Асноўная вакцына — «Спутнік V» («Гам-КАВІД-ВАК») расійскай вытворчасці. Сёння Мінздароўя ўжо анансавала, што «Белмедпрэпараты» пачалі прамысловы выпуск расійскай вакцыны супраць каранавіруса, а менавіта — разліванне першых серый. Акрамя таго, у лютым Беларусь атрымала сто тысяч доз кітайскай вакцыны ад кампаніі Sinopharm.

Распыталі беларусаў, якія прышчапіліся, пра рэакцыю арганізма на расійскую вакцыну і прычыны, па якіх яны добраахвотна пайшлі на вакцынацыю ў першых шэрагах.

Вакцынацыю «Спутнікам V» праводзяць у два этапы: спачатку ўводзяць першы кампанент (0,5 мл), а на 21-ы дзень — другі кампанент у такой самай дозе. Для правядзення вакцынацыі ёсць цэлы спіс супрацьпаказанняў: напрыклад, вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні, абвастрэнне хранічных захворванняў, цяжарнасць, перыяд груднога кармлення і інш.

Наталля, супрацоўніца дзіцячага садка, 42 гады:

— У маёй сям'і на каранавірус хварэў брат. Тры тыдні ён правёў на самаізаляцыі, вельмі дрэнна сябе адчуваў. Наступствы ёсць дагэтуль. Я вырашыла, што не магу сабе дазволіць так доўга хварэць, таму і вырашыла прышчапіцца.

Першую прышчэпку зрабілі 3 лютага.

Было трохі страшна, бо ўсё ўпершыню, у тэставым рэжыме.

Працэс увядзення вакцыны заняў секунды тры. Я адчула сам укол, а як уводзіўся прэпарат — ужо не. 30 хвілін пасля нас папрасілі нікуды не сыходзіць. Толькі пасля таго як медсястра пераканалася, што ўсе мы добра сябе адчуваем, дазволілі сысці.

Да 22.00 зусім ніякіх наступстваў не назіралася. Бліжэй да 23.00 з'явіліся дрыжыкі, павялічылася тэмпература. Я выпіла абязбольнае — практычна праз гадзіну ўсе сімптомы мінулі. На наступны дзень тэмпературы ўжо не было. Адзіная нязручнасць: некалькі дзён пасля прышчэпкі моцна балела месца ўколу.

Пасля другой прышчэпкі тэмпературы і дрыжыкаў ужо не назіралася. Важна было не захварэць цягам трох тыдняў, пакуль не выпрацуецца імунітэт. На цяперашні момант адчуваю сябе добра. Хочацца верыць, што ў арганізме з'явіліся антыцелы, і мае лёгкія ў бяспецы.

Алег, доктар-тэрапеўт, 36 гадоў

— Нягледзячы на тое што працую з хворымі на каранавірусную інфекцыю, сам яшчэ не хварэў. Праўда, у лістападзе былі сімптомы ВРВІ, але дыягназ COVID-19 не пацвердзіўся. Працуючы ў аддзяленні, сустракаўся з рознымі пацыентамі. Асабліва балюча ўсведамляць, калі паступае хворы і ты ўжо разумееш, што наўрад ці яму дапаможаш. Пры тым што ў іншы час, пры іншых абставінах гэты чалавек мог бы жыць яшчэ доўга і шчасліва. Таму сумневаў з нагоды вакцынацыі ў мяне асабіста не было. Перад прышчэпкай абследаванне на наяўнасць антыцелаў не рабіў.

15 сакавіка пасля папярэдняга агляду мне ўвялі адзін кампанент расійскай вакцыны Гам-КАВІД-ВАК. Наўпрост падчас уколу ніякіх балючых адчуванняў не было, але цягам сутак з'явіўся лёгкі боль у руцэ, які прайшоў цягам наступных 24 гадзін.

Другая прышчэпка будзе ўжо на пачатку красавіка. У перапынку між імі імкнуся выконваць усе меры прафілактыкі, асабліва пры наведанні грамадскіх месцаў: абавязкова выкарыстоўваю маску, старанна і неаднаразова апрацоўваю рукі антысептыкам, пазбягаю блізкага камунікавання з тымі, хто кашляе і не носіць масак.

