна штодня вылучаць прынамсі гадзіну на спорт. Аднак нядаўнія даследаванні паказалі, што 22 хвіліны на дзень — дастаткова, каб быць у тонусе.

Эфектыўны і здаровы для сэрца спосаб атрымаць штодзённую норму фізічнай актыўнасці — хуткая інтэрвальная трэніроўка, якая можа ўключаць у сябе базавыя практыкаванні накшталт прысяданняў, адцісканняў і скачкоў.

4. Вяртайцеся да гульняў

Валейбол, футбол, баскетбол і іншыя гульні, якія прыносяць вам асалоду, дадуць неабходную фізічную актыўнасць у ваша жыццё.

Калі ў вас ёсць дзеці, то можна практыкавацца разам з імі. Любыя дзіцячыя класічныя гульні на свежым паветры дадуць вашаму арганізму неабходную фізічную нагрузку.

5. Адсочвайце сваю актыўнасць

Існуе шмат розных тэхналогій і мабільных дадаткаў, якія дапамагаюць адсочваць фізічную актыўнасць. Фітнэс-трэкеры дапамогуць вам адсочваць прагрэс і заставацца на правільным шляху ў дасягненні сваёй мэты. Больш за тое, вы заўсёды будзеце ведаць, ці дастаткова ваш арганізм атрымаў фізічнай нагрузкі за дзень.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?