Фёрн у выкананні Макдорманд страціла мужа, а пасля і працу, бо завод па вытворчасці гіпсакартону, на якім трымаўся горад Эмпайр, закрыўся. Тады яна пазбавілася большай часткі маёмасці, узяла фургончык і стала качэўнікам. Уласна ўвесь фільм Фёрн ездзіць са штата ў штат, працуе на сезонных працах, спыняецца ў лагерах для такіх жа, як цяпер і яна, атрымлівае альтэрнатывы і робіць выбары.

Па сутнасці, «Зямля качэўнікаў» — гэта сучасны вестэрн з тымі ж асвойваннем зямель, простым побытам ды карчмой на адзінай гарадской вуліцы, праўда, збудаванні гэтыя закінутыя, а на вуліцах ніхто не жыве.

Рэжысёрка Хлоя Чжаа ўвесь час укручвае знакі мінулага, ажно да дыназаўраў, адсылае да нечага маштабнага кшталту космасу і расцякаецца піетэтам перад прыродай. Абы зрабіць суцэльны пазл з антыподаў звычнаму нам прыземленаму жыццю, якое тут амаль не бачна — толькі зрэдчас з’яўляецца ў выглядзе «нармальных» чалавечых дамоў, што павінны спакусіць Фёрн.

Жанчына даследуе не дзікі Захад, а новы дзіўны свет, дзе асвоеныя некалі тэрыторыі стаяць закінутыя, карпарацыя Amazon прыходзіць на замену заводам, а людзі працуюць ледзь не да апошняга ўздыху. Фёрн жа — ці то збягаючы ад успамінаў пра памерлага мужа, ці то таму што гэтага насамрэч патрабуе яе натура, ці то таму што аўтарам трэба прыгаварыць сыты капіталізм — бярэцца за Злучаныя Штаты як за бездань альтэрнатыўных магчымасцяў. Яна перасоўваецца ад уражання да ўражання, ад прыгожага ўсходу да старажытнага лесу, ад карчомкі з каўбойскімі песнямі да забягалаўкі з бургерамі і бульбай фры.

На гэта яна абменьвае камфортнае жыццё ў горадзе адной з самых тэхналагічна развітых дзяржаў. Рэжысёрка пастаянна намагаецца паказаць нейкія «нягледзячы на»: ложак у фургончыку не дазваляе выпрастацца альбо ахоўнік стукае сказаць, што начной паркоўкі няма, калі Фёрн есць хрусткую курыную ножку.

Увесь гэты дыскамфорт быццам ураўнаважваецца рэгулярнымі лірычнымі адступленнямі, дзе пад узрушальную музыку Фёрн ловіць кайф ад чарговага краявіду, зрэшты, яны тут сапраўды прыгожыя і ты на іх адключаешся, як на рэкламнай паўзе.

Героямі — шэраг качэўнікаў рэальныя, таму гэта часткова дакументальны фільм — спавядаюцца каштоўнасці, пра якія сучаснае грамадства быццам забылася. Адна з жанчын расказвае пра ластавак, якія ляталі вакол яе і ў адлюстраванні ў вадзе здавалася, што яна лятае разам з імі, дык вось, пасля такога моманту, маўляў, можна і паміраць. То-бок не пасля нараджэння дзіцяці ці прафесійнага дасягнення, а ластавак.

Тым часам згадкі пра існаванне ў грамадстве — яны гучаць у манеры, падобнай да інтэрв’ю ў дакументальным кіно, — скрозь звязаныя з болем.

І вандроўнае жыццё ў выніку аказваецца мілейшым, чым мажлівасць схадзіць ва ўтульную прыбіральню, пытанне толькі, яно само па сабе мілейшае ці героі сюды ад нечага збягаюць. 

Між тым свет «Зямлі качэўнікаў» настолькі ж матэрыяльна насычаны, як і наша грамадства дастатку, праўда, амаль усё яго начынне лёгка перасоўваецца ад аднаго чалавека да другога на дармовых раздачах ці распродажах.

У той жа час рэчы тут могуць атрымаць нашмат большае значэнне: сціплая маёмасць Фёрн, талеркі ад дзядулі ці куртка мужа, выглядае быццам скарб Рабінзона Круза. У кожнага прадмета сваё месца, і калі талерка разбіваецца, яна абавязкова склейваецца.

А ў звычайным жыцці, можна падумаць, яе б выкінулі і наўзамен набылі дзесяць новых. Галоўныя аксэсуары тут — камяні, то-бок нешта абавязкова няштучнае, што збіраецца, шануецца і звязвае людзей з «першародным». 

Вядома, асвойванне альтэрнатыўнага вандроўнага жыцця становіцца для галоўнай гераіні і экзістэнцыйным шляхам, на якім яна можа загаіць раны і знайсці сабе прымяненне. Калі спачатку яна то тут, то там хапае новыя эмоцыі, з часам музыка ў забягалаўках становіцца ўсё больш ціхай і неабавязковай, і ўсе гэтыя забавы замяняе стан гармоніі, у якім можна канчаткова развітацца з мінулым.

Прадказальна, калі Фёрн уліваецца ў новае жыццё, яна атрымлівае прапанову жыць не тужыць у доме разам з сімпатычным ёй мужчынам. Тут успамінаецца фільм Кэтрын Бігелоў «Уладар буры», дзе сапёр-падрыўнік рызыкоўна раз’язджае па гарачых кропках і ўвесь час знаходзіцца ў стане вайны. Урэшце ён вяртаецца дадому да нармальнага жыцця. У адной са сцэн мужчына завісае перад поўнымі стэлажамі сухіх сняданкаў у краме. І ў выніку вяртаецца на вайну.

Дакументальна-ігравы вестэрн «Зямля качэўнікаў» — гэта суцэльная ода ўсяму, што супрацьпастаўляецца гораду. Ён так паэтызуе і гераізуе качэўнае жыццё, што толькі брутальная Макдорманд і сцэны, дзе яна сікае ля слупа, не дазваляюць лірыцы пяшчотна разліцца па экране.

На шчасце, гаворка тут можа ісці не толькі пра камфорт і дыскамфорт: фільм амаль без сюжэта, затое рэплікамі, дробнымі эпізодамі і мімікай Макдорманд раскладваецца на некалькі тэматычных пластоў. А галоўны фокус у тым, што хутчэй, чым расказаць гісторыю, карціна перадае ўсе суправаджальныя станы, а для гледача гэта той яшчэ атракцыён.

Праз некалькі дзён Амерыканская кінаакадэмія назаве намінантаў на «Оскар», сярод якіх, імаверна, акажацца і «Зямля качэўнікаў». Лаўрэаты прэміі будуць названыя ў ноч з 25 на 26 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?