Да зьняволенага старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ, не дапусьцілі адваката. Прычынаў не назвалі. Пра гэта паведаміў зяць палітыка Зьміцер Антончык. Ён кажа, што адвакату паабяцалі паведаміць, калі ён зможа сустрэцца з кліентам, піша Радыё Свабода.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка. Позна ўвечары дачцэ палітыка паведамілі, што яго падазраюць па крымінальнай справе і што ён у Менску.

На наступны дзень затрымалі на некалькі гадзін і Зьмітра Антончыка. У ягонай прысутнасьці сілавікі правялі ператрус на лецішчы. З тлумачэньня супрацоўнікаў Зьміцер зразумеў, што Рыгора Кастусёва падазраюць у дзеяньнях, скіраваных на захоп улады. На лецішчы забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі, страйкбольны аўтамат.

13 красавіка Камітэт дзяржаўнай бясьпекі паведаміў пра затрыманьне Кастусёва «ў рамках расьсьледаваньня распачатай крымінальнай справы паводле артыкула 108 КПК Рэспублікі Беларусь па непасрэдным падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства». У паведамленьні гаварылася і пра зьняволеньне літаратара і палітоляга Аляксандра Фядуты. Той зьнік у Маскве.

13 красавіка Свабодзе стала вядома пра затрыманьне ў Маскве і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША. Паводле ягонай жонкі, ён цяпер у Беларусі ў СІЗА КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0