Валянціна, доктар-эпідэміёлаг, 53 гады

— Першую прышчэпку мне зрабілі 3 лютага. Калі шчыра, перад паходам да доктара панервавалася: усё ж вакцына новая, не да канца выпрабаваная. Але ў прынцыпе я заўсёды прышчапляюся. На мой пагляд, вакцынацыя — гэта адзіная эфектыўная прафілактычная мера, і неразумна ёй не скарыстацца

Нейкіх балючых адчуванняў ад уколу не было. Пасля 30 хвілін медычнага назірання я працягнула займацца працоўнымі пытаннямі. А вось на наступны дзень ужо адчувала нейкую разбітасць і рассеянасць. У руцэ назіраўся невялікі цяжар і ныючы боль, які пратрымаўся каля тыдня. У сувязі з гэтым, я б раіла ўсім, хто толькі збіраецца рабіць прышчэпку, абіраць для яе руку, на якой вы не спіце.

Другі ўкол быў прызначаны на 24 лютага. Паміж прышчэпкамі я, вядома, імкнулася не захварэць (насіла маску, імкнулася абмежаваць кантакты). Найперш таму, што хацелася скончыць імунізацыю. У дзень імунізацыі зноў пачувалася добра, але ўначы часта прачыналася ад ламоты ў паясніцы. Раніцай вырашыла пракантраляваць тэмпературу — на градусніку было 37,3°. Але ўжо праз гадзіну тэмпература нармалізавалася. Боль у месцы ўколу па інтэнсіўнасці быў такі самы, як і першым разам, але пратрымаўся ўсяго два дні.

Для мяне прышчэпка — надзея, што хвароба абыдзе бокам. Тым больш калі прагназуецца трэцяя хваля. Страх як не люблю лячыцца, хадзіць па дактарах. А яшчэ страшна страціць здольнасць саму сябе абслугоўваць.

Галіна, выхавацелька дзіцячага садка, 46 гадоў

— Раз я працую выхавальніцай, то маю шырокі кантакт з рознымі людзьмі — ад дзяцей да іх бацькоў. У нашым садку ўжо былі выпадкі захворвання, але асабіста ў мяне ніякіх сімптомаў хваробы не было.

Тэстаў на антыцелы таксама не здавала. Доктарка пры аглядзе сказала, што, нават калі і перахварэў бессімптомна, то прышчэпка таксама не супрацьпаказаная. Ніякіх недамаганняў. Перад прышчэпкамі і паміж імі паводзіла сябе як звычайна: ніякіх спецыяльных мер не выконвала. Праўда, медсястра сказала не мачыць месца ін'екцыі цягам пары дзён — вось гэта выканала.

Пакуль у нашым садку я прышчэпленая адна, але ганаруся сабой, што, нягледзячы на скепсіс атачэння, прышчапілася і цяпер у мяне ёсць хоць нейкая абарона.

Людміла, супрацоўніца цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, 52 гады

— Вясной мінулага года я цяжка хварэла: у мяне была страшная задышка, ляжала ў шпіталі, але на каранавірусную інфекцыю мяне не абследавалі. Калі ў лістападзе зноў злягла з пнеўманіяй, праверылі на наяўнасць антыцелаў, але ў аналізе былі выяўлены толькі імунаглабуліны G. Як мне патлумачылі дактары, гэта азначае, што я, напэўна, перахварэла раней (хутчэй, якраз вясной). У лютым я яшчэ раз праверыла антыцелы, бо чула, што яны пасля хваробы доўга не захоўваюцца. І, праўда: у мяне быў цалкам адмоўны тэст. Менавіта таму, даведаўшыся, што ў наш раённы шпіталь прывезлі вакцыну і, памятаючы, як дрэнна мне было мінулай вясной, я патэлефанавала і запісалася на вакцынацыю.

Я, вядома, перажывала, як перанясу прышчэпку, бо ў мяне, можна сказаць, быў «букет» хранічных захворванняў: і ныркі нездаровыя, і сэрца дурэе, і шчытавідка выдаленая, і праблемы з ціскам. На дзіва, ніякіх праяў пасля ўколу ў мяне не было.

Можа, толькі ў дзень прышчэпкі, з унутранага боку рукі быў нязначны боль.

Другая прышчэпка прызначаная на пачатак красавіка. Спадзяюся, што і яе перанясу лёгка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0