Эксперыментальнае лячэнне значна палепшыла стан двух пацыентаў з ракам мозга на апошняй стадыі. У адным выпадку смяротная пухліна знікла. Брытанскія дактары папярэджваюць, што вынікі пакуль папярэднія, але такая станоўчая рэакцыя на лячэнне — рэдкі выпадак, паведамляе The Guardian. 

Дактары з Інстытута анкалогіі і Каралеўскай бальніцы Марсдэн правялі першую фазу клінічных выпрабаванняў тэрапіі Ice-Cap. У лячэнні ўзялі ўдзел дзесяць пацыентаў з гліябластомай — найбольш распаўсюджанай і агрэсіўнай формай раку.

Усе пацыенты атрымлівалі імунатэрапеўтычны прэпарат атэзалізумаб (atezolizumab) у спалучэнні з іпатасертыбам (ipatasertib) — эксперыментальнымі лекамі, якія робяць ракавыя клеткі бачнымі для імуннай сістэмы.

Большасць удзельнікаў мела пухліну з дэфектамі ў гене Pten. Іпатасертыб блакуе малекулу Akt, якую для росту і пашырэння выкарыстоўваюць тыя тыпы раку, дзе не працуе ген Pten. Гэта тлумачыць, чаму пацыенты з дэфектамі Pten лепш за астатніх рэагуюць на эксперыментальнае лячэнне.

У аднаго з пацыентаў пухліна ў мозгу знікла са здымкаў і не з’яўляецца ўжо на працягу 20 месяцаў.

«Рак мозга можа хавацца ад імуннай сістэмы складанымі шляхамі, таму да гэтага часу імунатэрапія не працавала, — адзначае кіраўнік даследавання. — Аднак прымяненне іпатасертыбу паказала, што рак мозга можа станавіцца ўразлівым. Гэта даследаванне дае штуршок наступным распрацоўкам, якія могуць стаць рэвалюцыйнымі ў лячэнні гліябластомы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0