Праваабаронцы працягвалі адсочваць адвольныя затрыманні мірных пратэстоўцаў і судовыя працэсамі па адміністрацыйных справах над імі ў сакавіку 2021 года.

За мінулы месяц зафіксавана 1139 затрыманняў па палітычных матывах, з іх у Мінску — 841. У рэгіёнах больш за ўсё затрымлівалі ў Брэсцкай вобласці — не менш за 76 выпадкаў. 

Напярэдадні Дня Волі ў гарадах Беларусі прайшлі масавыя прэвентыўныя затрыманні актывістаў. 25 сакавіка гэтыя затрыманні таксама адбываліся на працягу дня ў розных гарадах. «Вясне» вядома пра затрыманне 175 чалавек у гэты дзень ў Мінску і больш як 75 чалавек у рэгіёнах.

Яшчэ каля 250 чалавек былі затрыманыя 27 сакавіка: у Мінску была анансаваная акцыя пратэсту ў раёне плошчы Бангалор на 14.00. 

Вядома таксама пра 36 затрыманняў журналістаў.

За сакавік судамі было разгледжана больш за 490 адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадскіх актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў.

У выніку суддзямі прызначаны 395 адміністрацыйных арыштаў на тэрмін ад 3 да 30 сутак і 82 штрафы памерам ад 2 да 200 базавых велічынь. 

Пры гэтым найчасцей суды выносілі 15-суткавыя арышты — 270 выпадкаў, таксама прымянялі новыя нормы КаАП на практыцы і не менш як 32 чалавекі былі адпраўленыя за краты на 30 сутак. 

Агульная колькасць вынесеных сутак для затрыманых склала 6472. 

Не менш як 32 чалавекі былі аштрафаваныя на 30 базавых велічынь (870 рублёў). Штраф у памеры 100 базавых велічынь (2900 рублёў) атрымалі 8 затрыманых, а яшчэ адзін чалавек быў асуджаны да штрафу ў 200 базавых велічынь (5800 рублёў). 

Сума ўсіх прызначаных судамі штрафаў за сакавік склала 120 901 рубель.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0