Аляксей Храловіч. Скрыншот з відэа АНТ

Аляксей Храловіч. Скрыншот з відэа АНТ

«Усе жартуюць пра ўчарашняе спецрасследаванне АНТ, тыпу апраўдваюць шматмесячнай спецаперацыяй свае правалы са злітымі праслухоўкамі і масандрай, — піша ў сваім тэлеграм-канале аналітык Арцём Шрайбман. — Мне здалося, што гэта глыбока другасны момант. Аўдыторыя госТБ усё роўна не моцна перажывала пра злівы, а прыхільнікі пратэсту чакана не паверылі ў гэтыя шматхадоўкі задняй датай».

На думку аналітыка, «галоўным у гэтым «расследаванні» было тое, што яно само было 60-хвіліннай псіхалагічнай аперацыяй контрразведкі.

Чырвонай ніткай праз увесь фільм ішоў мэсэдж на адрас сілавікоў — калі здрадзіце нам, вас кіне гэты польскі пацан, а ў нас вы, як гэты капітан з генштаба, будзеце плакаць пад камеру і чакаць сваіх 20 гадоў за здраду дзяржаве».

Капітан Дзяніс Урад. Скрыншот з тэлеканала АНТ

Капітан Дзяніс Урад. Скрыншот з тэлеканала АНТ

«Калі кіраўніцтва сілавога блока вымушана ісці і займаць гадзіну прайм-тайма на АНТ, каб папрацаваць з лаяльнасцю супрацоўнікаў, не ўсё так гладка ў Дацкім каралеўстве, а ўнутраныя стымулы — як пугі, так і пернікі — дрэнна працуюць. Даводзіцца палохаць публічна», — мяркуе Шрайбман.

Аналітык таксама адзначае, што «ў эфір пусцілі рэвеляцыі апазіцыйнага экс-спецназаўца Макара пра яго сувязі з ФСБ. Не бяруся судзіць, што гэта было: ці пантаваўся Макар, каб атрымаць ад суразмоўцы нейкія злівы, ці гэта праўда (і тады гэта тоўсты чырвоны сцяг для ўсёй дыяспары, якая з ім яшчэ мае зносіны). Але цікава, што Мінск вырашыў зліць гэта ў публічнае поле. Гэта да пытання аб усепагодным братэрстве і даверы ў Саюзнай дзяржаве», — іранізуе аналітык.

Нагадаем, што ўчора на тэлеканале АНТ выйшаў фільм «Манкурты». З яго вынікае, што аўдыя скандальных размоў, якія пралівалі святло на абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі, перадаў для публікацыі ў інтэрнэце падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч.

Калі апусціць мастацкія прыёмы і дэталі, сапраўднасць якіх сумнеўная, то можа скласціся ўяўленне, як у рэальнасці разгортваліся падзеі пасля смерці Рамана Бандарэнкі і апублікаваных у сувязі з гэтым размоваў высокапастаўленых асоб. 

Імаверна, падпалкоўнік Аляксей Храловіч выгрузіў перамовы ўсім вядомых асоб з выкарыстаннем службовых магчымасцяў. Гэтыя запісы ён перадаў Сцяпану Пуцілу, той іх апублікаваў у тэлеграм-канале.

Храловіч, імаверна, меркаваў, што вылічыць крыніцу зліву немагчыма. Але Храловіча вылічылі.

Аляксей Храловіч. Скрыншот з відэа АНТ

Аляксей Храловіч. Скрыншот з відэа АНТ

Выглядае, што далей сітуацыя развівалася так: Храловічу прапанавалі паўдзельнічаць у аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуцыі з Беларусі асоб, звязаных з рухам за грамадзянскія правы і свабодныя выбары, якім пагражае небяспека. 

Сцвярджаецца, што Храловіч ізноў выйшаў на сувязь з Пуцілам і прапанаваў таму нейкую новую «сакрэтную» інфармацыю, але ў абмен на бяспечны вываз з краіны.

Пуціла, сцвярджаецца, спачатку прасіў за гэта грошы, а потым «перадаў» пытанне Храловіча Ігару Макару, які і арганізаваў афіцэру КДБ вываз, пры гэтым выканаўцы вывазу былі затрыманыя.

Сярод таварышаў Макара, якія мелі арганізаваць выезд, згадваецца Вячаслаў Сідаракін, ветэран «Алмаза», які раптоўна знайшоўся ў СІЗА КДБ. 

Што да тэлефонных размоў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі, то ў фільме сцвярджаецца, што яны былі следчым эксперыментам, інсцэніроўкай — у прыватнасці, з памочнікам Лукашэнкі Мікалаем Латышонкам, а таксама з Дзмітрыем Баскавым. А што з размовай Баскава з Дзмітрыем Шакутам? Адказу ў фільме няма.

Дастатковых доказаў для версіі інсцэніроўкі не прыводзіцца. Але самае галоўнае — нашто трэба была інсцэніроўка менавіта гэтых размоў?

Сцяпан Пуціла і Ігар Макар пакуль ніяк не пракаментавалі фільм і не расказалі сваёй версіі падзей.

Няма і інфармацыі ад адваката і сям'і затрыманага. У фільме гаворыцца, што Храловіча абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Але, паколькі невядома, каму менавіта і што ён перадаў, то немагчыма сказаць, ці гэтае абвінавачванне дойдзе да суда. Калі гаворка толькі пра тэлефонныя размовы, датычныя гібелі Рамана Бандарэнкі, якія праліваюць святло на абставіны злачынства, то наўрад ці гэта можа кваліфікавацца як «здрада радзіме».

Адначасова было паведамлена, што арыштаваны афіцэр Генштаба Дзяніс Урад, які перадаў для публікацыі ў інтэрнэце планы сілавікоў на Дзень Волі.

Як паведаміў тэлеканал АНТ, капітан Урад 14 сакавіка на дзяжурстве на пасту спецсувязі Генштаба сфатаграфаваў сакрэтнае пісьмо ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны — можна меркаваць, што гэта дакумент аб ахове сілавых будынкаў на 25 Сакавіка.

Тэлеканал паведамляе, што копію дакумента афіцэр «адправіў польскаму тэлеграм-каналу».

Так дзяржаўныя СМІ называюць тэлеграм-канал, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.

Тэлеканал не паведаміў, якім чынам беларускія спецслужбы выявілі крыніцу гэтай інфармацыі. Магчыма, дадзены тэлеграм-канал апублікаваў дакумент цалкам, а доступ да яго мела абмежаванае кола людзей, што палегчыла выяўленне аўтара.

Раней за мяжу выехаў высокапастаўлены афіцэр ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, які перадаў «БайПолу» вялікі масіў інфармацыі, у тым ліку аўдыязапісы. Лупаносаў паведаміў, што ў цэнтральным апараце МУС каля 400 чалавек паставілі подпісы за Віктара Бабарыку.

Паводле інфармацыі АНТ, супраць капітана Урада заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб здрадзе радзіме, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0