Расійскі спявак Алег Газманаў лічыць «Славянскі базар у Віцебску» адным з найлепшых фестываляў у свеце, паведамляе СТБ.

«Я лічу, што «Славянскі базар» — гэта адзін з найлепшых фестываляў у свеце. Сама пляцоўка «Славянскага базару» такая класная», — сказаў Алег Газманаў.

Гаворачы аб закліках да выканаўцаў не прыязджаць на фестываль у Віцебск, якія паступаюць ад беларусаў, Алег Газманаў заўважыў, што «як правіла, паток хейту не паказвае, колькі рэальна людзей супраць таго, каб я прыехаў». «Працуюць боты, працуе цэлая армія. Прычым у асноўным з-за мяжы», — сказаў ён.

Нагадаем, раней наконт «Базару» выказаліся комік Міхаіл Галусцян і спявак Аляксандр Іваноў. Яны выказалі салідарнасць з беларусамі і заявілі, што іх уключылі ў спіс удзельнікаў без іх ведама. Яны ў Віцебск не прыедуць, як і рэпер Homie, які адмовіўся ад запрашэння. Адмовілася ад выступу і ўкраінская спявачка Maruv.

За выступы расійскіх зорак арганізатары фестывалю плацяць вялікія грошы, у той жа час дзясяткі беларускіх гуртоў знаходзяцца ў «чорных спісах» і не могуць даваць канцэртаў у сваёй краіне.

У Інстаграме ў зваротах да артыстаў, запрошаных у Віцебск, людзі расказваюць пра масавыя фальсіфікацыі, арышты і катаванні.

Раней у выніку зваротаў да артыстаў беларусы вымусілі лукашэнкаўцаў адмяніць агітацыйныя канцэрты напярэдадні выбараў, практычна ўсе замежныя зоркі адмовіліся ехаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1