Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Згодна з працай Інстытута даследавання раку ў Лондане, калі гэтыя хімічныя рэчывы ўводзяцца ў пухліну перад радыетэрапіяй, яны павялічваюць эфектыўнасць лячэння.

Размова ідзе пра спалучэнне пераксіду вадароду, які выкарыстоўваюць для выбельвання валасоў, і гіялуронавай кіслаты — вядомага сродку для ўвільгатнення скуры. У першай фазе выпрабаванняў гэтыя рэчывы ўводзілі 12 пацыентам 2 разы на тыдзень за гадзіну да тэрапіі.

Праз год стан 92% пацыентаў палепшаў: іх пухліны цалкам зніклі, зменшыліся ў памеры або не выраслі. У выпадку са звычайнай радыетэрапіяй колькасць падобных выпадкаў складае 60-65%, піша Daily Mail.

Пераксід вадароду — гэта таннае хімічнае рэчыва, якое пры лячэнні можа выклікаць працэс смерці клетак, які называецца апаптоз, і такім чынам дапамагчы ў барацьбе з ракам.

Таму гэта вельмі выгадны сродак лячэння. Брытанскія навукоўцы падлічылі, што поўны курс такой тэрапіі будзе каштаваць менш за 2800 даляраў.

Цяпер колькасць шпіталяў, што ўдзельнічаюць у даследаванні, павялічылі з аднаго да пяці, а да ўдзелу ў іх запрасілі новых пацыентаў. Калі і ў гэты раз пераксід вадароду і гіялуронавая кіслата добра спрацуюць, можна будзе спадзявацца, што гэтыя рэчывы дапамогуць і ў барацьбе з іншымі відамі раку, пры якіх выкарыстоўваецца радыетэрапія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?